Слуцкі пояс і саломка – зацверджаны лагатып сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі

Урачыстае адкрыццё акцыі «Культурная сталіца Беларусі» адбудзецца ў Слуцку 24 лютага.


sluck_loga.jpg

Увасабленнем культурнага складніка Слуцка і Слуцкага раёна выбраны Слуцкі пояс, які займае галоўнае месца кампазіцыі.

У лагатыпе таксама выкарыстана выява аднаго з арнаментаў Слуцкага пояса, выкананая ў тэхніцы інкрустацыі саломкай.

Распрацавалі лагатып у Слуцкім раённым цэнтры народнай творчасці, гаворыцца ў паведамленні на рускай мове тэлеграм-каналу Міністэрства культуры Беларусі.

Мінкультуры абяцае, што «падчас правядзення акцыі госці і жыхары Слуцка даведаюцца пра самыя цікавыя падзеі, акцыі, прэм’еры, сустрэчы, майстар-класы, якія дададуць фарбаў у творчае жыццё самабытнага і старажытнага горада і прыцягнуць да яго яшчэ больш увагі».