Усё бліжэй надыходзіць момант, калі мы даведаемся пераможцу прэміі імя Ежы Гедройця за 2023 год!
Сёлета журы галоўнай беларускай літаратурнай прэміі пачало працу ў жніўні, каб традыцыйна ў лістападзе абвясціць, якая кніга прозы стала найлепшай за мінулы год, піша Беларускі ПЭН.
На этапе вызначэння доўгага спісу журы звярнулася да аргкамітэту прэміі з прапановай зменшыць яго:
«У звязку з невялікай колькасцю выдадзеных у 2022–2023 гадах мастацкіх кніг на беларускай мове, выкліканай крызісам кнігавыдання, і, адпаведна, з крытычна малой розніцай паміж колькасцю пазіцый поўнага і доўгага спісаў журы прэміі прапануе скараціць колькасць кніг доўгага спісу з дванаццаці да дзесяці.
Разам з тым гэтая колькасць можа быць і павялічаная да дванаццаці ў выпадку паляпшэння агульнай сітуацыі ў айчынным кнігавыданні ў наступных сезонах».
Аргкамітэт прэміі разгледзеў і прыняў рашэнне ўхваліць запыт журы.
Такім чынам, сёлета доўгі спіс прэміі Гедройця складаецца з дзесяці пазіцый:
«Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» — Валянцін Акудовіч (выдавецтва «Логвінаў», 2023)
«Забіць упалмінзага» — Зміцер Бартосік («Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022)
«Я танцую» — Віка Біран (выдавецкая ініцыятыва «Кася на Парнасе», 2023)
«Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» — Ева Вайтоўская (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)
«На прызбе ў Сілічах» — Марыя Вайцяшонак (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023)
«Жамяра: жаночыя гісторыі» — Алена Вешторт (выдавецтва «Альфа-кніга», 2023)
«Вольнеры. Прадвесце» — Валер Гапееў (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)
«Круглая Square: Іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі» — Вал Клемэнт (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023)
«Слюнькоў. Палітычная біяграфія» — Дзяніс Марціновіч (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)
«Час пустазелля» — Ганна Янкута (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)