«За 5 год змянілася ўсё»: стан культуры ўнутры Беларусі ў 2025 годзе

Беларуская Рада Культуры зрабіла агляд сітуацыі ў сферы культуры ўнутры Беларусі. Агляд падрыхтаваны на падставе размоваў з творцамі, якія працуюць у розных галінах культуры ў Беларусі. Ён дае ўяўленне, што і як адбываецца цяпер у краіне.

Bielaruskaja kuĺturaКрыніца: vetliva.ru

У аглядзе абазначаны асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай культуры за апошнія 5 гадоў.

Расійская культурная экспансія

Цяпер Беларусь выглядае краінай, якую паступова прадаюць ідэалагічна, інфармацыйна і інфраструктурна. Расійская прысутнасць адчуваецца літаральна ўсюды: ад шоп-тураў і санаторыяў да поўнага дамінавання ў культурнай прасторы.

Беларускі музычны рынак амаль цалкам заняты расійскімі артыстамі, прычым выступаюць пераважна тыя, хто адкрыта падтрымаў вайну ва Украіне. Яны збіраюць аншлагі па два-тры канцэрты запар. Альтэрнатывы практычна няма.

На кніжным кірмашы ў Мінску не было незалежных беларускіх выдавецтваў, кніг з ЕС і ЗША, і нават з Ізраілю. Паліцы запоўненыя расійскімі выданнямі, у тым ліку ваенна-патрыятычнымі.

У сферы кіно беларускае фінансаванне і інфраструктура абслугоўваюць расійскія праекты. Прыватныя студыі Беларусі працуюць як тэхнічны дадатак да расійскай індустрыі.

Цэнзура і кантроль

Кожнае публічнае мерапрыемства ў Беларусі павінна прайсці ўзгадненне з уладамі. Патрэбна падаваць не толькі праграму, але і пашпарты ўсіх удзельнікаў, і спасылкі на іх сацсеткі. Пры наяўнасці ў КДБ «галочкі» — выступ забаронены. «На вас стаіць галочка» — стандартны адказ.

Святы кшталту Дня святога Валянціна і Хэлоўіна забароненыя, нават Купалле ў Дудутках адмянілі. Падзеі, узгодненыя раней, могуць быць адмененыя па даносе. Канцэрты, выставы і фэсты зрываюцца нават у дзень правядзення.

Творчы і тэхнічны склад тэатраў і студый узгадняюцца з сілавікамі. Гэтае ўзгадненне можна не атрымаць праз нелаяльнасць да рэжыму. У незалежным кіно — практычна поўная стагнацыя праз адсутнасць легальных механізмаў працы.

Самацэнзура і страх

Страх прасякнуў усю сферу. Творчыя людзі прывыклі думаць не пра поспех, а пра рызыку: «Ці не адграбу я за гэта?» Нават фатографы і выдаўцы прызнаюцца: «Цісне страх».

Правілы і шэрыя схемы

Івэнты праводзяцца пераважна праз шэраг установаў, што маюць афіцыйнае права. Такія структуры выконваюць функцыю пасярэдніка

Прыбыткі арганізатараў і артыстаў істотна знізіліся. Грошы зарабляюцца пераважна на расійскай аўдыторыі. Мясцовыя артысты, нават з імем — у фінансавай няпэўнасці.

Новая сцэна, старая ізаляцыя

Нягледзячы на ціск, у Беларусі з’яўляюцца новыя імёны. Але маладыя творцы часта не ведаюць папярэднікаў, не маюць кантэксту і натхняльных прыкладаў. Адсутнічае крытыка, няма магчымасцяў для росту і абмену досведам.

Паступова знікае памяць пра вядомых актараў і актарак: тыя, хто з’ехаў, губляюць пазнавальнасць, а тыя, хто застаўся, — пад забаронай. Тэатральны рэпертуар — стэрыльны, без вострых тэм і эксперыментаў.

Беларуская мова — выклік і шанец

Ствараць культурны прадукт па-беларуску — рызыкоўна. Але ёсць попыт: бізнес цікавіцца беларускай мовай як адметнасцю. Пры гэтым дзяржава спрабуе выкарыстоўваць нацыянальную мову для стварэння кіраванай «паспяховай» карцінкі.

Стратэгіі выжывання

Культурніцкія дзеячы шукаюць ствой варыянт адаптацыі і камбінуюць некалькі розных стратэгій, каб захаваць сваю ідэнтычнасць. Кожны з гэтых варыянтаў абумоўлены экстрэмальнымі ўмовамі і мае розныя праяўленні:

— часткова спыняюць творчасць;

— працуюць падпольна;

— падладжваюцца да ўлады дзеля магчымасці працаваць;

— жывуць у Беларусі, але працуюць на замежжа;

— імітуюць лаяльнасць;

— адкрыта працуюць на рэжым.

Ёсць і гатоўнасць працаваць з «мяккімі» тэмамі: рамёствы, фальклор, дзіцячая літаратура. Часам — праз дзяржаўныя выдавецтвы. Таксама ёсць запал працаваць з маладымі, перадаваць досвед, будаваць супольнасць.

Запыты знутры

Нават у самыя цёмныя часы ў творчых людзей ёсць патрэба фіксаваць і ствараць калі не для шырокай аўдыторыі, то хаця б для самаго факту стварэння. Таму сярод запытаў самыя распаўсюджаныя:

— падтрымка творчасці без публічнасці (рэзідэнцыі, стыпендыі);

— фіксацыя штодзённасці і назапашванне культурнай памяці; адукацыйныя і перакладчыцкія праекты;

— падтрыманне кантакту з беларусамі за мяжой;

— запрашэнне замежных спецыялістаў у Беларусь;

— ментарская падтрымка ўнутраных ініцыятыў;

— выданне важных кніг без дзяржаўных датацый;

— падтрымка праектаў, звязаных з традыцыйнай культурай.

Масты праз мяжу

Беларусы і беларускі абапал мяжы гатовыя супрацоўнічаць, але ім патрэбныя:

  • Падтрымка рэальнага дыялогу;
  • Арганізацыя сумесных праектаў;
  • Прызнанне экспертызы тых, хто працуе ўнутры Беларусі;
  • Разуменне кантэксту і розных умоваў жыцця.
  • Нягледзячы на страх і падзелы, унутры краіны засталося шмат тых, хто працягвае трымаць культуру жывой. Ім патрэбныя не толькі рэсурсы, але і надзея, што пра іх памятаюць і гатовыя слухаць.

Беларуская культура не знікла. Яна — у стане супраціву і адначасова — у пошуку новых форм жыцця.