Кніга Ігара Случака «10 стагоддзяў дзяржаўнасці і дыскрымінацыі беларускай мовы», апрача згаданага ў назве, распавядае пра розныя падыходы дзяржаваў да моўнай палітыкі, а таксама пра спосабы падтрымкі моваў меншасцяў на прыкладзе двухмоўных і шматмоўных краін.
Ганна Бурштын пагутарыла з Ігарам пра тое, як можна пашырыць ужыванне беларускай мовы ў Беларусі, а таксама пра асаблівасці яе падтрымкі ў эміграцыі.
— У Вашай працы ўзгадана, што «заканадаўчыя меры выкарыстоўваюцца ў якасці зброі ў барацьбе паміж нацыянальнымі культурамі, якая выражана ў канкурэнцыі паміж мовамі». Як Вам падаецца, ці ёсць цяпер іншая зброя, якая можа падтрымаць беларускую мову ва ўмовах канкурэнцыі з рускай?
— Вельмі важна, каб самі беларусы разумелі, што адзінае, што іх сапраўды робіць беларусамі, гэта беларуская мова.
І калі для чалавека гэта важна — быць беларусам, то і размаўляць ён павінен па-беларуску. Але не толькі проста размаўляць (бо сёння гэтага мала), але і актыўна абараняць свае моўныя правы любымі законнымі спосабамі.
— У дзяцей беларускіх эмігрантаў амаль адсутнічае магчымасць вывучэння беларускай мовы ў школах ці дзіцячых садках, нічога не кажучы пра паўнацэннае навучанне па-беларуску. Асобныя беларускія гімназіі ў Летуве і Польшчы праз абмежаваны набор не могуць рашыць гэтую праблему. Ці ёсць сэнс ствараць беларускія садкі і школы за мяжой?
— Магчымасці паўнавартасна навучацца на беларускай мове няма і ў абсалютнай большасці дзяцей у Беларусі. Хочацца спадзявацца, што бацькі-беларусы замежжа будуць больш актыўна бараніць свае моўныя правы за мяжой, чым у Беларусі. Сэнс ствараць беларускі садкі і школы за мяжой, безумоўна, ёсць, бо гэта экспансія беларускай культуры, а для любога народа гэта важная мэта — паглядзіце прыклад той жа Францыі, Нямеччыны або Польшчы.
Але ў першую чаргу магчымасць навучацца па-беларуску павінна быць у Беларусі.
— У некаторых краінах недзяржаўныя мовы маюць статус рэгіянальных ці моваў нацыянальных меншасцей. Беларуская мова з’яўляецца рэгіянальнай мовай у Польшчы, а таксама мовай нацыянальных меншасцей ва Украіне і Чэхіі. Ці будзе карысным для беларускай мовы наданне ёй якога-небудзь статуса ў іншых краінах пражывання беларускай дыяспары?
— Безумоўна, важна каб у месцах кампактнага пражывання беларусаў беларуская мова мела спецыяльны статус, бо так лягчэй абараняць моўныя правы і развіваць нацыянальную культуру ў агрэсіўным асяродку. Агрэсіўным, бо нармальная сітуацыя, калі мова народа-аўтахтона хоча паглынуць мовы прышлых народаў. І тут задача гэтых народаў, што жывуць не на сваёй зямлі, праявіць маналітнасць у справе захавання сваёй ідэнтычнасці.
— Які моўны статус больш спрыяе захаванню мовы ў краіне, дзе яе носьбіты не з’яўляюцца тытульнай нацыяй?
— Залежыць ад таго, як прадстаўнікі нетытульнай нацыі расселеныя ў межах краіны. Калі яны раскіданыя па ўсёй краіне і іх даволі шмат, то больш падыдзе статус мовы нацыянальнай меншасці. У выпадку ж, калі носьбіты іншай мовы пражываюць кампактна ў нейкім асобным рэгіёне або нават пераважаюць колькасцю тытульнае насельніцтва, то тут лепш статус рэгіянальнай мовы.
Што тычыцца статусу беларускай мовы ў іншых краінах, тут усё залежыць ад розных фактараў.
Па-першае, ці актыўная дыяспара? Іншымі словамі, ці патрэбна ёй наогул мова, або яна хутчэй бліжэйшым часам растворыцца ў карэнным насельніцтве.
Па-другое, як даўно дыяспара пражывае на тэрыторыі іншай краіны. Ёсць такое паняцце як спрадвечныя народы і мовы. Гэта добра бачна на Падляшшы: калісьці гэта былі землі ВКЛ, потым Беларусі, і заселеныя яны былі беларусамі. Зараз гэта Польшча, але як даніна павагі і справядлівасці беларуская мова мае статус рэгіянальнай. Іншая справа з рускай мовай у Эстоніі. Тут рускамоўныя ў вялікай колькасці пачалі з’яўляцца толькі пасля Другой сусветнай, і хоць рускамоўных там зараз каля 30 працэнтаў, у дадзеным выпадку надаваць гэтай мове вызначаны статус несправядліва і небяспечна для дзяржавы.
Вяртаючыся да спрадвечных моў і народаў, у Швейцарыі для таго, каб мова атрымала нейкі статус у кантоне, патрэбна, каб ад 10 да 20 працэнтаў яе насельніцтва валодалі спрадвечнай мовай. У Фінляндыі, каб нейкая мова атрымала статус рэгіянальнай у камуне, патрэбна 8 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва.
Агульныя высновы такія: калі дыяспара можа даказаць, што яна тут жыве ці жыла раней працяглы час, яе мова можа прэтэндаваць на нейкі статус. У першую чаргу, на статус дзяржаўнай або рэгіянальнай мовы. Такое, напрыклад можна пры жаданні рэалізаваць на Віленшчыне, Смаленшчыне, Дзвіншчыне або Чарнігаўшчыне.
Калі дыяспары з’явіліся нядаўна, то іх мовам можна надаць статус мовы нацыянальнай меншасці, або не надаваць зусім ніякага статусу, бо перш за ўсё павінны ўлічвацца інтарэсы не прышлага, а карэннага насельніцтва і яго моваў.
— У Вашай працы прыведзены прыклады розных краін, дзе на дзяржаўным узроўні эфектыўна наладжана ўжыванне дзвюх і болей моваў. Якая з мадэляў Вам падаецца найлепшай для актыўнага прасоўвання беларускай мовы: ірландская, швейцарская ці фінская?
— Найбольш падыходзіць для актыўнага прасоўвання беларускай мовы мадэль, калі дзяржаўная мова толькі беларуская. У сённяшнім двухмоўі няма практычнага і гістарычнага сэнсу, бо больш за 80 працэнтаў насельніцтва Беларусі — беларусы.
Падобная сітуацыя ў Ірландыі, але моўнае заканадаўства там ўсё яшчэ абсалютна недасканалае, дрэннае для ірландскай мовы, і мы бачым вынікам тое, што па-ірландску ў краіне ў працэнтных суадносінах размаўляе людзей яшчэ менш, чым па-беларуску ў Беларусі. Швейцарская і фінская мадэль для Беларусі таксама не падыходзяць, бо ў гэтых краінах рэалізуецца моўны рэгіянальны прынцып, а агулам у межах краін уладараць нямецкая і фінская мовы адпаведна.
— У кнізе ёсць сцверджанне, што матчыны мовы эмігрантаў, якія імкнуцца асімілявацца ў новых краінах, хутка знікаюць, і адзінае месца для іх добрага захавання — радзіма. Аднак ёсць нацыі, якія ў часы свайго выгнання здолелі захаваць сваю мову і зрабіць пэўны ўнёсак у яе развіццё. Ці можа быць такі шлях у беларусаў?
— У сённяшнім сучасным свеце такое развіццё немагчымае, у тым ліку і для беларускай мовы, носьбіты якой нават маючы сваю краіну дапусцілі такую сітуацыю, калі іх нацыянальная мова апынулася ў вельмі неспрыяльных умовах. Таму дзіўна чакаць, што за мяжой наш народ даб’ецца больш поспехаў. За прыкладам доўга хадзіць не трэба. Напрыклад, пасля Другой сусветай вайны толькі на Захад выехала больш за 600 тысяч беларусаў, што ў шмат разоў больш, чым выехала зараз. Сярод тых мігрантаў былі патрыятычныя людзі, якія, натуральна, ужо добра ведалі беларускую і карысталіся ёй. Але дзе зараз тыя людзі і іх нашчадкі? Маналітных дыяспар не ўтварылася, толькі ў некаторых месцах яны існуюць кропкава і абмежавана, хоць па колькасьці з’ехаўшых іх беларускамоўных нашчадкаў павінна было б быць за мяжой не менш за 2-3 мільёны.
— Што, на Ваш погляд, больш карысна для нашай мовы цяпер: яе падтрымка за мяжой ці ўнутры сваёй краіны?
— Безумоўна, больш карысна падтрымка беларускай мовы непасрэдна ў Беларусі, бо пакуль тут будзе беларуская мова, можна размаўляць і пра беларускую дзяржаўнасць. Нават калі нашая дзяржаўнасць можа заўтра знікнуць, наяўнасць беларускай мовы дазволіць яе паслязаўтра аднавіць, і гэта будзе гістарычна справядлівым.