Працягваем спазнаваць палескія абшары. Сёння рушым у напрамку Піншчыны, пазнаёмімся з рэшткамі маляўнічага палацава-паркавага ансамбля роду Пуслоўскіх у Песках, пашпацыруем па маляўнічай экасцежцы ў біялагічным заказніку «Спораўскі», наведаем невялічкую вёску Бездзеж з вялікай колькасцю захаванай гістарычнай спадчыны, даведаемся, што такое «макуха» ды пакаштуем драгічынскіх прысмакаў.
Брама сядзібы графаў Пуслоўскіх у вёсцы Пескі Бярозаўскага раёна.
Першы ўспамін пра Пескі (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці) датуецца 1503 годам. На мяжы ХVII—XVIII стагоддзяў Пескі перайшлі ва ўласнасць Пуслоўскіх, якія гаспадарылі тут ажно да 1939 года.
Ахоўная шыльда Міністэрства культуры ў Песках
Ад шыкоўнага палаца Войцэха Пуслоўскага XVIII—ХІХ стагоддзяў да нашых дзён захавалася няшмат, але і тое, што засталося, вельмі ўражвае: паўночная і рэшткі заходняй неагатычнай брамы сярэдзіны ХІХ стагоддзя, флігель сядзібы, вінакурня, парк з рэдкімі відамі дрэваў, якія растуць і сёння. Парк сканчваецца на беразе Чорнага возера. Так што калі завітаеце ў Пескі ў час летняй спёкі, то зможаце яшчэ і ў возеры пакупацца.
Флігель сядзібы Пуслоўскіх у Песках
Асноўнай разынкай парку з’яўляліся каналы: у месцах, дзе яны зліваліся, утвараліся выспачкі, кожную з якіх упрыгожвала скульптура ці альтанка. Па парку варта пашпацыраваць, каб адчуць атмасферу старасвецкай мінуўшчыны гэтых мясцінаў.
Асаблівай увагі патрабуюць дзве ўязныя брамы ў колішні маёнтак Пуслоўскіх, якія захаваліся з моманту росквіту сядзібы.
Паўночная брама ў Песках
Паўночная і заходняя брамы выкананыя ў неагатычным стылі. Можна ўявіць маштабы сядзібнага комплексу, калі толькі пад’езды да яго выглядаюць так прадстаўніча!
Заходняя брама ў Песках
Аматарам маляўнічых фота абавязкова варта тут прыпыніцца, асабліва побач з велічнай паўночнай брамай, што аздоблена дзвюма шматузроўневымі вежамі. Заходняя ж брама значна саступае ў памерах сваёй суседцы, але праз тое, што зусім не рэстаўраваная, аматарам «заброшкаў» прыйдзецца даспадобы.
У Рэспубліканскім біялагічным заказніку «Спораўскі» можна пазнаёміцца з унікальным жывёльным і раслінным светам тэрыторыі нізінных балотаў паабапал ракі Ясельда. Заказнік месціцца на тэрыторыі чатырох раёнаў Брэсцкай вобласці: Бярозаўскага, Івацэвіцкага, Драгічынскага і Янаўскага і займае больш за 19 000 гектараў.
Назва мясцовай экасцежкі «У краі вяртлявай чарацянкі» таксама не выпадковая. Справа ў тым, што гэты від птушкі, папуляцыя якой імкліва памяншаецца, водзіцца толькі ў Еўропе, і больш за палову папуляцыі гняздуе на нашай тэрыторыі. Чарацянка вяртлівая занесена і ў Чырвоную кнігу Беларусі. На Спораўскіх балотах папуляцыя чарацянкі налічвае каля 2000 птушак.
Экасцежка «У краі вяртлявай чарацянкі». Фота: tropinki.by
Маршрут экасцежкі мае працягласць каля двух кіламетраў, ён закальцаваны і ў двух месцах і праходзіць праз раку. Фішкай дадзенай сцежкі з’яўляецца тое, што перабірацца праз Ясельду трэба паромам, нават двойчы. Дзеля гэтага неабходна замовіць паслугі гіда, але чакаць вялікай групы экскурсантаў не давядзецца, паром працуе і для індывідуальных турыстаў. Замовіць экскурсію і азнаёміцца з прайсам на паслугі можна на сайце заказніка «Спораўскі».
Экасцежка «У краі вяртлявай чарацянкі». Фота: tropinki.by
Увесну ці ўвосень экскурсію па экасцежцы ёсць магчымасць сумясціць з наведваннем станцыі кальцавання птушак «Ясельда».
Кальцаванне птушак на станцыі «Ясельда». Фота: tropinki.by
На станцыю кальцавання арнітолагі прыязджаюць на пачатку траўня і працуюць тут недзе з тыдзень. Спецыялісты прывабліваюць чарацянак запісамі спеваў і вылоўліваюць, каб агледзець ды зафіксаваць параметры. Пасля птушку кальцуюць і запісваюць усе ейныя даныя. Пасля ўсіх маніпуляцыяў турысты маюць магчымасць уласнаруч адпусціць чарацянку.
Арнітолагі прыязджаюць на станцыю штомесяц, але маюць час на турыстаў толькі ўвесну і ўвосень, таму варта загадзя пацікавіцца ў заказніку, калі яны будуць на месцы.
Тым, хто яшчэ не знаёмы з ніводнай з беларускіх палескіх «Венецыяў», раім наведаць вёску Какорыца. Яшчэ зусім нядаўна падчас «вялікай вады» месцічы тут дабіраліся да сваіх хатаў на чоўнах. Зараз да большасці дамоў можна пад’ехаць на аўто, але тут да сёння захаваліся хутары, дасяжныя толькі па вадзе.
Вёска Какорыца. Фота: tropinki.by
Какорыца месціцца на беразе возера Спораўскае, праз якое працякае рака Ясельда, а з іншых бакоў вёскі раскінуліся маляўнічыя ды непадступныя нізінныя балоты. Месца непаўторнае, сюды варта патрапіць як аматарам прыроды, так і атмасферных фотаздымкаў.
Спыніцца ёсць дзе. Сядзіба «Куфрынка», што месціцца ў будынку колішняй школы стогадовай даўніны, гасцінна сустрэне вандроўнікаў.
Бездзеж — старадаўняе паселішча, сёння аграгарадок, дзе засталося вельмі шмат сведак далёкай мінуўшчыны, якімі можа пахваліцца не кожны сучасны горад. Упершыню Бездзеж узгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1409 годзе, і да Паўночнай вайны, калі быў ушчэнт спалены, нават меў статус горада. Сёння аграгарадок з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Бездзежскага сельсавета.
Праз Бездзеж праходзіла дуга Струвэ, і дадзенаму геадэзічнаму пункту найбольш пашчасціла ў добраўпарадкаванні: сёння тут ёсць інфармацыйныя шыльды, новенькі мемарыяльны знак і ахайна захаваны той самы першы пункт «Бездзеж», закладзены ў 1825 годзе.
Пункт Геадэзічнай дугі Струвэ. Фота: tropinki.by
Пункт Геадэзічнай дугі Струвэ. Фота: planetabelarus.by
Самым старым будынкам у Бездзежы з’яўляецца Свята-Троіцкая царква, узведзеная з дрэва ў 1784 годзе, што для драўлянага храма вельмі сур’ёзны ўзрост.
Свята-Троіцкая царква ў Бездзежы. Фота: planetabelarus.by
Першапачаткова храм узводзіўся як грэка-каталіцкі ў стылі народнага драўлянага дойлідства з элементамі архітэктуры барока. Пасля Студзеньскага паўстання 1863–1864 гг. расійскія ўлады перадалі храм праваслаўным.
Побач з царквой варта звярнуць увагу на званіцу, узведзеную адначасова з храмам, і на храмавы звон, адліты ў 1776 годзе, пра што сведчыць дата на ім.
Траецкі касцёл узведзены ў стылі класіцызм у 1820 годзе. Сам будынак вельмі сціплы па аздабленні і памерах, але ўсе характэрныя стылістычныя элементы прасочваюцца ў ягоным абліччы: галоўны фасад упрыгожаны трохкутным франтонам з барэльефным карнізам, завершаны невялічкай вежай.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Бездзежы. Фота: planetabelarus.by
Прадстаўнікамі вядомага мясцовага шляхецкага роду Ордаў фундавалі ўзвядзенне храма. Маёнтак выбітнага мастака ды кампазітара Напалеона Орды месціцца побач, у Варацэвічах. Яшчэ да Другой сусветнай вайны пры храме можна было пабачыць мураваную званіцу, але да нашых дзён яна не захавалася.
У Бездзежы варта звярнуць увагу на мемарыяльную калону, ці, хутчэй, капліцу, узведзеную напрыканцы ХVІІІ стагоддзя ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 года.
Мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 траўня ў Бездзежы. Фота: poshyk.info
Даследчыкі спрачаюцца, ці так гэта, і часам выказваюць версію, што помнік быў пабудаваны ў памяць аб перамозе канфедэратаў гетмана Вялікага Княства Літоўскага Міхала Казіміра Агінскага над расійскім войскам ў 1771 годзе. Так яно ці інакш, невядома, але пасля рэстаўрацыі помніка ў 2012 годзе на ім былі размешчаны некалькі шыльдаў з разнастайнай інфармацыяй.
Мясцовы музей «Бездзежскі фартушок» месціцца ў будынку колішняй школы. На падворку музея можна пабачыць экспазіцыю пад адкрытым небам, якая ўвасабляе вясковы падворак з усімі ўласцівымі яму побытавымі рэчамі, тыповы для Заходняга Палесся на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў. Яшчэ на тэрыторыі музея добраўпарадкаваны сажалка і дзіцячая пляцоўка.
Музей «Бездзежскі фартушок». Фота: planetabelarus.by
Бездзежскі музей — адзіны ў свеце, прысвечаны фартухам. Калекцыя музея налічвае больш за 200 экспанатаў гэтага элемента адзення і адмыслоўцы сцвярджаюць, што ніводзін малюнак на аўтэнтычных вырабах не паўтараецца.
Калекцыя фартухоў у музеі «Бездзежскі фартушок». Фота: tropinki.by
Ва ўстанове ёсць магчымасць загадзя замовіць дэгустацыю страваў мясцовай беларускай кухні. Абавязкова папрасіце пакаштаваць сала з «макухай» па традыцыйным бездзежскім рэцэпце. Макуха — адмысловая пасыпка з высушанага насення лёну, перацертага ў ступцы.
Макуха. Фота: @grano_lab
Драгічын — раённы цэнтр, мае насельніцтва каля 15 тысяч чалавек. Упершыню паселішча ўзгадваецца пад 1452 годам як сяло Давячоравічы Пінскага княства, пазней сучасны Драгічын быў уласнасцю каралевы Боны, пасля цэнтрам графства, а за Ажэшкамі Драгічын абзавёўся цэлым францішканскім кляштарам.
Сёння ад тых часоў у Драгічыне нічога не захавалася, але некалькі гісторыка-культурных каштоўнасцяў тут можна пабачыць. Адна з іх — мясцовая праваслаўная царква.
Стрэчанская царква ў Драгічыне. Фота: planetabelarus.by
Стрэчанская царква ў Драгічыне — помнік рэтраспектыўна-рускага стылю, узведзены з дрэва ў 1862 годзе паводле праекта архітэктара з прозвішчам Савіч. Царква была пабудавана на месцы больш старадаўняга храма, які быў выкананы ў стылі барока, верагодна, грэка-каталіцкага, які прыйшоў у заняпад пасля скасавання уніі. Сённяшняя царква ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Унутры храма варта звярнуць увагу на абразы ХІХ стагоддзя, асабліва на копію віленскага абраза Маці Божай Вострабрамскай у срэбным арнаментальным абкладзе, зробленым у ХVIII стагоддзі.
У Драгічыне штодня працуе шэраг установаў грамадскага харчавання: «Палессе», «Івушка», «Тайм», «Лакамка», «Д-бургер» і іншыя адчыненыя для турыстаў.
Калі хочацца пакаштаваць выкшталцонай палескай кухні, кшталту гарбузовага сочыва ці макухі, можна замовіць загадзя ў Какорыцы ў сядзібе «Куфрынка» ці ў музеі «Бездзежскі фартушок».
Калі вырашыце заночыць побач з экасцежкай сярод нізінных спораўскіх балотаў, можна замовіць пакой у мясцовым эколага-асветніцкім цэнтры, кошты тут вельмі прымальныя. Таксама ў ваколіцах маецца шэраг аграсядзібаў.
Больш традыцыйна можна заночыць у Драгічыне ў мясцовай гасцініцы на 16 месцаў. Рамонт тут быў 2007 годзе, нумары абсталяваныя ўсім неабходным.
Гасцініца ў Драгічыне. Фота: belhotel.by
Прапануем затрымацца ў Драгічыне і прыхапіць адсюль прадукцыі з мясцовага фармацэўтычнага прадпрыемства «Экзон»: гематагену, аскарбінкі, натуральных сіропаў з чабору ці шыпшыны. А як знойдзеце ў мясцовых сала па знакамітым бездзежскім рэцэпце з макухай, можна лічыць, што палескі гастранамічны план-мінімум выкананы.
Яшчэ тут варта пакаштаваць вяленай рыбы, якую мясцовыя робяць кожны па сваім адмысловым рэцэпце.
Язэп Вараніцкі, budzma.org