Муж Соф’і вялікі князь маскоўскі і ўладзімірскі Васіль І Дзмітрыевіч памёр у 1425 г. ва ўзросце 54 год. З сыноў у яго на той час застаўся толькі малодшы Васіль Васільевіч, якому бацька і перадаў фармальную ўладу. Але хлопец на той час меў усяго 10 гадоў, таму бацька прызначыў рэгентам жонку: «Приказываю своего с(ы)на, кнѧзѧ Васильѩ, своеи кнѧгинѣ. А ты, с(ы)нь мои, кнѧзь Василеи, чти матерь свою и слушаи своие матери в мое мѣсто, своего отца». Апеку над сваёй сям’ёй і дзяржавай Васіль І завяшчаў Вітаўту, зрабіўшы таго такім чынам гарантам выканання тастаменту.
Соф’я Вітаўтаўна
Чытайце па тэме:
Соф’я Вітаўтаўна — дачка вартая вялікага бацькі Частка 1. Заручыны з уцекачом
Соф’я Вітаўтаўна, дачка вартая вялікага бацькі. Частка 2. Жонка, маці, «пасол міра»
Гэта была нялішняя перасцярога, таму што спадчынныя правы малога Васіля Васільевіча не былі адназначна ўсімі прызнаныя, бо існаваў яшчэ тастамент дзеда Дзмітрыя Данскога. Складзены перад смерцю таго ў 1389 г., калі старэйшы сын-спадчыннік Васіль не быў яшчэ жанаты і не меў дзяцей, тастамент абавязваў у выпадку смерці Васіля перадаць уладу наступнаму па старшынстве сыну Юрыю Дзмітрыевічу. Вось той і прад’явіў свае правы на маскоўскі сталец.
Маскоўскае княства ў XIV — сярэдзіне XV ст.
Пакуль быў жывы Вітаўт, сітуацыю ўдавалася ўтрымліваць пад кантролем перамовамі, угаворамі праз пасярэдніцтва мітрапаліта. Хоць варожыя бакі збіралі войскі, але, прынамсі, да бітвы справа не даходзіла. У 1427 г. Соф’я прыехала да Вітаўта ў ВКЛ і афіцыйна прызнала вялікага князя літоўскага апекуном і абаронцам Вялікага Маскоўскага Княства. У выніку вяршэнства Вітаўта дэкларавалі Цверскае, Разанскае і Пронскае княствы ў Паўночна-Усходняй Русі.
Сітуацыя завастрылася пасля смерці Вітаўта ў 1430 г. Распачалося шматгадовае змаганне за маскоўскі трон паміж Васілём ІІ і ягоным дзядзькам Юрыем Дзмітрыевічам, пасля смерці якога барацьбу працягнулі сыны Васіль Крывы (Косой) і Дзмітры Шамяка. Паміж 1430 і 1453 г. у Масковіі віравала тыповая феадальная дынастычная вайна з усімі яе характэрнымі атрыбутамі: здрадамі, злачынствамі супраць блізкіх сваякоў, баярамі-перабежчыкамі. Закончылася яна толькі са смерцю апошняга канкурэнта Васіля ІІ Дзмітрыя Юр’евіча Шамякі, які пасля паразы хаваўся ў Вялікім Ноўгарадзе (падазравалі атручанне).
Васіль Васільевіч некалькі разоў страчваў Маскву, г. зн. вялікакняскі трон, неяк па п’яні трапіў у палон да татараў, адкуль выйшаў за вялікі выкуп, атрымаўшы ў падмогу татарскі атрад. Па ходзе справы загадаў выкалаць вочы канкурэнту Васілю Юр’евічу, пасля чаго той стаў Васілём Касым. Брат апошняга Дзмітрый Шамяка адпомсціў, асляпіўшы самога Васіля Васільевіча, пасля чаго той стаў Васілём Цёмным.
Асляпленне Васіля ІІ. Мініацюра XVI ст.
Усе перыпетыі і цяжкасці бязлітаснай міжусобнай вайны несла поруч з сынам маці вялікая княгіня Соф’я Вітаўтаўна. Яна здолела стварыць і з’яднаць моцную партыю маскоўскага баярства, падтрымка якога ў выніку забяспечыла сыну перамогу. Менавіта Соф’я завастрыла сітуацыю, стварыўшы непасрэдны повад да пачатку адкрытай вайны. У 1433 г. на вяселлі сына яна сарвала з госця — Васіля Юр’евіча (пазнейшага Крывога) каштоўны пояс, які нібыта належаў вялікакняскаму дому, але быў скрадзены.
Соф’я зрывае пояс з Васіля Крывога. Мастак В. П. Верашчагін. 1861 г.
Абражаныя Васіль з братам Дзмітрыем ад’ехалі да бацькі, той прывёў войска, разбіў Васіля ІІ і заняў Маскву. Соф’я разам з сынам уцяклі ў Кастраму. У наступным 1434 г. Юрый узяў Соф’ю ў палон і адправіў у выгнанне ў Звенігарад, але неўзабаве пасля смерці Юрыя ў той жа год Соф’я вярнулася ў Маскву разам з сынам на вялікае княжанне. Але праз два гады яна зноў трапіла ў палон на гэты раз да сына Юрыя Дзмітрыя Шамякі, які схапіў таксама Васіля ІІ, асляпіў таго (выпалілі вочы расплаўленым волавам), а яго маці саслаў у Чухламу.
Неўзабаве ўсё перамянілася, Васіль пры падтрымцы масквічоў зноў заняў вялікакняскі стол, а Дзмітрый Шамяка, уцёк, забраўшы з сабой вялікую княгіню. У лютым 1447 г. Васіль ІІ запатрабаваў ад Шамякі вызвалення маці. Той не асмеліўся пярэчыць і адправіў Соф’ю да сына з ганаровым баярскім эскортам (баяры не вярнуліся, а прысягнулі Васілю).
Соф’я Вітаўтаўна і ў вельмі сталым узросце захоўвала фізічную і разумовую спраўнасць (гедымінава парода), аўтарытэт і палітычны ўплыў. У 1451 г., меўшы ўжо 80 гадоў, яна ў адсутнасць сына кіравала абаронай Масквы ад нечаканага татарскага нападу. Незадоўга да смерці вялікая княгіня сышла ў крамлёўскі Уваскрасенскі манастыр, там і была пахаваная ў 1453 г.
Уваскрасенскі манастыр у Крамлі. 1917 г.
У 1929 г., калі бальшавікі ўзарвалі манастырскі храм-усыпальню вялікіх княгінь і царыц, парэшткі Соф’і былі перанесеныя ў Архангельскі сабор.
Сляпы Васіль ІІ больш-менш спакойна княжыў да 1462 г., памёр ад сухотаў. Іроніяй лёсу ўнук Соф’і Вітаўтаўны Іван ІІІ Васільевіч нанёс непапраўную шкоду яе радзіме Вялікаму Княству Літоўскаму, распачаўшы векавы наступ Масквы на захад, які закончыўся пад канец XVIII ст. падзеламі Рэчы Паспалітай.
Сцяпан Сарока, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Спіс Шындлера». Гісторыі выратавання соцень габрэяў цяпер даступныя онлайн