У новым роліку арт-праекта «Словы мацней» свае вершы чытае паэт, музыка, перакладчык Уладзь Лянкевіч.
Арт-праект «Словы мацней» — гэта Беларусь галасамі сучасных беларускіх літаратараў.
Уладзь Лянкевіч — паэт, музыка, перакладчык. Нарадзіўся 29 мая 1987 года ў Мінску. Цікавіўся беларускай філалогіяй, таму паступіў на філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «беларуская філалогія», працягнуў сваю адукацыю ў Беларускім калегіуме, дзе вывучаў філасофію і літаратуру, вучыўся ў аспірантуры БДУ.
Адначасова займаецца паэзіяй і музыкай. Фронтмэн і гітарыст гуртоў: «Tonqixod» , «luty sakavik» і «Syndrom Samazvanca». Уладзь прафесійна займаецца перакладам паэзіі, прозы і песень з англійскай і рускай на беларускую мову.
Першую сваю ўзнагароду атрымаў у конкурсе Беларускага ПЭН-Цэнтра ім. Ф. Петраркі ў 2004 годзе, затым у конкурсе памяці К. Шэрмана ў 2009 годзе і Чэслава Мілаша ўжо ў 2011 годзе. Браў удзел у праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2».
***
час навучыў нас быць маладымі
ён замёр - мы праходзілі міма
мы ў цэнтры, а навокал край
мы пілі малако, мы прыдумалі май
нашы размовы гучалі як гімны
кожны погляд - сумленны, крок - бясхібны
мы хацелі зрабіць траву зелянейшай
лёс трымаў нас разам, але не змешваў
плячом да пляча нашае таварыства
вісела на шыі жыцця быццам маністы
ды не чакалі, што досыць адной пстрычкі
і кожнаму давядзецца змяняць звычкі
парвалі пацеркі таргануўшы з усёй моцы
раскаціліся па свеце й камерах жменямі
пасля выбуху друз не збіраецца ў адной кропцы
мы здрабнелі, бо нас зрабілася болей
але засталіся праменямі.
3.
яны спявалі на ганку
спявалі ў холе
бо ад звычайных слоў
сціскала ў горле
перад другім прыпевам
уварваліся са штыкамі
некага вынеслі, астатнія
леглі тварамі ў падлогу самі
кожны рэктар і кожны сенатар
хоча быць у цара ў ласцы
іх здала сама альма-матэр
трасца
крыва сведчыў супраць чужых вучняў выкладчык
некалькі годных таксама трапіла пад раздачу
спачатку натоўпы з суда праводзілі іхны канвой
пасля абыякавасць стома і страх узялі сваё
ілжэпрафесар на волі заводзіць старую катрынку
робіць выгляд што жыве ранейшым жыццём горад
студэнт у вязніцы драпае словы на заплеснелым тынку
сцены спісаныя густа
тут памёр не адзін густаў
ды нарадзіўся чарговы конрад
5. Край
у яго было мноства назваў імён
і недасціпных мянушак
як бы там хто не плакаў
чаго толькі з ім не бывала
ён заставаўся сабой і запаўняў
даступны кавалак сушы
быццам бы нешта ліючаеся
і лянівае нібы лава
пасля падтасоўкі ўжо каторай
біты зімнім дажджом
па шчацэ ў патасоўцы
здалося дарма павярнуўся другой
ды чэзнуць хмары
і шчаку сагравае сонца
яго не скасіў з канцамі ні агнястрэл ні
асколачнае ні колатая
кожнага разу як ён ставаў на калені
толькі рабіўся волатам
хісткі баланс між вечным вяртаннем
і поўнаю незваротнасцю
па вушы забраны, ды засталося роўна столькі
колькі спатрэбіцца костусю
яны гадалі
што ён і хто ён такі
трапіўшы разам у самую пашчу
напісалі для нас уводзіны
сам ён прапаў
на беразе ракі
застаўся ляжаць плашч
а цела не было знойдзена
У межах арт-праекта «Словы мацней» кожную сераду ў 20:00 на нашым ютуб-канале будуць з’яўляцца відэаролікі, у якіх сучасныя беларускія аўтары чытаюць свае творы.
Для каго гэты праект?
Для ўсіх, хто згубіўся ў сваім унутраным горадзе, каму не хапае энергіі, каму цяжка знайсці сілы і натхненне, каму баліць; для тых, хто не ведае, як выказаць свае пачуцці; для тых, хто верыць, і хто, ужо перастаў верыць; для тых, хто марыць, каб працягваць марыць; для тых, каму кожны дзень — змаганне, і для тых, хто перастаў ці ніколі не спрабаваў змагацца — усім-усім беларусам у Беларусі і за мяжой абавязкова для праслуховання.
Чаму?
Таму што гэтыя вершы — самы лепшы доказ таго, што словы мацней.
А яшчэ таму, што гэта сапраўднае відовішча — як аўтар чытае свой уласны твор — якое, між іншым, не так і лёгка ўбачыць ужывую ў сучасных умовах.
Глядзіце, натхняйцеся і дзяліцеся відэаролікамі!
Нагадаем, у першай частцы праекта «Словы мацней» сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску за культурніцкія акцыі пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, чыталі творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы.
Для зручнасці мы сабралі ўсе ролікі праекта ў адзін плэйліст. Раім паслухаць.
Глядзіце яшчэ: Віталь Рыжкоў у арт-праекце «Словы мацней»: «Можа, і будзе тут іначай аднойчы, але пакуль занадта змрочна»