Хто прыдумаў словы «дабрабыт», «мілагучны», «самаадчуванне»? Падаецца, яны заўжды былі ў нашай мове. А насамрэч гэтыя словы, як і многія-многія іншыя, прыдумалі канкрэтныя асобы. Як увогуле з’явілася літаратурная беларуская мова? Якія этапы станаўлення яна прайшла? У чым было наватарства беларускіх вучоных пры папаўненні лексікона беларускай мовы? Распавядаем пра гэта ў артыкуле, а таксама пра тое, чаму абсалютна кожны з нас можа спрычыніцца да ўтварэння новых слоў беларускай мовы.
На колькасныя параметры беларускамоўнай супольнасці заўжды ўплывала моўная палітыка дзяржавы і стаўленне да яе ажыццяўлення дзяржаўных устаноў. Вось і сёння з-за неспрыяльных абставін і зацятай русіфікацыі краіны беларускамоўная меншасць знаходзіцца быццам у нейкім гета.
Але не давайце веры тым, хто кажа, што беларуская мова гібее, знікае і памірае. Якраз наадварот, яна дэманструе неабсяжныя магчымасці свайго развіцця, штодзённа папаўняе і пашырае лексічны склад новымі словамі.
У асноўным словаўтваральныя працэсы ўзнікаюць стыхійна, бо з’яўленне новых слоў часцяком абумоўлена грамадскай неабходнасцю абнавіць слоўнікавы склад для адлюстравання з’яў і падзей у грамадстве. Гэтыя словы так і называюцца — неалагізмы, яны могуць шырока выкарыстоўвацца на пэўным этапе, а потым або знікнуць, або застацца ў агульнаўжывальным ужытку і трапіць у слоўнікі.
Напрыклад, слова пэйджар адносна нядаўна ведалі, напэўна, усе. У свой час яно мела ў СМІ аж чатыры разнавіднасці напісання (пэйджар, пэйджэр, пейджар, пейджэр), а зараз пра яго амаль забыліся. Гэта заканамерна, бо ўслед за сацыяльным і тэхнічным прагрэсам няспынна нараджаюцца чарговыя неалагізмы. Сучасная неалагізацыя характарызуецца шматлікімі запазычаннямі з больш распаўсюджаных моў, калькаваннем іншамоўных тэрмінаў, ужываннем міжнародных абрэвіятур. Дарэчы, у 2023 годзе быў надрукаваны «Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы», дзе прадстаўлена найноўшая запазычаная лексіка.
Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы / В. І. Уласевіч, Н. М. Даўгулевіч. — Мінск: Беларусь, 2023
Разам з тым існуе яшчэ адзін прадуктыўны спосаб папоўніць уласныя і грамадскія лексічныя набыткі — свядомае стварэнне новых слоў. Гэта непасрэдна тычыцца беларускай мовы, бо ўзбагачэнне яе слоўніка дасюль адбываецца праз актыўную словатворчасць беларускамоўных носьбітаў. Таму можна ўпэўнена сцвярджаць, што наша мова жывая і не спынілася ў сваім развіцці, а далучыцца да словаўтваральных пошукаў можа літаральна кожны!
На скептычныя ўсмешкі прапануем наступную цытату: «Мова належыць цэлым моўным калектывам (народам, нацыям і г. д.), аднак яе ўжыванне (вуснае і пісьмовае маўленне) заўсёды індывідуальнае. Таму любое выкарыстанне мовы, як вуснай, так і пісьмовай, — гэта своеасаблівая творчасць. Адным з найбольш яркіх праяўленняў моўнай творчасці трэба лічыць словатворчасць, гэта значыць утварэнне слоў як самастойных моўных адзінак, якія маюць намінатыўную функцыю... У вузкім сэнсе словатворчасць — гэта індывідуальны працэс утварэння слоў у любой канкрэтнай сітуацыі маўлення» (энцыклапедыя «Беларуская мова»).
Індывідуальная аўтарская словатворчасць, стварэнне аўтарскіх наватвораў (аказіянальных слоў згодна з мовазнаўчай тэрміналогіяй), дзеецца кожным носьбітам мовы. Самыя ўдалыя наватворы, прыдуманыя культурнай элітай у мастацкіх творах і публіцыстыцы, з цягам часу пачынаюць ужывацца ўсім грамадствам. Але нельга адмаўляць, што некаторыя з такіх слоў былі падслуханы творцамі падчас гутаркі са звычайнымі людзьмі. Як адзначаюць мовазнаўцы, «літаратурная мова прыадчынена для пранікнення ў яе ў пэўных дозах дыялектных і гутарковых элементаў».
Такім чынам, у стварэнні новых слоў так ці інакш удзельнічае любы карыстальнік мовы, нават калі ён не займаецца гэтым спецыяльна. У звязку з гэтым варта нагадаць, што гісторыя беларускай літаратурнай мовы вылучаецца масавым удзелам беларусаў у збіранні і апрацоўцы сваіх моўных багаццяў.
Легендарная газета «Наша ніва» (1906-1915 гг.) праіснавала нейкіх дзесяць гадоў, а карысных вынікаў ад яе дзейнасці хопіць на дзесяць пакаленняў. Па сутнасці, невялічкі рэдакцыйны калектыў заклаў духоўныя падмуркі беларускай нацыі, сфармаваў асновы нацыянальнай гісторыі, культуры і, галоўнае, беларускай мовы.
Рэдакцыя газеты «Наша Ніва» ў Вільні. Крыніца: Вікіпедыя
«Рашаючым у фарміраванні беларускай літаратурнай мовы быў дзесяцігадовы «нашаніўскі» перыяд... За гэты час склаліся асноўныя правапісныя і граматычныя нормы і словаўтваральныя тыпы» (энцыклапедыя «Беларуская мова»).
Карэспандэнты газеты, якія дасылалі лісты ў рэдакцыю з розных мясцовасцей Беларусі, паўплывалі на моўныя ўяўленні пісьменнікаў і публіцыстаў, значна пашырылі іх лексічныя магчымасці. Як успамінаў адзін з рэдактараў Аляксандр Уласаў: «Пачатак беларускай прэсы быў увесь на ахвярах і цяжкай начной працы. Паўтраця году мы з Антонам Луцкевічам пісалі ад вечара да раніцы. Як мы вытрымалі гэту работу, я не разумею. Маладосць, нязломная воля і энтузіязм! Трэба было вырабляць літаратурную мову».
І такая самаахвярная праца ўсяго праз некалькі гадоў нарадзіла самастойную нацыянальную літаратуру беларусаў. У 1911 годзе вядомы расійскі славіст Аляксандр Пагодзін, прафесар Варшаўскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў, падкрэсліў самабытнасць і своеасаблівасць беларускай мовы. Ён прааналізаваў творчасць першых беларускіх паэтаў і зрабіў высновы: «Вершы Лучыны зразумее ўсякі адукаваны рускі чалавек — для разумення Янкі Купалы патрэбна знаёмства з беларускім слоўнікам» (А. Л. Погодин. Белорусские поэты // Вестник Европы. — 1911. — № 1).
Урывак з артыкула Аляксандра Пагодзіна
Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч і іншыя першапраходцы беларускага вершавання XX стагоддзя перапрацоўвалі лексічныя назапашванні народа і тварылі ўжо на больш дасканалай мове. Кузьма Чорны ў нарысе пра Янку Купалу патлумачыў гэта вельмі выразна: «Творачы сваё паэтычнае слова з мовы народнай, паэт узводзіў родную мову ў новую якасць, у якасць мовы літаратурнай. Збіраючы моўны скарб, паэт нават самыя «этнаграфічныя» і «мясцовыя» элементы яго ператвараў у новае гучанне».
Другі этап папаўнення лексічных сродкаў беларускай мовы, шырокага ўдзелу беларусаў у яе абнаўленні адбыўся ў 20-я гады. Да складання агульнанацыянальнага слоўніка былі прыцягнуты ўсе адукаваныя прадстаўнікі грамадства.
У 1925 годзе па культурных і адукацыйных установах колькасцю каля 9 тыс. асобнікаў была разаслана «Інструкцыя па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы». Настаўнікі і краязнаўцы апытвалі жыхароў і запісвалі найбольш цікавыя словы. Дзейнічала нават сістэма аплаты, каб стымуляваць збіральнікаў. Па меркаванні навукоўцаў, «такі калектыўны падыход да падрыхтоўкі лексікона мовы нацыі — з апорай на мясцовую інтэлігенцыю, добраахвотнікаў з розным адукацыйным узроўнем — з боку беларускіх вучоных быў наватарскім».
Таксама ў гэты час у Беларусі назіралася «бурная словатворчая дзейнасць», «сапраўдны ўздым аўтарскай словатворчасці». У літаратуры і перыёдыцы завіравалі магутныя патокі новых беларускіх слоў, якія ствараліся, каб паказаць самабытнасць беларускай мовы ў параўнанні з іншымі мовамі. Нацыянальныя творцы мэтанакіравана шукалі беларускія адпаведнікі запазычаным з рускай і польскай мовы словам. Гэта рабілася, каб абеларусіць лексічны склад беларускай мовы. Да месца нагадаць, што слова абеларусіць узнікла тады ж, яго ўвёў Язэп Лёсік.
Паказальна, колькі звыклых для нас слоў, якімі мы даўно карыстаемся, з’яўляюцца аўтарскімі наватворамі тагачасных пісьменнікаў. Напрыклад, дзякуючы Якубу Коласу мы ведаем словы светапогляд і мілагучны, Міхась Зарэцкі падараваў нам самаадчуванне, а Паўлюк Трус — імглістасць і пунсовасць, Уладзімір Дубоўка стварыў дабрабыт, мэтазгодны, ажыццяўленне, адлюстраваць.
Словатворчасць нашаніўцаў і адраджэнцаў 20-х гадоў стала натхняльным прыкладам для ўсіх, хто верыць у несупыннае развіццё нашай мовы.
На жаль, бурлівыя рухі аўтарскай словатворчасці былі жорстка прыпыненыя ў 30-я гады. Камуністычнае кіраўніцтва СССР узяла курс на русіфікацыю нацыянальных моў у краіне. Ужо ў 1930 годзе партыйныя ўлады БССР прымаюць рэзалюцыю «Вынікі дыскусіі аб мовазнаўстве» з абвінавачаннем так званага «нацыянал-дэмакратызму» ў «нянавісці да ўсяго расійскага, а таксама ў барацьбе супраць уключэння інтэрнацыяналізмаў у белмову». А ў 1933 годзе была прынята сумна вядомая Пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якая ўзаконіла выкарыстоўванне русізмаў і запазычанняў у беларускай мове.
Пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (фота з сайта «Дакументальны летапіс Беларусі»)
Самабытная народная лексіка, беларускія адпаведнікі іншамоўным тэрмінам, аўтарскія наватворы выкідваліся са слоўнікаў, мастацкай літаратуры і перыядычных выданняў.
Міхась Клімковіч, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, выступіў «за очистку языка от кулацких провинциализмов, архаизмов, неологизмов, чем так усердно нацдемы засоряли белорусский язык». Мовазнаўцаў абвяшчалі шкоднікамі і класавымі ворагамі, шмат хто з іх загінуў у турмах і лагерах. Не захаваліся і сабраныя для будучага акадэмічнага слоўніка карткі на 700 тысяч слоў, што нанесла непапраўныя страты для беларускай словатворчасці.
За некалькі наступных дзесяцігоддзяў беларускую мову настолькі моцна абрусілі, што ў масавай свядомасці яна стала ўспрымацца як недаразвіты «калгасны» варыянт рускай мовы. Спробы асобных творцаў выйсці за ўнармаваныя абмежаванні, пісаць не толькі на афіцыйна дазволенай лексіцы, падвяргаліся крытыцы і забароне. З-за гэтага «ў другой палове ХХ ст. папаўненне слоўніка беларускай мовы за кошт аўтарскай словатворчасці практычна спынілася» (часопіс БДУ. Філалогія. 2024, № 1).
Аднак час усё ж паступова мяняўся. Малады Барыс Сачанка, які на пачатку 1960-х працаваў у рэдакцыі «Полымя», занатаваў у дзённіку характэрны дыялог паміж двума старэйшымі пісьменнікамі. Іван Навуменка: «У нас няма адпаведных пластоў мовы, каб перадаць дакладна мову інтэлігента, вучонага...» Янка Скрыган: «Гатовага ні ў якой іншай мове не было, усё стваралі самі вучоныя, пісьменнікі... Не браць гатовае ў другіх, а трэба самім ствараць...»
Пасляваенныя пакаленні культурнай эліты Беларусі пераканаўча абверглі ганебны міф аб тым, што развіццё беларускай літаратурнай мовы ўжо закончылася. Янка Брыль, Іван Пташнікаў, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў і іншыя літаратурныя таленты здолелі дасягнуць адметных вышынь аўтарскай словатворчасці. Вось толькі некаторыя наватворы з іх вершаў і апавяданняў, якія заўважна ўзбагацілі нацыянальную лексіку беларусаў: абярэжніца, аднакрэўнік, бессань, водарнасць, вылюднець, дабраяўнасць, дабрасвецце, доўгаспрыянне, заўсёднасць, імпэтнасць, істасць, легкавейны, міжчассе, наперахопкі, насампраўдзе, наступнасць, праайчына, прабацькаўшчына, тагасвецце.
Словаўтварэнне на нацыянальнай мове не проста папаўняе слоўнікі, але і ўзмацняе духоўнае адзінства нацыі, вылучае на моўным узроўні асаблівасці яе менталітэту, гэта значыць, светаўспрымання. Прафесар, доктар філалагічных навук Генадзь Цыхун звяртае ўвагу на тое, што за кожнай мовай стаіць свая спецыфічная карціна свету. Тое ці іншае ментальнае бачанне свету залежыць ад таго, задзейнічае носьбіт мовы свае прыроджаныя або чужародныя словаўтваральныя сістэмы для апісання рэчаіснасці.
Так, беларускае «свята» і рускі «праздник» пазначаюць адну і тую ж з’яву, аднак у першым выпадку сэнс слова азначае святасць дня, а ў другім — «праздность», дзень «свободный от работы». Таму не варта празмерна захапляцца іншамоўнымі запазычаннямі ці іх калькаваннем, лепей шукаць ім адпаведнікі ў роднай лексічнай сістэме. Як слушна раіць выдатны абаронца моўнай чысціні Алесь Каўрус, «тут падпільноўвае небяспека захаплення калькамі, тым часам як жывая народная мова мае ў многіх выпадках больш натуральнае, спрадвечнае слова».
Для гэтага ў карыстальнікаў беларускай мовы ёсць усе неабходныя ўмовы. Можна вывучаць лексіку народных гаворак, паглыбіцца ў рэгіянальныя і дыялектныя слоўнікі. Або звярнуцца да велізарных сховішчаў старабеларускага пісьменства, дзе ад нашых продкаў засталіся мільёны слоў. Гэтым займаліся яшчэ дзеячы «Нашай нівы», якія пазычылі са старажытных помнікаў слова «ўрад». Сёння нам рабіць гэта значна прасцей, бо для жадаючых выдадзена 37 выпускаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы».
Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 37. — Мінск: Беларуская навука, 2017.
Плойма цікавых слоў захоўваецца на старонках кніг і часопісаў беларускай эміграцыі, што на працягу мінулага стагоддзя пісала і размаўляла без кантролю камуністычных цэнзараў. Адтуль перайшлі да нас такія словы, як бальшыня, выступ, напой, складнік, спартовец, узаеміны і інш.
І, зразумела, можна займацца ўласнай словатворчасцю, эксперыментаваць і выдумляць, абменьвацца з сябрамі моўнымі вынаходкамі, адчуваць асалоду ад трапнага выразнага слова. Няма нічога неверагоднага, калі сапраўды жадаеш ведаць мову і размаўляць на ёй. Вось што з гэтай нагоды кажа Алена Лапцёнак, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.
Калі ў яе спыталіся, які аналаг у беларускай мове ўніверсальнаму слову «общение» і ці, можа, варта было б яго прыдумаць, яна адказала: «Навукоўцы нейкага новага слова не прыдумаюць. Наша справа — фіксаваць тое, што ў гэтай мове ёсць, апісваць, як словы ўжываюцца ў мове, даваць іх тлумачэнні, зыходзячы з гэтага ўжывання... Што датычыцца менавіта гэтага слова, у пэўным кантэксце адпаведнікам будуць «зносіны», дзесьці — «гутарка», а недзе і «камунікацыя». З часам з’явіцца, магчыма, і ўніверсальнае слова, але прыдумаюць яго не філолагі, а простыя носьбіты мовы».
В. С., Budzma.org