А вы заўважаеце, як Беларусь усё больш прыпадабняецца да Расеі? І гаворка не пра расейскамоўныя надпісы й нават не пра сьцягі РФ на будынках у часе «саюзных» сьвятаў. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік б’е трывогу: падзеньне ўзроўню асабістае культуры, самапавагі й пачуцьця ўласнае годнасьці ўсё больш прыпадабняе беларусаў да суседзяў з-за ўсходняе мяжы.
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву аўтара
Памятаеце, як мы сьмяяліся з усіх гэтых амлетаў на лапаце, бітваў за халяўныя макароны, чэмпіянатаў па кіданьні каравяком ды іншымі масавымі дзівацтвамі з-за ўсходняе мяжы? Ня ведаю, як у вас, а ў мяне заўжды было ўстойлівае адрынаньне падобных мерапрыемстваў: маўляў, вось мы, нашчадкі вялікалітоўскае шляхты, куды вышэйшыя за гэткія жывёльныя інстынкты! Гонар маем! Тульскія халопы — нам ня роўня! Фу-фу-фу!
Ну а гэтыя знакамітыя падборкі на YouTube п’яных «руса турыста» ў самалётах і на эгіпэцкіх пляжах, разборак на дарозе і боек каляпад’езднае сінечы. Не-не, гэта там, «за парэбрыкам», у нас гэткага няма!
Ага, ну як жа ж...
Сучаснае расейскае манумэнтальнае мастацтва. Фігура зьмяі, зьлепленая з гною — сымбаль 2025 году (Якуція). Фота з сацыяльных сетак
Нават цяжка сказаць, калі дакладна гэтыя дзівацтвы сталіся часткай і нашага, беларускага, ляндшафту. Штурмы сэканд-гэндаў? Забегі ў абменьнікі? Раздаваньне бліноў на Масьленіцу?
Вось і цяпер — чарговая ганьба ў Магілёве. На выходных каля мясцовага кінатэатру бясплатна раздавалі шаўрму. Сабраўся натоўп, у разы большы за колькасьць харчовых падарункаў. «Гэта проста быў трэш, арганізацыі ніякай, ледзь не затапталі адно аднаго!!! — засьведчыла адна з прысутных. — Гэта была жэсць, падлеткі па галовах ішлі, каб атрымаць шаўрму».
Мая мама пра падобнае дзікунства заўжды казала: «Як з галоднага краю!»
Натоўп ахвотнікаў дармовай шаўрмы ў Магілёве. Фота: telegraf. news
Дадайце сюды яшчэ й натоўпы на бясконцых канцэртах усіх гэтых залётных бузавых, газманавых, шаманаў і лазаравых — усё лягчэй паблытаць родную старонку з тым «галодным краем». Ну і як тут не згадаць галоўнага па краіне «тожа рускага, толька са знакам качэства», каторы распавядаў Пуціну, што ані Віцебск, ані Гомель, ані іншыя беларускія гарады анічым не адрозьніваюцца (ну, можа акрамя архітэктуры ў заходніх рэгіёнах) ад расейскіх. А наш цудоўны Магілёў — дык і наагул нібы «больш расейскі, чым беларускі»!
Сорам, люты сорам!
Безумоўна, у нас і без усходніх гасьцей стае ўласных дурняў. І ў пад’езьдзе мясцовы Вася можа нагадзіць. І на газоне часам паркуюцца аўты на мясцовых нумарах. І пабедабесныя пераапрананьні дзятсадаўскае малечы здараюцца. Але ўсьцяж гэта (спадзяюся!) усё яшчэ выклікае пэўнае непрыманьне сярод паспалітага люду: маўляў, ну што ж ты сябе паводзіш як тое быдла, як табе ня сорамна?
Ці я памыляюся?
Парад Перамогі ў дзіцячым садку № 7 у Іванаве (Берасьцейшчына) 9 траўня 2024 г. Фото: janow. by
Памятаю, мой родны дзядзя Янак, які жыў быў у звычайнай гарадзенскай вёсачцы, распавядаў неяк гісторыю. Ехалі яны з мужыкамі ў бусіку па вуліцы. І быў у той кампаніі сярод нашых адзін расеец. Сядзеў ля вакна, лупіў мандарынку і ўсё захапляўся: «Ах, как же у вас чисто! Красота!» Лупіў і захапляўся, лупіў і захапляўся. А як зьеў свой ласунак, то ўзяў і... кінуў лупіньне ў фортку. Нашыя мужыкі ажно зьмяніліся з твару. Умомант спынілі бусік, выцягнулі таго аматара чысьціні вонкі й ледзьве не натаўклі яму ў каршэнь: маўляў, у нас тут чыста, бо ніхто ня сера — давай шуруй падымай сваё сьмецьце, пакуль рукі-ногі цэлыя!
Я часьцяком вяртаюся ў думках да гэтае дзядзькавае гісторыі. Усё геніяльна і проста. Ну сапраўды ж чыста будзе не тады, калі хтосьці за табою прыбірацьмець, а тады, калі ты сьмеціць ня будзеш. Гэтак і ўва ўсім астатнім.
Хочаш жыць сярод годных і сумленных людзей — стань годным і сумленным чалавекам. Калі хочаш, каб цябе паважалі іншыя, пачні паважаць самога сябе. І твой родны край ніколі не ператворыцца ў хлеў, пакуль ты не пачнеш сябе ў ім паводзіць як быдла. Як бы хто і чаго ні накідваў нам з-за ўсходняе мяжы, апошняе слова заўжды застаецца за намі.
Валера Руселік, Budzma. org