Дэбютнік новага гурта Ганны Хітрык з тым жа посьпехам мог стаць чацьвертым дыскам “Дзецідзяцей”. У сваіх сольных праектах удзельнікі ДД дамовіліся не выкарыстоўваць песьняў са свайго агульнага рэпэртуару. Але не бяда – Ганна напісала 14 новых кампазыцый, кожная зь якіх не згубілася б у праграмах “Отлично” і “Конверты для снов”.
“Беларускую” лінію акторка Купалаўскага вырашыла пакуль не працягваць, хоць па атмасфэры “Том первый” усё ж бліжэй да “Руху”. Тут больш роздуму, гэта хутчэй не аповед, а споведзь. У ім дамінуюць пераважна лірычныя кампазыцыі, хоць месца весялосьці таксама адведзенае (“Считалка”). Пры гэтым кожны трэк можна назваць жыцьцесьвярджальным. Кампазыцыі “Sounduk” наогул карціць назваць музычна-паэтычнымі эцюдамі, часам яны зусім ужо шматслойныя, як “Пляшущий конь” і “После”. Але ёсьць і больш простыя рашэньні, як “Красавица” – гэткі жаночы варыянт “морсаў”, праўда, зь недарэчнай устаўкай з “Прыгодаў Бураціна”.
Нягледзячы на тое, што на дыску 14 трэкаў, перагружаным альбом не выглядае. Могуць быць хіба прэтэнзіі да выбудовы трэк-ліста, бо другая частка альбому выглядае нашмат мацнейшай за першую. Менавіта тут канцэнтруюцца самыя моцныя кампазыцыі альбому – асабліва вылучаюцца непараўнаная “Памяти твоей”, якую варта слухаць на максымальнай гучнасьці, і гожанькая “Там-там”.
У “Томе первом” нельга не заўважыць выпеставанасьць кожнага трэка – бачна, што музыкі паставіліся да запісу з усёй магчымай адказнасьцю. У гукарэжысэра атрымалася перадаць усю вакальную харызму Ганны, і пры гэтым не ператварыць астатніх музыкаў у банальную групу суправаджэньня. Па выніку “Sounduk” гучыць проста выдатна.
Ідэя: 7
Выкананьне: 9
Тэксты: 7
Запіс: 9
Аздабленьне: 7