«Надлежит легчайшими способами привести к тому, чтобы они обрусели». Смаленская шляхта як ахвяра расійскай каланізацыі

11.02.2025 Гісторыя
Ва ўмовах чарговага геапалітычнага супрацьстаяння з Захадам у Расіі заўважна ўзрасла цікавасць да аналагічных падзей у сваім гістарычным мінулым. Адным з такіх прыкладаў лічыцца вайна з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне XVII стагоддзя (1654-1667). Тады Маскоўская дзяржава заваявала Смаленск, што ў масавай свядомасці расійскага грамадства і сёння ўспрымаецца як вяртанне спрадвеку рускіх земляў. Імперская палітыка па далучэнні тэрыторый суседняй краіны апраўдваецца таксама тым, што смаленская шляхта дапамагла захапіць горад і прысягнула маскоўскаму цару. Чаму так адбылося, які лёс напаткаў смаленскіх шляхцічаў і што чакала іх нашчадкаў, распавядаем у артыкуле.

smalenskaja-szliachta-1.jpgСкрыншот з сайта tass. ru

Смаленская шляхта і ВКЛ

У параўнанні з астатнім расійскім дваранствам смаленская шляхта мела юрыдычныя і службовыя адрозненні, а для кіравання ёй быў створаны адмысловы Прыказ княства Смаленскага. Аднак, нягледзячы на несумненную важнасць і актуальнасць разгледжанай тэмы, за апошнія трыста гадоў з’явілася мізэрная колькасць публікацый. Можна без перабольшання сказаць, што аб’ектыўную гісторыю смаленскай шляхты яшчэ не пачыналі пісаць. Галоўная праблема нават не ў недахопе фактаў і дакументаў, іх якраз хапае, а ў блытаніне з характарыстыкай гэтай унікальнай ваенна-саслоўнай карпарацыі ў Маскоўскім царстве, а потым у Расійскай імперыі.

Так, у 2006 годзе ўбачыў свет каштоўны дакументальны зборнік у 2 тамах «Смаленская шляхта». У прадмове паведамляецца: «Как известно, Смоленская земля... в течение нескольких длительных периодов была частью Польши... Это наложило большой отпечаток на историю Смоленщины, значительная часть дворянства которой имела польское происхождение...». Такі падыход можна назваць тыповым для сучасных расійскіх аўтараў, якія ўпэўнены, што «смоленская шляхта исповедовала католичество и отличалась своим религиозным фанатизмом и беззаветной преданностью Польше».

smalenskaja-szliachta-2.jpg
Вокладка зборніка «Смаленская шляхта»

Толькі асобныя навукоўцы застаюцца ў межах гістарычнай навукі, а не прапаганды. Доктар гістарычных навук Людміла Івоніна, прафесар Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, абсалютна дакладна піша, што «в период долгого пребывания города Смоленска в составе Великого Княжества Литовского на данной территории сформировался слой элиты, который впоследствии получил название „смоленская шляхта“, просуществовавший вплоть до XVIII в.».

Смаленскае ваяводства ўваходзіла як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў ВКЛ. Знаходжанне Смаленска ў ВКЛ дазваляе зрабіць высновы пра этнічны склад насельніцтва. Па звестках Людмілы Івонінай, «местное дворянское население было восполнено за счёт прибывшей шляхты из белорусских, украинских и прибалтийских земель». У 1650 годзе з 560 шляхецкіх сем’яў, якія пастаянна жылі ў Смаленскім павеце, 482 паходзілі з літоўскай і польскай шляхты. З 30 самых уплывовых сем’яў павета палова належала да шляхты ВКЛ.

Дадаткова спашлемся на падлікі доктара гістарычных навук Мікалая Пятрухінцава. Ён удакладняе, што ў 1650 годзе на Смаленшчыне адбыўся падворны перапіс, каб зафіксаваць існую структуру землеўласніцтва.

Шляхта, у якой было польскае паходжанне, мела 4,7% двароў, а вось выхадцы з ВКЛ — 54,5%. Сярод самых заможных арыстакратаў — 30 уплывовых сем’яў павета — налічвалася ўсяго тры рускія сям’і (Пацёмкіны, Салтыковы і Мяшчэрыны). Гэта паказвае, што смаленская шляхта паходзіла пераважна з Вялікага Княства Літоўскага, таму можна казаць, што значная частка мясцовых шляхцічаў былі беларусамі.

«Ключ Літвы» ў абмен на прывілеі

Барацьба за авалоданне Смаленскам цягнулася некалькі стагоддзяў. Людміла Івоніна нагадвае, што з-за яго стратэгічнага значэння рускія называлі горад «ключом Літвы», а іх ваенныя сапернікі — «ключом Масквы». Смаленск двойчы бралі ваяры вялікага князя Вітаўта (1396 і 1404).

У 1514 годзе пасля трох паходаў на горад яго захапілі войскі Маскоўскай дзяржавы. Летам 1611 года Смаленск вярнуўся пад уладу Рэчы Паспалітай. У 1613 годзе пачалася няўдалая аблога Смаленска рускімі войскамі, у студзені 1633 года — яшчэ адна, якая праз год скончылася іх разгромам і капітуляцыяй. У траўні 1654 года выбухнула новая вайна, і ўжо з 25 чэрвеня Смаленская крэпасць знаходзілася ў стане аблогі, якая доўжылася да 23 верасня.

smalenskaja-szliachta-3.jpgСмаленская крэпасць, здымак 1863-1866 гг. Фота: andcvet. narod. ru

Для заваявання Смаленска рускія сфармавалі спецыяльны артылерыйскі полк з 40 гармат. Кругласутачныя абстрэлы, у тым ліку атрутнымі хімічнымі ядрамі, падкопы пад вежы, штурмы гарадскіх муроў прывялі да вялікіх страт сярод абаронцаў. Крэпасць была поўнасцю блакіравана, жыхары і салдаты галадалі. Акрамя таго, заканчваліся запасы пораху і зброі, на штурмуючых кідалі нават вуллі з пчоламі. Пад псіхалагічным ціскам ваеннае кіраўніцтва Смаленска было вымушана прапанаваць перамовы аб ганаровых умовах здачы.

2 верасня Стаўка цара Аляксея Міхайлавіча атрымала дакумент за подпісам смаленскага ваяводы Піліпа Казіміра Абуховіча і палкоўніка Корфа. Перамовы прайшлі 10 верасня, дзе прадстаўнікі Масквы паабяцалі, што пасля здачы ўсе жадаючыя могуць свабодна пакінуць горад.

Працытуем выбітнага дарэвалюцыйнага гісторыка Сяргея Салаўёва: «10 сентября... на съезде с литовскими людьми договорились о сдаче Смоленска: Обухович и Корф получили позволение выехать в Литву, остальной шляхте и мещанам дано было на волю: или выехать в Литву, или присягнуть государю». Зноўку пацвярджаецца, што Смаленск абаранялі беларусы, якія потым вярнуліся ў ВКЛ.

Ужо ў тыя часы выказвалася думка, што кіраўнікі абароны не спяшаліся здаваць горад, а ў перамовах удзельнічалі дзеля таго, каб перапыніць ваенныя дзеянні. У любым выпадку, далейшыя падзеі залежалі ўжо не ад іх, а ад здрадніцкіх паводзін асобных прадстаўнікоў шляхты. Яшчэ да перамоў ім перадалі грамату ад цара Аляксея Міхайлавіча, дзе гаварылася пра захаванне шляхецкіх прывілеяў. У наступныя два тыдні князь Самуэль Друцкі-Саколінскі і гарадскі суддзя Альбрэхт Галімонт выступалі на сходах смаленскіх жыхароў, агітуючы прысягнуць цару. Ваявода Абуховіч даведаўся аб гэтым, але занадта позна.

23 верасня падбухторанае насельніцтва ўварвалася ў дом ваяводы, пасля чаго адціснула варту і адчыніла гарадскую браму. Натоўп прыйшоў у царскую Стаўку, каб прынесці прысягу. У той жа дзень рускія войскі ўвайшлі ў Смаленск. Цар стрымаў абяцанне: усім жадаючым дазволілі пакінуць горад. Гісторыкі адзначаюць, што сярод іх былі не толькі беларускія і польскія, але і рускія шляхцічы, якія не пажадалі служыць Маскоўскай дзяржаве. А 25 верасня цар Аляксей Міхайлавіч частаваў тую частку шляхты, што вырашыла застацца ў захопленым Смаленску.

smalenskaja-szliachta-4.jpg
Цар Аляксей Міхайлавіч

«Надлежит легчайшими способами привести к тому, чтобы они обрусели»

Шляхецкія і маёмасныя правы смаленскай шляхты пацвердзілі шасцю царскімі граматамі, выдадзенымі ў 1654-1694 гг. Мікалай Пятрухінцаў робіць слушныя высновы наконт прычын, чаму шляхце пакінулі яе прывілеі: «Сама адносна хуткая капітуляцыя Смаленска ў 1654-м была набытая ў тым ліку і абяцаннем захавання прывілеяў смаленскай шляхецкай карпарацыі — коштам далучэння Смаленска стала захаванне яе самой. Аляксей Міхайлавіч у той момант не пакідаў надзей і на далучэнне ўсёй Літвы, таму не мог дазволіць сабе выгнаць са сваіх месцаў цэлую шляхецкую карпарацыю, бо гэта адштурхнула б ад яго асноўную масу літоўскай шляхты, звязанай з ёй да таго ж і крэўнымі сувязямі».

Разам з тым для новых уладаў Смаленска гэтая шляхта ўсё роўна была чужой, ад якой увесь час чакалі нейкай небяспекі. Каб паменшыць колькасць такіх падазроных узброеных людзей у горадзе, у студзені 1655 года 700 шляхцічаў і казакоў з сем’ямі нечакана адправілі ў Маскву. Адтуль іх накіравалі «на вечное житьё» у Закам’е, за раку Каму, дзе размеркавалі па крэпасцях на мяжы Казанскага і Уфімскага паветаў. Пазней сюды ж прыслалі 500 чалавек полацкай шляхты, якая перайшла на бок ворага ў часе вайны. Цяпер былыя палачане і смаляне павінны былі ахоўваць гандлёвыя шляхі Маскоўскай дзяржавы, змагацца з башкірамі, нагайцамі і калмыкамі.

Са шляхцічаў, якія засталіся ў Смаленску, арганізавалі тры конныя роты. Яны прымалі ўдзел у паходах на Вільню і Рыгу, на ўкраінскі Нежын. Па адозвах сучаснікаў, гэта была найлепшая кавалерыя ў рускай арміі.

Праз некаторы час стварылі конны полк смаленскай шляхты ў складзе сямі рот. Ён істотна вылучаўся сярод іншых вайсковых фарміраванняў Расіі. Там былі выбарныя камандзіры, выкарыстоўваліся ваенныя чыны ВКЛ. У палку праходзілі службу толькі шляхцічы, якія служылі добраахвотна і без заробку, за свой кошт і са сваёй зброяй.

smalenskaja-szliachta-5.jpgСкрыншот з сайта shpl. ru

Зразумела, што з-за такіх вольналюбівых парадкаў да смаленскай шляхты ставіліся з асцярогай. Вядомы даследчык ваеннай мінуўшчыны Алег Курбатаў адшукаў данясенне смаленскага ваяводы Рэпніна, які паведамляў у 1659 годзе: «Да и шляхты бы хотя б малая часть убавить, потому что ей никакой правды нет, никакой радости не ради, все тёмными лицами ходят... А знатное то дело, что и у многих на мысле недоброе».

Асабліва ўладам не падабалася тое, што смаленскія шляхцічы не гублялі крэўныя сувязі са шляхтай Рэчы Паспалітай.

Каб прадухіліць непажаданыя стасункі, Вярхоўны Тайны Савет выдаў у 1728 годзе два ўказы. Смаленскай шляхце забаранялася аддаваць дзяцей на навучанне ў Рэч Паспалітую, уступаць у шлюб з жанчынамі каталіцкага веравызнання з-за мяжы і аддаваць дачок замуж за каталікоў.

Пры імператрыцы Ганне Іаанаўне жыхароў Смаленшчыны, у якіх знаходзілі польскія кнігі, білі бізунамі і ссылалі ў Сібір. Таксама імператрыца выступіла супраць шлюбаў смалянаў і ўкраінцаў: «Понеже мы убедились, что смоленская шляхта с малороссийскими жителями в свойство вступает, и со обоих сторон сыновей женят, и дочерей выдают, что кажется противно нашему интересу...» (з ліста ў студзені 1734 г.).

Такія ж погляды былі ў Кацярыны II, якая ў 1764 годзе напісала інструкцыю для генерал-пракурора Вяземскага: 

«Малая Россия, Лифляндия и Финляндия... Сии провинции, также и Смоленскую, надлежит легчайшими способами привести к тому, чтобы они обрусели и перестали бы глядеть как волки к лесу».

Характэрна, што ў наступным годзе Кацярына ІІ зацвердзіла ліквідацыю палка смаленскай шляхты як асобнай вайсковай часці расійскай арміі.

У выніку паслядоўнай русіфікатарскай палітыкі смаленскія шляхцічы паступова страчвалі свае этнічныя і сацыяльныя адметнасці. З XIX стагоддзя яны амаль не адрозніваюцца ад агульнарасійскага дваранства. Расійская каланізацыя Смаленшчыны, моўная і культурная асіміляцыя яе насельніцтва непазбежна прывялі да знікнення ўнікальнай з’явы ў гісторыі Беларусі — беларускай смаленскай шляхты.

smalenskaja-szliachta-6.jpgСкрыншот з сайта smolkrepost. ru (музей «Смаленская крэпасць»)

В. С., Budzma. org