16 мая 1995 года на даху адміністрацыі прэзідэнта па адрасе Карла Маркса, 38 быў зняты дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг. І не проста зняты, а падраны на кавалкі, на якіх тагачасны кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў паставіў свае аўтографы. «Салідарнасць» прыгадвае гісторыю аднаго дзяржаўнага злачынства.
Шмат пазней былы заўгас Лукашэнкі ў інтэрв’ю «Нашай Ніве» прывёў уласную версію падзей:
— Значыць, я прыехаў на працу ў адміністрацыю. Мне прыходзіць каманда зняць сцяг з будынку. Наверх падымаемся я, мой намеснік Лявонцій Харужык, здаецца, яшчэ два намеснікі. Палезлі мы, значыць, такія наверх. І хтосьці з намеснікаў кажа: «Іванавіч, давайце разрэжам сцяг на кавалачкі, каб было на памяць».
А хтосьці знізу з апазіцыі зняў усё гэта. І тут раздулі — ёпт. Хіба б я мог сабе такое дазволіць? І цяпер у інтэрнэце гэта ўвесь час раздзьмуваюць.
Насамрэч, зняў усё гэта тагачасны аператар Лукашэнкі Дзмітры Завадскі. Чыноўнікам не спадабалася тое, што іх твары трапілі буйным планам у кадр. Таму ў навінах паказалі толькі ўзняцце лукашэнкаўскага чырвона-зялёнага сцяга.
Вось як пра гэта па гарачых слядах расказаў «Радыё Свабода» журналіст Эдвард Тарлецкі:
— Роўна ў 16.10 учора на доме ўжо прэзідэнтавым быў спушчаны бел-чырвона-белы сцяг, а яшчэ праз дзесяць хвілін узняўся іншы — чырвона-зялёны з арнаментам. Ад учора Беларусь пачала жыццё пад новымі-старымі сімваламі. Шчаслівыя твары ўдзельнікаў акцыі былі паказаныя ў вечаровым выпуску дзяржаўных навінаў. Аднак гледачы не даведаліся, што сталася з беларускім сцягам.
Мяркуючы па тых гістарычных кадрах, Ціцянкоў і ягоныя калегі сапраўды выглядалі задаволенымі. Іхнія твары свяціліся ўсмешкамі, заўгас нешта напяваў сабе пад нос.
А калі хтосьці з удзельнікаў ганебнай «аўтограф-сесіі» выказаў перасцярогу наконт магчымай рэакцыі, Ціцянкоў упэўнена абсёк:
— Ну, если это Позняк увидит...
— Да пусть он задушится!
Чаму важна памятаць пра гэтую падзею і нагадваць пра яе тым, хто пра яе забыў? Не толькі таму, што той канкрэтны ўчынак Ціцянкова цягнуў на крымінальнае злачынства.
Так, вынікі рэферэндума 14 мая 1995-га яшчэ не былі афіцыйна агучаныя, таму бел-чырвона-белы сцяг фармальна быў усё яшчэ дзяржаўнай сімволікай. Адпаведна, дзеянні прэзідэнцкага заўгаса цягнулі на крымінальны артыкул «Здзек з дзяржаўных сімвалаў».
Скан газеты «Свабода», якая захоўваюцца ў інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат
І не толькі таму, што ў чарговы раз адбылася яркая дэманстрацыя таго, што за людзі атрымалі ўладу над краінай.
Той выпадак нагадвае нам, што і сам рэферэндум быў незаконным ад самага пачатку. Нагадаем па пунктах.
— Гэтыя два юрыдычныя моманты — незаконнае прызначэнне рэферэндуму і пытанні мовы і сімволікі — бясспрэчныя. Любы Канстытуцыйны Суд, калі ён адновіць свае нармальныя паўнамоцтвы і паўнавартасную працу, адменіць гэтыя вынікі, — казаў у свой час колішні дэпутат Незалежнасці Лявон Баршчэўскі.
Глядзіце яшчэ: