Смаргонскі “pARTisan”

Мастак, выдавец і літаратар Артур Клінаў прэзентаваў у Смаргоні мастацкі альманах “pARTisan”. Вёў імпрэзу Севярын Квяткоўскі, літаратар, адзін з каардынатараў кампаніі “Будзьма!”. Імпрэза ладзілася ў фармаце “хатнік” (па аналогіі з кватэрнікам) пры ўдзеле барда Паўла Кузіча.

У чым унікальнасць творчага працэсу ў Беларусі? Што лепш — перфектна тварыць ва ўмовах паралельнай прасторы, ці камерцыйна — ва ўмовах свабоднага рынку? Ці мусяць беларусы эксплуатаваць сталінскую архітэктурную спадчыну, ці аднаўляць свае еўрапейскія брукаванкі і дахоўкі? Артур Клінаў выклаў сваё бачанне мастацкага працэсу ў Беларусі, якое можна звесці да тэзіса: “Галоўнае — гармоня між тым, што ёсць, і тым, чаго мы хочам”.

Апроч размовы на тэму актуальнага мастацтва, гаворка вялася пра візуальна-літаратурны праект Артура Клінава “Горад Сонца”, а таксама прэзентаваліся кнігі выдавецтва Ігара Логвінава.

Вялікую дыскусію выклікала пытанне: ці можа быць беларускае мастацтва самаакупным ва ўмовах, калі адсутнічае канкурэнтная сістэма распаўсюду твораў мастацтва і інфармацыі пра іх? “Збольшага культурныя праекты пакуль датацыйныя, але ўжо ёсць шэраг прыкладаў, калі кніжкі і CD акупляюцца ня гледзячы ні на што. … У Беларусі цяпер з’явіўся цэлы пласт высокаякаснага мастацтва”, — зазначыў Артур Клінаў.

Фота — Андрэй Рогач

Тэгі: