Навошта Скіргайла ездзіў на перамовы ў Ордэн? Чаму Ягайла ахвотна ішоў на ордэнскія прапановы? Ці былі ў братоў-альгердавічаў тады ідэі аб дзяржаўнай змове супраць Кейстута? Якім чынам мірная дамова была заключаная і з якімі ўмовамі для дзяржаваў? Пытанні разбірае доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.
Пасля паездкі ў ліпені 1379 года князя Скіргайлы Альгердавіча ў Ордэн з боку апошняга пачаліся дзеянні, якія склаліся ў буйную і складаную аперацыю з дзвюма канцавымі мэтамі: аслабленне Літвы праз разлад між дуумвірамі Ягайлам і Кейстутам і нейтралізацыя галоўнага ворага крыжакоў — Кейстута. Варта адзначыць, што малады вялікі князь Ягайла ахвотна ішоў насустрач ордэнскім прапановам, нямала даследчыкаў лічаць, што ён і быў ініцыятарам усёй змовы.
Важнай умовай поспеху змовы было ўтрыманне яе ў таямніцы ад Кейстута, прынамсі да пэўнага часу. Дзеля гэтага была праведзеная адмысловая аперацыя прыкрыцця, сутнасць якой была ў падпісанні мірнай дамовы з Кейстутам, а пад прыкрыццём перамоваў сустрэцца з Ягайлам і, так бы мовіць, узгадніць дэталі.
Дзеля заахвочвання Кейстута да міру праз месяц пасля візіту Скіргайлы Ордэн арганізаваў буйны паход на яго ўладанні, падчас якога былі моцна спустошаныя ваколіцы Драгічына, Мельніка, Бельска, Камянца, Гародні і два разы браўся ў аблогу Берасцейскі замак. Выправа не закранула родавых уладанняў Ягайлы.
Неўзабаве новаабраны вялікі маршал Куна фон Хаттэнштайн пайшоў у чарговы паход, на гэты раз пад Коўна, дзе ўступіў у перамовы з Кейстутам. Напэўна, гэтая сустрэча была ўступам да мірных перамоваў, якія крыжацкае пасольства завяршыла падпісаннем 29 верасня 1379 г. у Троках — галоўнай рэзідэнцыі Кейстута, міру на выгодных для таго ўмовах. Ордэн прадстаўлялі комтур Брандэнбурга Гюнтэр фон Хоэнштайн і войт Тчэва Альбрэхт граф фон Лёйхтэнберг. Хоць Кейстут гаварыў па-нямецку, пэўна дзеля важнасці справы карысталіся паслугамі перакладчыка (ліцвіна на ордэнскай службе Томаша Сурвілы).
У гэтай дамове, натуральна, прысутнічаў вялікі князь Ягайла, які ў тэксце ад пачатку абазначыў, хто ёсць хто ў Літве: «Мы, Ягайла, вярхоўны князь Літвы/ліцвінаў, і Кейстут, князь Трокаў». Суб’ектам дамовы з другога боку выступіў хохмайстар Вінрых фон Кніпродэ. Цікава, што сведкамі побач з князямі Гедымінавічамі: Ягайлам, Кейстутам, Лінгвенам і Вітаўтам (Скіргайла быў у той час у падарожжы на Захад) згадваюцца давераныя баяры, а некаторыя з іх названыя пайменна.
Мір меў трываць 10 гадоў і гарантаваў бяспеку ад ваенных нападаў і разбою для часткі прымежнай тэрыторыі Літвы і Ордэна, менавіта, уладанняў Кейстута Гарадзеншчыну і Падляшша, а з ордэнскага боку — прылеглыя да іх землі. У дамове пра ўладанне Кейстута гаворыцца «наша зямля Русі, якая ляжыць за Нёманам насупраць Прускай зямлі, а менавіта Ваўкавыск, Сураж, Дарагічын, Мельнік, Бельск, Берасце, Камянец і Гарадзенская зямля».
На акрэсленыя дамовай тэрыторыі нельга было нападаць і праходзіць праз іх вайсковым атрадам у выправах на іншыя землі. Спецыяльна агаворана, што калі войска будзе праходзіць побач і нанясе шкоду паселішчам у мірнай зоне, то павінна быць выплачаная кампенсацыя. Маецца нават спіс паселішчаў у гэтай зоне на поўнач ад Гародні, з якога вынікае, што яе мяжа праходзіла прыблізна ў 40 км ад горада. Агаворвалася бяспека гаспадарчай дзейнасці па абодвух баках мяжы. Аднак выхадцы з земляў, ахопленых мірам, маглі ўдзельнічаць у паходах на іншыя, не заміраныя тэрыторыі.
У акрэсленні межаў мірнай зоны, прапанаваным крыжакамі, крылася яшчэ адна хітрасць. З ліцвінскага боку мірам былі ахопленыя землі, куды крыжакі і так рэдка заходзілі (акрамя Гародні) з-за вялікай адлегласці, а з крыжацкага — наадварот, тыя, якім найбольш пагражалі ліцвінскія паходы.
У дамове не згадвалася Жамойць, якая, па-першае, не належала да ВКЛ; па-другое, была найважнейшым аб’ектам крыжацкай заваёвы, ад якога яны не маглі адмовіцца нават часова.
Мірная дамова была важнай справай, але самае цікавае пачалося пазней, калі пасля падпісання дамовы крыжацкае пасольства скіравалася ў Вільню разам з Ягайлам, пакінуўшы Кейстута ў Троках.