Срэбны, агромністы, бандыцкі. Дэтэктыўная гісторыя пра Каз’янкаўскі скарб Х ст.

12.07.2023 Гісторыя

Раніцай 24 красавіка 1973 г. школьнікі-падлеткі выправіліся вудзіць рыбу на Дзвіну каля вёскі Каз’янкі зусім побач з горадам Полацкам пры ягонай паўднёва-заходняй ускраіне. Каля ракі на свежа ўзараным полі (пачыналася сяўба, трактар араў поле позна ўвечары) убачылі незвычайна яркае пад промнямі ранішняга сонца белае ззянне, якое сыходзіла ад вялікай серабрыстай плямы. Выявілася, што поле ўсеяна мноствам вывернутых плугам манет.


Карта вёскі Казянкі пад Полацкам

Вёска Каз’янкі пад Полацкам

Так пачалася першая дзея дэтэктыўнай гісторыі, якая сваімі каранямі сягала ажно ў Х ст., мела працяг у канцы 90-х гадоў ХХ ст. і, напэўна, не скончылася да сёння. Ці ўвесь скарб дайшоў да музея? Якая яго гістарычная каштоўнасць? Як парушэння правілаў захоўвання выратавала скарб ад спробы выкрадання? Распавядаем у артыкуле.

Каз'янкаўскі скарб

Каз’янкаўскі скарб

Незвычайная знаходка

Дэталі гісторыі вядомыя з аповедаў найбуйнейшага беларускага нумізмата, светлай памяці прафесара Валянціна Рабцэвіча, які займаўся апрацоўкай Каз’янкаўскага скарбу.

Школьнікі аказаліся даволі свядомымі і адукаванымі мальцамі, настолькі, каб скеміць, што знаходка мае гістарычную каштоўнасць і месца ёй у музеі. Паздымалі майкі, зрабілі з іх торбы, наладавалі манетамі і пайшлі на аўтобус, які кіраваўся ў горад. Аўтобус быў запоўнены мясцовымі жыхарамі, бо рабочы дзень — аўторак, людзі ехалі ў горад на працу. Натуральна, пасажыры распыталі падлеткаў, што вязуць і дзе ўзялі, пасля чаго аўтобус імгненна апусцеў і школьнікі паехалі далей адныя.

Там іх чакала чарговая затрымка ў краязнаўчым музеі — супрацоўнікі пайшлі на абед, а дырэктар, хоць і быў на месцы, аказаўся, мякка кажучы, прафесійна некампетэнтным (як гэта знаёма ў сённяшняй Беларусі!). Замест таго, каб не губляючы і хвіліны, хапаць транспарт і мчацца на месца знаходкі, ён параіў мальцам вярнуцца і прынесці яшчэ такіх манет. Але тут пачалі падыходзіць з абеду супрацоўнікі, і яны адрэагавалі як мае быць, паехалі з хлопцамі ў Каз’янкі, нічога ўжо на полі не знайшлі і пачалі хадзіць па хатах, каб уратаваць частку скарбу (дагэтуль невядома, якую па памерах), расхапаную мясцовымі жыхарамі. Прапаноўвалі вярнуць манеты (скарб, схаваны ў зямлі ці дзе яшчэ, па законе належыць дзяржаве), прасілі, пагражалі, падключылі міліцыю. Нехта аддаў срэбра, а той-сёй — і не, затаіўся.

Скарб вагой 20 кг

Па сухой статыстыцы, пададзенай прэс-службай Полацкага нацыянальнага музея-запаведніка, «асноўная частка скарбу (7650 манет) паступіла ў фонды музея ў 1973–1974 гг., неўзабаве пасля выяўлення, пазней да іх дадаліся яшчэ 13 манет, якія паступілі з прыватных калекцый».

прафесар Валянцін Рабцэвіч

Прафесар Валянцін Рабцэвіч

Прафесар Рабцэвіч напісаў: «Значная частка раскрадзеная непасрэдна пасля выяўлення. Сёння вядомыя 7690 срэбных манет (7599 захоўваюцца ў Полацкім краязнаўчым музеі, 91 манета з ліку тых, што пайшлі па руках, вядомая па алоўкавых эстампажах і фотаздымках)». Але нават ацалелая частка скарбу цягне на самую вялікую ва Усходняй Еўропе знаходку арабскіх дзірхáмаў (правільна пісаць і казаць менавіта дзірхáм) — каля 20 кг вагой!

Куфічны дырхем

Куфічны дзірхам

У ІХ—Х ст. усходнеславянскія землі, на якіх няма срэбных руднікоў, карысталіся манетай Арабскага халіфата — агромністай імперыі з прасцягам ад Пірэнейскай паўвыспы да Індыі. Манета называецца куфічны дзірхáм — ад грэцкай драхмы, а куфічны — ад стылю пісьма, якім выконвалася легенда. Афіцыйная вага была паміж 2,7 і 3,4 грамамі, срэбра вельмі высокай пробы, яно сплаўлялася з іншымі металамі (хімічна чыстага срэбра ў паўнавартаснай манеце было больш за 90%!).

Які ўзрост скарбу і чаму ён такі вялікі

Самы стары дзірхам скарбу — канца VII — першай паловы VIII ст. паходзіць з Ірака, наймаладзейшы — біты ў Самаркандзе ў 944/945 г. Адсюль дата схованкі — сярэдзіна 40-х гадоў Х ст. (не раней за 944 г.). Сярод эмітэнтаў (тых, хто выпускаў манеты) казачныя імёны, нібыта з «Тысячы і адной ночы»: Харун ар-Рашыд, ал-Мутасі біллахі, ал-Мутаваккіл аліл-лахі...

У даследчыкаў не ўзнікала пытання, чаму скарб быў схаваны менавіта тут — ля Полацка на беразе Заходняй Дзвіны. Ясна, што паходзіў з тагачаснай вялікай гандлёвай дарогі, шляху «з варагаў у грэкі».

Шлях з варагаў у грэкі

Шлях «з варагаў у грэкі»

Цяжэй было знайсці адказ на пытанне, чаму скарб такі надзвычайна вялікі? Прафесар Рабцэвіч — найлепшы знаўца справы, прыйшоў да высновы, што Каз’янкаўскі скарб — здабыча разбойніцкай хеўры, сабраная з рабунку купецкіх караванаў. Тое, што ён застаўся ў зямлі, наводзіць на думку пра нешчаслівы канец тых (ці таго), хто яго схаваў. Пэўна спаймалі ды павесілі, а можа, проста перабілі падчас чарговай акцыі — але пра месца схованкі ніхто іншы не даведаўся.

Як спрабавалі скрасці скарб

У 90-я гады ХХ ст. духоўныя нашчадкі тых сярэднявечных бандытаў ледзь-ледзь не завалодалі скарбам, часова перададзеным з Полацка ў нумізматычны кабінет гістфака БДУ для навуковай апрацоўкі. Залезлі ў будынак, звязалі загадчыка, улезлі ў сейф, забралі іншы скарб дзірхамаў, але Каз’янкаўскі абмінулі, з-за... парушэння правілаў захоўвання. Дваццаць кіло срэбнай манеты былі наладаваныя ў скрынкі з-пад абутку, але складзеныя не ў сейфе, а пры сцяне пакоя, за шчытамі.

Каталог Каз'янкаўскага скарбу

Каталог Каз’янкаўскага скарбу

Каз’янкаўскі скарб будзе яшчэ доўга вывучацца, бо гэта настолькі вялікі і складаны комплекс куфічных манет, што, па выразе аднаго з нумізматаў, «праца з ім заўсёды будзе мець папярэдні характар».

Канстанцін Семяновіч, budzma.org