Смаляны: каралева Бона Сфорца і іншыя

У кнізе краязнаўца Аляксандра Шынкевіча «Аршанская даўніна» ў дачыненні да сучаснай вёскі Смаляны, што ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, згадваецца наступная прыгожая легенда, якую мясцовыя жыхары распавядаюць пра тутэйшы замак: «У цёмныя восеньскія ночы, калі туман ад Дзярноўкі ахінае вежу знізу і толькі верхняя яе частка застаецца бачнай, нагадваючы фантастычны прывід, у вокнах, якія робяцца падобнымі на вочныя дзіркі шкілета, запальваецца таямнічае святло. Аднекуль з-пад зямлі чуецца дзівосная музыка, і паказваецца жанчына ў белым адзенні. Яна доўга-доўга моўчкі ўглядаецца ўдалеч, прыслухоўваецца да начной цішыні...» Паводле падання, гэта і ёсць каралева Бона, чыім імем тубыльцы найчасцей называюць колішні замак.


61.jpg

На жаль, гэтая легенда, як і шмат якія іншыя народныя паданні, не мае з гістарычнымі фактамі нічога агульнага, піша planetabelarus.by.

62.jpg

Дастаткова прыгадаць, што Смалянскі замак быў узведзены на пачатку XVII стагоддзя, у той час як каралева польская і вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца д’Арагона памерла яшчэ ў 1557 годзе.

63.jpg
Камея з выявай Боны Сфорцы

64.jpg

Самы ранні з вядомых сёння дакументаў, у якім згадваюцца Смаляны, адносіцца да 1484 года. У ім паведамляецца аб тым, што вялікі князь Казімір аддаў «имене на имя Смоляне» князю Сямёну Іванавічу Бельскаму. Пасля ад’езду князя Сямёна ў Маскву Смаляны зноў перайшлі ў разрад вялікакняскіх уладанняў. У 1501 годзе гэты маёнтак атрымала Алена, жонка вялікага князя Аляксандра Ягелончыка, у 1522 годзе — князь Канстанцін Астрожскі і яго сын Ілля. На пачатку 1540-х гадоў «двор Смолняны (...) держал городничий городенский князь Семен Богданович Одинцович». З 1543 года Смаляны амаль на тры стагоддзі перайшлі ва ўласнасць роду князёў Любартавічаў-Сангушкаў.


65.jpg
Князь Канстанцін Астрожскі — адзін з першых уладароў маёнтка Смаляны

На пачатку XVI стагоддзя род Сангушкаў герба «Пагоня» падзяляўся на тры лініі, дзве з якіх праз некаторы час цалкам выгаслі. Князь Васіль Міхайлавіч належаў да ковельскай лініі, што мела вотчыны на Валыні і часткова на поўдні Беларусі. З таго часу, як у 1518 годзе князь дамогся атрымання ад караля Жыгімонта І прывілея на магдэбургскае права для свайго радавога маёнтка Ковель, да свайго прозвішча ён змог з поўным правам дадаць прыдомак Ковельскі. Гэтае найменне засталося за ім нават пасля таго, калі ў 1543 годзе ён страціў ковельскія ўладанні, саступіўшы іх каралеве Боне ў абмен на маёнткі Смаляны, Абольцы і Горвал на Віцебшчыне і Міншчыне. Такі абмен мусіў адбыцца з прычыны «великия кривды и втисненя», якія князь Васіль Міхайлавіч Сангушкавіч Ковельскі цярпеў ад «брати своее кровное и от инших обаполных суседов».

66.jpg

Каралева Бона сама не валодала Смалянамі, а абмяняла іх на Ковель з дазволу свайго мужа Жыгімонта І Старога, яму яны фактычна і належалі.

67.jpg

Аднак па іроніі лёсу імя каралевы, якая хутчэй за ўсё так ні разу і не наведала Смаляны, трывала замацавалася ў вуснай гісторыі мястэчка, у той час як імёны не аднаго пакалення князёў Сангушкаў незваротна канулі ў Лету.

68.jpg

З артыкула Людмілы Хмяльніцкай «Смаляны (нарыс з гісторыі вёскі)». «Голас Радзімы», 1993 г., 11 лістапада.

Аўтар: Людміла Хмяльніцкая, фота: Cяргея Плыткевіча, з адкрытых крыніц, planetabelarus.by