Аляксей Гайдукевіч разважае на budzma.org пра тое, якім чынам можна эфектыўна пераадолець наступствы алкагольнай катастрофы ў нашай краіне.
Шэраг мерапрыемстваў па тэме і штогадовая планавая публікацыя статыстыкі смяротнасці ад ужывання алкаголю ці наступстваў стала выклікаюць у СМІ і экспертаў хвалю артыкулаў.
Але, як гэта кожны раз і адбываецца, хваля хутка праходзіць, а праблема застаецца.
Сёлетнім раздражняльнікам выступіла канферэнцыя, арганізаваная саюзам вытворцаў і прадпрымальнікаў, на якой абмяркоўвалі неабходнасць рэгулявання дзяржаўнай алкагольнай палітыкі.
Рэхам, што, здаецца, разнеслася ўпершыню, стала меркаванне вядомага палітыка, экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Яраслава Раманчука.
Вельмі паказальна, але гэтае меркаванне прадэманстравала фатальнае неразуменне наступстваў алкагольнай катастрофы і, бадай, самае галоўнае – адсутнасць бачання спосабаў яе пераадолення.
Прыкра, што нават такія вядомыя спецыялісты, як Раманчук, думаюць застарэлымі шаблонамі, прапануюць меры, якія ўжо некалькі дзесяцігоддзяў лічацца неэфектыўнымі (а некаторыя – нават шкоднымі). Асабліва ўразіла ігнараванне неабходнасці ўдзелу грамадскасці ў супрацьстаянні фатальнай алкагалізацыі.
Досвед Ісландыі ярка дэманструе, што галоўным падмуркам у супрацьстаянні распаўсюджванню алкагалізацыі і наркатызацыі сярод моладзі з'яўляецца моцная грамадзянская супольнасць, а таксама развітая лакальная салідарнасць.
Забаронамі і абмежаваннямі можна змагацца толькі з наступствамі. Ісландцы ж зрабілі стаўку на ўдар пад самы корань праблемы!
За 20 гадоў на востраве здолелі знізіць адсотак сярод маладых людзей (15-16 гадоў), якія ўжывалі алкаголь і наркотыкі, з 43 да 5 у сярэднім. Пры гэтым удзел дзяржавы, прынамсі цэнтральных уладаў, быў мінімальным.
Галоўную працу з бацькамі і з мясцовымі супольнасцямі вялі і вядуць валанцёры і актывісты, а ўлады толькі развіваюць інфраструктуру для заняткаў спортам, мастацтвам і інш.
Фота: nrk.no
Краіна з аднымі з самых жорсткіх правілаў па продажы алкаголю і тытуню сутыкнулася з катастрафічнай алкагалізацыяй і наркатызацыяй у 80-я, 90-я. Ніякія забароны і перагляд падатковай палітыкі не дапамагалі, а ў некаторых выпадках толькі пагаршалі становішча ў грамадстве.
Дзякуючы намаганням групы актывістаў у адным з рэгіёнаў мясцовыя ўлады пачалі эксперымент, які прадугледжваў сур'ёзную працу па актывізацыі супольнасцяў, бацькоўскіх камітэтаў для салідарнай працы на карысць моладзі.
Пасля поспеху праект быў перанесены на іншыя рэгіёны Ісландыі.
Такім чынам, цяпер бацькі ў Ісландыі складаюць пісьмовае абавязанне перад грамадой камуны кантраляваць вольны час сваіх дзяцей, праводзіць не менш за тры дні на тыдзень з падлеткамі, удзельнічаць у працы бацькоўскіх камітэтаў і мясцовых арганізацый, якія сочаць за выкананнем заканадаўства на вуліцах гарадоў і вёсак.
Мясцовыя супольнасці і выбарныя адміністрацыі, у сваю чаргу, займаюцца развіццём спартыўнай інфраструктуры і месцаў для мастацкіх заняткаў, выдаткоўваюць грошы маладым людзям для наведвання секцый.
Адзінай забаронай, прадугледжанай праграмай, з'яўляецца абмежаванне для падлеткаў па знаходжанні на вуліцы пасля 22:00.
Безумоўна, такога кшталту меры патрабуюць большага часу і, што самае галоўнае, працы наўпрост з людзьмі, грамадскім сектарам, развіцця яго і прыватнай ініцыятывы на лакальным узроўні. Гэта нашмат цяжэй, чым правядзенне тэматычных канферэнцый і начытка лекцый школьнікам.
Але сацыялагічныя даследаванні і распаўсюджванне досведу ісландцаў нават на суседнія краіны (у Каўнасе праграма працуе з 2006 года і ўжо дэманструе нечуваную эфектыўнасць) даводзяць неабходнасць дзейнічаць падобнымі метадамі.
У свеце існуе шмат праектаў, альтэрнатыўных "забарончым і асветніцкім метадам", пра якія так шмат гавораць у Беларусі. Дарэчы, у асноўным толькі гавораць.
Пра адзін з такіх – фінансавае заахвочванне супрацоўнікаў, якія не ўжываюць тытунь і алкаголь, згадвалі беларускія вучоныя.
Такога кшталту пачынанні могуць знайсці разуменне цяпер выключна ў адзінак кіраўнікоў ці ўласнікаў прадпрыемстваў, кампаній. Толькі прыватная ініцыятыва здольная да такіх крокаў.
Бо, улічваючы алкагольна скіраваны бюджэт дзяржавы, спадзявацца на рэалізацыю такога кшталту ініцыятыў з боку ўладаў, здаецца, не варта.
У Беларусі толькі мэтанакіраваная праца грамадскасці можа даць плён у прадухіленні найгоршых наступстваў алкагольнай катастрофы, якая напаткала краіну. І рабіць гэта трэба тут і цяпер.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!