У атачэнні вады, альбо Пра што спрачаліся ў Спораве

Аграгарадок Спорава ў Бярозаўскім раёне ў наш час — месца прыцягнення падарожнікаў з розных куткоў Беларусі і нават замежжа. На жнівеньскі фестываль «Спораўскія сенакосы» заўсёды прыбывае багата гасцей. На ім можна паўдзельнічаць у чэмпіянаце па касьбе альбо ў турніры па футболе на балоце, далучыцца да майстар-класаў па пляценні лапцей і прыгатаванні травяных збораў для фітачаёў, зазірнуць на рамесніцкі фестываль і дзіцячыя пляцоўкі, піша «Звязда».


ryba


Сакрэты рыбацкай вёскі

Цяжка паверыць, што да асушэння балот Спорава была як асобны востраў — да вёскі не даехаць, не дайсці. З трох бакоў яна была абкружаная балотамі, а з чацвёртага — вялікім возерам. Каб накасіць сена ці пасеяць бульбу, вяскоўцам даводзілася пераплываць возера. Часам яны звязвалі лодкі, каб перавозіць коней. Па прыкапаны ўраджай выбіраліся, калі вада замярзала. Можа, таму і атрымалі возера і вёска сваю назву, што людзям даводзілася спрачацца за зямлю? Праўда, паводле мясцовых легендаў, раней Спораўскае возера было як мора, па ім хадзілі караблі, капітаны якіх ніяк не маглі падзяліць прыстань. Але ёсць і іншая версія: быццам у гэты дзікі край траплялі ў выгнанне нязгодныя, «спорныя» людзі.

Sporaŭskaje voziera. Liudzi plyvuć na lodcy

Ва ўсякім разе народ, што жыў у атачэнні вады, сапраўды быў незвычайны. Такая адасобленасць уплывала і на быт месцічаў, і на іх культуру. Дарэчы, многія традыцыі спораўцаў захаваліся да нашых дзён. Тут нават гаворка адметная. Калі прыслухацца, можна заўважыць, што ў ёй трапляюцца словы з розных моў: з украінскай, польскай, рускай, нават англійскай. Здавалася б, чаму на гэтай адрэзанай ад усяго свету зямлі мяч называюць «бола»? Тлумачэнне простае. Жыццё ў акружэнні вады, недахоп земляў вымушалі людзей шукаць заробку ў чужых краях. Часам вяскоўцы дабіраліся нават да Амерыкі. Пры вяртанні дахаты людзі везлі сваім родным падарункі, у тым ліку яскравыя ніткі і тканіны. Таму і вышыўка ў мясцовых гаспадынь адметная, яна ўражвае багаццем узораў, колераў. Часта ручнікі, фартушкі, падушкі ўпрыгожваліся кветкамі. Пра ролю раслін у жыцці спораўцаў расказвае эколага-этнаграфічны музей «Спораўскія кветкі», размешчаны ў мясцовым Цэнтры культуры і вольнага часу. За пару гадоў для новай экспазіцыі было сабрана больш за сотню ручнікоў, падузорнікаў, абрусаў, фіранак. Збіраліся і карціны, вышытыя і намаляваныя, распісныя куфры.

Толькі сімвалам Спорава сталі не расліны, а рыба. Традыцыі прыгатавання страў з яе ўвайшлі ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны. Яе тут сёння, як і ў старыя часы, сушаць у печы на саломе. Такую хрусткую рыбку можна лускаць як семкі ці на аснове яе гатаваць новыя стравы, дадаваць у гаршэчкі з бульбай, са шчаўем, у квас (так тут завуць першую страву на аснове капуснага расолу). Уласна, і сушыць таго ж спораўскага карася можна да рознай кансістэнцыі, а яшчэ тут ведаюць, як рыбу тушыць, варыць, фаршыраваць, як смажыць ікру і печань, рабіць кансервы. Таму і гасцей у аграгарадку Спорава сустракаюць не з хлебным, а з так званым рыбным караваем.

Turysty ŭ ahraharadku Sporava
Турысты ў аграгарадку Спорава

У Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў трапіла і спораўская полька. Яна адметная тым, што падчас танца ногі амаль не адрываюцца ад падлогі, ды і вывучыць гэты танец не так проста, кожны раз ён атрымліваецца асаблівым. Справа ў тым, што ўдзельнікі вячорак выконваюць пэўныя каманды, якіх можа быць каля дванаццаці.

І тут важна не збіцца, своечасова перастроіцца. Месцічы вельмі любяць гэты рытмічны, каларытны танец, яго выконваюць на вечарах выпускнікоў, у школах, на сямейных святах і нават на маладзёжных дыскатэках, на якіх адмыслова на нейкі час уключаецца народная музыка. У Спораўскім Доме культуры і вольнага часу танцавальныя майстар-класы праводзяць і для турыстаў. А вучыць сапраўды ёсць каму: чатыры калектывы маюць званне народных. Для сельскага Дома культуры гэта выдатны паказчык.

Спораўцы ганарацца сваёй малой радзімай, нават лічаць, што розняцца ад жыхароў іншых вёсак. І званне спораўца яшчэ трэба заслужыць. Кажуць, што жыхары гэтай вёскі любяць тры рэчы: есці, танцаваць і жартаваць. Але, безумоўна, гэтым усё не абмяжоўваецца, тут можна было б дадаць і сучаснае слоўца — месцічы яшчэ ўмеюць крэатывіць. Тонкаму пачуццю гумару спораўцаў можна толькі пазайздросціць. Праўда, калі вяскоўцы ўпершыню пачулі пра ідэю правядзення ў гарадку абласнога фестывалю гумару, успрынялі яе з недаверам. Пакпіць адзін з аднаго для іх звычайная з’ява, а вось чужым смяцца з сябе тут не дазволяць. Але, як паказала першае свята, можна знайсці багата тэм для жартаў. Фестываль на гэтай зямлі прыжыўся, а ў Доме культуры нават з’явіўся Музей гумару.

У краі вяртлявай пявунні

Пасля знаёмства з рыбацкай вёскай чаму б не скарыстацца магчымасцю паслухаць самую рэдкую пеўчую птушку Еўропы — вяртлявую чаротаўку? Трэлі самцоў можна пачуць пераважна на змярканні. Дзякуючы гэтым маленькім птушкам, якіх на Беларускім Палессі Міжнародная арніталагічная экспедыцыя сустрэла ў 1990-я гады, заказнік Спораўскі першы ў Беларусі атрымаў статус рамсарскіх угоддзяў. У гэтым нізінным балоце абжылася найбуйнейшая ў Еўропе папуляцыя вяртлявай чаротаўкі. Стагоддзямі спораўскія балоты абкошваліся, птушкі прыстасоўваліся пад спецыфічныя ўмовы, гняздзіліся ў невысокіх купінах асакі. І сёння птушцы не абысціся без падтрымкі людзей, таму так важна, каб балота не зарастала чаротам і хмызнякамі. Наогул, у Спораўскім заказніку можна сустрэць 196 відаў птушак, 35 з іх занесены ў Чырвоную кнігу.

Turysty ŭ ahraharadku Sporava

Трапіць у гэтае птушынае царства можна дзякуючы экасцежцы «У краі вяртлявай чаротаўкі». Праз балота пракладзены драўляны насціл, працуюць дзве паромныя пераправы. Спецыяліст па турызме Рэспубліканскага біялагічнага заказніка Алена Аполька раскрывае перад гасцямі балотныя сакрэты, тлумачыць, чаму аер у нас называлі татарскім зеллем, звяртае ўвагу на белыя парасонікі атрутнай расліны (паводле адной з версій, менавіта пры дапамозе яе быў забіты Сакрат), расказвае пра кранальныя адносіны паміж крылатымі, прапануе ў бінокль з назіральнай пляцоўкі пасачыць за балотам. Жанчына раіць прыязджаць сюды не адзін раз: кожныя 2-3 тыдні балота мяняецца. Яно рознае ў засуху і сезон дажджоў, грае адметнымі фарбамі ў залежнасці ад таго, якая расліна цвіце. Напрыклад, калі распускаюцца ірысы і калужніца, яно здзіўляе жоўтымі колерамі...

Не трэба думаць, што паездка ў заказнік абмяжоўваецца выключна любаваннем прыродай. Экскурсію па балоце можна сумясціць са сплавам на байдарках ці коза- і водаратэрапіяй. У рамках разнастайных праграм, накіраваных на эканамічнае развіццё мясцовых тэрыторый, тут рэалізоўваюцца цікавыя праекты. Пра адзін з іх расказвае дырэктар сацыяльна-культурнай установы «Высакоўскі эколага-этнаграфічны цэнтр» Наталля Строк. Усяго пару гадоў таму ў рамках праекта «Ландшафтна-арыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый даліны ракі Ясельда пры ўдзеле мясцовага насельніцтва» ёй удалося набыць першы казіны статак. Сёння тут працуе кантактны заапарк. Турысты могуць пакарміць і нават падаіць жывёл. Сюды часта заязджаюць экскурсійныя групы, школьнікі выбіраюцца цэлымі класамі, зачасцілі журналісты, пра гаспадарку знята восем фільмаў, у «Інстаграме» — тысяча падпісчыкаў.

Sporaŭskija maliavanki

Гаспадыня падзялілася, што ў хуткім часе будзе зроблена зона для прамысловага турызму, калі госці праз шкло змогуць назіраць, як ствараецца экапрадукцыя. Між іншым, у высакоўскай гаспадарцы частуюць і вяленымі таматамі, ужо засвоілі тэхналогію начынкі шампіньёнаў, пацісонаў, перцаў, вінаградных лістоў, тут робяць нямецкі пастухоўскі сыр і французскі «Шэўр» у алеі.

На ферме ў рамках семінара Нацыянальнага агенцтва па турызме быў падрыхтаваны яшчэ адзін сюрпрыз. Тут праводзіўся майстар-клас па традыцыйным роспісе па шкле.

16.jpg

Народны майстар Беларусі Таццяна Зданевіч расказала пра асаблівасці мясцовых маляванак. У пасляваенныя гады людзі шукалі, чым упрыгожыць свае дамы, на шкло яны наносілі малюнкі, праз якія перадавалі сваю мару аб райскім садзе. Гэта маглі быць чароўныя кветкі, птушкі, паненкі ў шыкоўных капялюшыках, казачныя ці рэлігійныя сюжэты. Фольга, якую размяшчалі за шклом, дадавала карцінцы бляску. Падобныя работы былі распаўсюджаныя па ўсёй Беларусі, але ў Бярозаўскім раёне яны былі асаблівыя. Тут ствараліся вялікія карціны, якія маглі дасягаць памераў у 70, 90 сантыметраў. Мясцовыя майстры выкарыстоўвалі як нітрафарбы, так і алейныя, гуашавыя і нават акварэль. Падчас экспедыцый знойдзены работы, зробленыя яшчэ ў 1950-я гады, і гуаш на іх да гэтага часу не асыпалася! Бярозаўскі роспіс па шкле ўнесены ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Таццяна Зданевіч расказвае, што падчас этнаграфічных экспедыцый у некаторых вёсках роспісы на шкле можна было сустрэць у 4-5 дамах, што стаяць побач. Часта на шкло наносіліся такія ж узоры, якія былі і на ручніках, і на куфрах, посцілках, дыванках. Некаторыя майстры падобныя ўзоры рабілі на печы і столі. На жаль, шкляныя малюнкі ў ранейшыя часы вучоныя не надта прыкмячалі, лічылі за кіч. Безумоўна, гэта не спрыяла таму, каб падобныя работы захоўваліся. Новыя гаспадары нават выкідвалі размаляваныя шкельцы як непатрэбныя. Але сёння такое інсітнае мастацтва актыўна вывучаецца, адкрываюцца імёны таленавітых майстроў, якія пакінулі шыкоўныя работы; ладзяцца выстаўкі, традыцыйны роспіс па шкле прадстаўлены ў Бярозаўскім краязнаўчым музеі.