Здавалася б, што задача СМІ – асвятляць як мага больш падзеяў. Але часам незаслужана абмінаецца ўвагай дзейнасць грамадскіх актывістаў, якія займаюцца вырашыэннем важных грамадскіх і сацыяльных праблемаў. Праз недахоп інфармацыі многія грамадскія ініцыятывы застаюцца па-за ўвагай кожнага з нас. З іншага боку, самі актывісты далёка не заўсёды могуць так падаць інфармацыю, каб зацікавіць ёй журналістаў і блогераў.
Як змяніць гэтую сітуацыю? Якім чынам грамадскім актывістам зацікавіць сваёй дзейнасцю тых, хто піша, а медыям – убачыць сярод вялікай колькасці падзеяў сапраўды значную сацыяльную з’яву, якая з дапамогай СМІ можа і павінна выклікаць шырокі рэзананс у грамадстве?
Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA запрашаюць журналістаў, блогераў і грамадскіх актывістаў Магілёўшчыны абмеркаваць гэтыя важныя пытанні і разам знайсці магчымыя рашэнні на сустрэчы прэс-клуба, якая адбудзецца 9 лістапада ў Бабруйску.
Сустрэча ладзіцца дзеля дыялогу і лепшага разумення паміж тымі, хто актыўна займаецца вырашэннем грамадсказначных праблем, і тымі, хто сілай слова можа дапамагчы так данесці інфармацыю, каб зацікавіць шырокае кола жыхароў.
Абмеркаваць поспехі і памылкі, падзяліцца парадамі і “фішкамі”, падказаць шляхі эфектыўнага супрацоўніцтва дапамогуць тыя, хто мае за плячыма не адзін паспяховы прыклад такога супрацоўніцтва:
Сяргей Сахараў (Мінск), галоўны рэдактар інтэрнэт-часопіса пра Мінск CityDog.by;
Дзмiтрый Ляпейка (Магілёў), вядучы рэдактар інтэрнэт-рэсурса IA “Магілёўскія ведамасці”;
Алег Дзьячкоў (Магілёў), старшыня рэгіянальнага аддзялення Таварыства беларускай мовы, экскурсавод.
Мадэратар нашай сустрэчы – Наталля Халанская, журналістка, грамадская актывістка, саўладальніца крэатыўнай прасторы 13:87
Вы – грамадскі актывіст, ладзіце цікавыя мерапрыемствы,абараняеце і прасоўваеце грамадскія інтарэсы і пра вас не піша прэса? Спытайце, чаму!
Вы – журналіст ці блогер, і грамадскія актывісты дасылаюць вам няўцямную інфармацыю ці нецікавыя запрашэнні? Падзяліцеся, як пісаць так, каб гэта Вас зачапіла.
Досвед мінулых сустрэчаў паказаў, што меркаванне кожнага ўдзельніка важнае і не застаецца па-за ўвагай.
Каб узяць удзел у сустрэчы, калі ласка, пакіньце анлайн-заяўку да 8 лістапада ўключна:
Сустрэча адбудзецца 9.11.2017 а 18:30
Крэатыўная прастора “1387”
Бабруйск, Чонгарская, 54.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да магілёўскага каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!” Юрыя Стукалава: +37529 319-93-09, jstukalov@gmail.com.