Апошні месяц лета завяршаецца трыма Спасамі. У хрысціянскай традыцыі гэта святы ў гонар Хрыста-Выратавальніка. У народнай свядомасці Спасы адзначаюць пачатак збору новага ўраджаю. Яны нават называюцца па «асноўным» прадукце: Мядовы, Яблычны, Арэхавы (Хлебны).
Фота: depositfiles.com
«Галоўным» сярод Спасаў лічыцца Яблычны (яго яшчэ называюць Вялікім). Адзначаецца ён 19 жніўня. Асноўнымі рытуальнымі дзеяннямі ў гэты дзень было асвячэнне яблыкаў ды іншай садавіны ў царкве. Цікава адзначыць, што бласлаўленне на Яблычны Спас лічылася вельмі мабільным. То-бок, калі да царквы далёка альбо цяжка дайсці, можна пакласці садавіну на страху — лічылася, што яна асвяціцца паветрана-кропельным шляхам.
Яшчэ адным адметным заняткам на Спасы было назіранне за бусламі з мэтай прадказаць, якімі будуць сёлета зіма ды вясна. І, натуральна, трэцім складнікам свята было частаванне асвечанымі яблыкамі ды іншымі смакоццямі.
Як можна адзначыць Вялікі Спас сёння, калі вас не вельмі натхняюць паходы з яблыкамі ў царкву і арніталагічныя практыкі, распавядаем у артыкуле.
Сувязь з прыродай
Спасы — час радасці і ўдзячнасці за новы ўраджай. Зразумела, што сёння мы звыклі да свежай садавіны-гародніны цэлы год без прывязак да сезонаў. Але ж адчуць падзяку да Прыроды (Бога, Маці-Зямлі — каму што бліжэй) за свежы духмяны яблык — гэта звычка не замінае. І не так важна: набылі вы гэты яблык у краме альбо сарвалі з уласнай яблыні.
Фота: shutterstock.com
Проста прыпыніцеся на некалькі хвілінаў. Вазьміце яблык (любую іншую садавіну) на далоні, удыхніце яго чароўны водар, адчуйце кожнае адценне яго смаку. Праз гэтыя прыемныя перажыванні адчуйце сваю сувязь з Прыродай, адчуйце шчырую падзяку ёй за гэты яблык, за паветра, якім вы дыхаеце, ваду, якую п’яце, за прыгожыя краявіды... увогуле — за само жыццё.
А выразіць сваю падзяку можна праз экалагічныя звычкі. Зладзьце суботнік у бліжэйшым лесапарку ці на беразе вадаёма. Адмоўцеся на дзень ад аўтамабіля. Паспрабуйце сябе ў ролі валанцёра ў якой-небудзь «зялёнай» арганізацыі. Завядзіце простую эказвычку: напрыклад, браць з сабой торбачку (шопер), а не набываць кожны раз у краме пластыкавы пакунак.
Такую практыку ўдзячнасці можна зрабіць для сябе традыцыйнай і выкарыстоўваць не толькі на Яблычны Спас.
Сустрэчы з сябрамі
Падзяліцца радасцю — цудоўная нагода для сустрэчы з блізкімі людзьмі. Адкладзіце ўбок мабільнікі і планшэты ды зладзьце жывую сустрэчу! Дзяліціся сваімі «агароднымі» дасягненнямі, абменьвайцеся вопытам. Калі ж тэма земляробства зусім не ваша, можна зладзіць гульні на свежым паветры, сумесны паход у кіно ці любімую кавярню. Падзяліцеся пазітыўнымі ўражаннямі ад лета, планамі на восень.
Святочная прастора
Адчуць радасць па-сапраўднаму вам дапаможа адпаведная атмасфера. Стварыце яе для сябе. Прыбярыцеся дома і ў думках. Упрыгожце сваю прастору свежай садавінай і жывымі кветкамі. Напоўніце яе прыемнымі водарамі: прыгатуйце смачную шарлотку з яблыкамі альбо скарыстайцеся аромалямпай ці дыфузарам. Пагуляйцеся са святлом: прымацуйце да аконнага шкла каляровыя фільтры (можна зрабіць з лёгкай тканіны, слюды, каляровага шкла і г. д.). А ўвечары можна запаліць свечы.
Цуды ўласнаруч
Дзяліцца радасцю ды пазітывам можна не толькі з сябрамі ды сваякамі. Апраніце сваю любімую вопратку, пакладзіце ў кошык яблыкаў (любой садавіны ці гародніны) і наперад — ствараць сапраўдны цуд! Пачастуйце яблыкам супрацоўніка метро альбо прадавачку ў бліжэйшай краме. Падарыце сваю ўсмешку і яблычак сумнаму ці вельмі засяроджанаму мінаку.
Такі варыянт святкавання Спаса вам падаецца вельмі дзіўным і непрымальным? Бо нас з дзяцінства вучаць паводзіць сябе «прыстойна» і не чапляцца да незнаёмых? А вы паспрабуйце на 1 дзень адкласці ўбок гэтую праграму і падарыць маленькі цуд ды святочны настрой хаця б аднаму незнаёмцу. І як мінімум на двух шчаслівых людзей стане больш у нашай прасторы. Бо радасць адчуе не толькі той, каго вы павіншуеце, але і вы самі станеце больш шчаслівымі.
Малітва
Гэта не абавязкова пра царкву і іконы. Спасы — гэта не толькі пра матэрыяльнае. Гэта і пра ўнутраны свет. Прыгадайце не толькі новы ўраджай садавіны і гародніны, а і свае дасягненні ў духоўнай сферы.
Вясна і лета — час абнаўлення, актыўнасці, засваення новага. Напярэдадні восені і зімы — сезонаў больш спакойных, павольных, разважлівых — карысна прарэфлексаваць усю сваю папярэднюю актыўнасць і «пакамунікаваць» з Богам (Багамі, Сусветам, Звыш-Я).
Фота: budzma.org
Адзначце, што ў вас цудоўна атрымалася. Адчуйце і выкажыце падзяку за гэта. Падумайце, што можна ўдасканаліць. Памаліцеся пра тое, аб чым марыце, чаго прагнеце.
І няхай святочна-радасны настрой захаваецца ў вас надоўга!
Ева Вятрыскіна, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Што і як святкуюць у жніўні. Народны каляндар беларусаў