Навука па-беларуску немагчымая? Стваральнікі часопісу «Pamyłka» разбураюць шкодны стэрэатып

Беларускі стварылі беларускамоўны часопіс «Pamyłka», каб расказаць пра навуковыя адкрыцці, зробленыя беларусамі: ад вывучэння соваў да даследаванняў анкалагічных захворванняў, «Белсат» паразмаўляў са стваральніцамі часопіса пра тое, адкуль узялася такая назва, прэмію для навукоўцаў «Бізон Гіґс», выкарыстанне лацінкі ды галоўныя выклікі, якія бачыць перад сабой каманда.

Vokladka zinu «Pamyłka» Вокладка зіну «Pamyłka»

Беларусы — вельмі адукаваныя і разумныя людзі, але на жаль, яны не так шмат ведаюць пра ўласныя поспехі і дасягненні. Таму выкладчыца фізікі Святлана Волчак разам з аднадумцамі пастанавіла стварыць навукова-папулярны часопіс Pamyłka. Стваральнікі жартам называюць сябе PR-агенцтвам для беларускіх навукоўцаў.

«Белсат» паспрабаваў разабрацца, адкуль ідэя назвацца памылкаю, ды яшчэ з дадаткам zin. Ад сябе дадамо, што канцоўка zin бярэ традыцыю з англійскамоўнага тэрміну fanzin: фанацкі часопіс. І Святлана Волчак пацвярджае нашыя здагадкі: часопіс яны акрэсліваюць як самвыдат.

Новы навуковы часопіс — новыя выклікі

А ідэя стварэння выдання належыць Юрыю Адамаву, які цяпер, на жаль, палітычны вязень. Святлана згадвае забаўную гісторыю:

«Неяк мы сустрэліся з Юрам, і ён кажа: «Эх, на жаль, няма ў нас часопісу пра беларускую навуку». Кажу: «Юра, дык давай зробім. Ты напішаш артыкул, я напішу артыкул, яшчэ нехта напіша артыкул, і ўжо будзе часопіс».

На пэўным этапе да ініцыятывы далучылася філалагіня Наста Кахан. Насту запрасіла дызайнерка часопісу: «Вось, маўляў, ёсць хлопцы і дзяўчаты, якія ствараюць навуковы часопіс: ці не хацела б ты рэдагаваць яго, узяць на сябе моўную частку?» І рэдактарка не хавае, што для яе гэта быў прафесійны выклік, бо да сутыкнення з камандаю зіну яна не была аматаркаю навукі, а тым больш натуральных навук.

«Навуковая лексіка не ў маім штодзённым прафесійным ужытку. Таму гэта выклік: як працуе беларуская мова ў навуковай сферы? Я прыняла гэты выклік, а потым здарылася любоў».

Sviatlana Volčak i Nasta Kachan
Святлана Волчак і Наста Кахан. Скрыншот з праграмы «Раніца з «Белсатам»

«Pamyłka» — адкуль яна ўзялася?

І тут не ўсё так проста. Рэч у тым, тлумачыць Святлана, што яна як настаўніца фізікі, якая працавала ў лабараторыях, дакладна ведае, што ёсць вялікая частка працы, якая прысвечаная памылкам вымярэння. Па-англійску гэта называецца uncertainty. Гэта вельмі важна, бо любая прылада мае uncertainty, памылку вымярэння. Святлана нават зрабіла галасаванне на сваёй старонцы ў Facebook: якую назву абраць? І адна прапанова была: памылка вымярэння. А дызайнерка часопісу, па-першае, вельмі любіць лацінку і хацела яе выкарыстаць. А па-другое, яна палічыла, што такая назва задоўгая, і вырашыла скараціць другое слова — засталася «памылка».

«Аказалася, гэта так класна выглядае, і вельмі сімвалічна. Пачалі думаць, што ў гэтым ёсць значна глыбейшы сэнс. Гэтая назва псіхатэрапеўтычная для беларускага грамадства. Таму што мы баімся рабіць памылкі, нам трэба навучыцца не баяцца іх рабіць».

Усе навукоўцы ведаюць, што кожнае адкрыццё пачынаецца з памылак. Людзі бачаць памылкі, а пасля спрабуюць адшукаць, які новы закон адпавядае гэтай памылцы.

Прэмія «Бізон Гіґс»

Папраўдзе, нам вельмі даспадобы такая філасофія. А ці ёсць беларускім навукоўцам чым ганарыцца?

Паводле прадстаўніц праекту, беларусы занадта сціплыя. Каманда часопісу правяла прэмію пад назваю «Бізон Гіґс».

Simval premii «Bizon Higs 2024»
Сімвал прэміі «Бізон Гіґс 2024». Фота: «Бізон Гіґс 2024»


Любы чалавек можа намінаваць навукоўца. І так мы даведаліся, што хтосьці распрацоўвае робата, як Юлія Сандамірская, хтосьці працуе з совамі, як Дзяніс Кіцель. А Максім Домніч, які атрымаў узнагароду, працуе ў сферы анкалогіі і спрабуе вылекаваць рак. Каманда зіну пра гэта не ведала, але людзі ведалі, і вельмі добра, што яны адзначылі навукоўцаў.

«Мы цяпер можам прачытаць пра іх, — дадае Святлана Волчак, — новыя матэрыялы, інтэрв’ю з гэтымі людзьмі. Гэта вельмі файна, і мы спадзяёмся, што такіх асобаў будзе больш відаць.Трэба сказаць, што прэмія — валанцёрская праца. Мы збіраем данаты на ўсё гэта».

Гэта паказвае, як беларусы шмат могуць рабіць разам, талакою. «Pamyłka» ладзіць прэмію, а таксама школу для рэдактараў. Зін разросся ўжо ў салідную інстытуцыю.

Наста Кахан пагаджаецца, што зін і ўсё, што робіцца вакол яго, — гэта прэзентацыя навуковай супольнасці і тых, хто да яе далучаецца. Місія ў тым, каб падтрымліваць цікавасць да сферы, каб не толькі іхная каманда гэтым займалася: такога кшталту праекты могуць быць і ў іншых галінах. Тая ж рэдактарская школа была створаная з думкаю пра пераемнасць. На гэтым прыкладзе можна паказаць, як тое робіцца, якія падыходы выкарыстоўваюцца, што гэта можна ўжываць у розных галінах.

«Беларуская мова можа выкарыстоўвацца ў навуцы!» — пэўная Святлана Волчак.

Alina Koŭšyk, Anatoĺ Šyrvieĺ, Sviatlana Volčak i Nasta KachanАліна Коўшык, Анатоль Шырвель, Святлана Волчак і Наста Кахан. Скрыншот з праграмы «Раніца з «Белсатам»

Лацінка скарае беларускую навуку?

Вокладка часопісу стылёвая і кідкая, звяртае на сябе ўвагу і лацінка, якая прысутнічае не толькі ў назве часопісу, але ў артыкулах. Яны публікуюцца ў двух правапісах: класічным і афіцыйным. Ці не ўскладняе каманда і без таго складанае заданне?

«Мы канстатуем факт, што беларуская мова існуе ў двух правапісах. Я вельмі радая, што гэта не накінутае намі, не накінутае мною, як чалавекам, які адказвае за моўную частку. Гэта вынікае само сабою: аўтары выбіраюць правапіс. І ў нас выходзяць лацінкаю артыкулы таксама з жадання аўтараў. Яны выказваюць такую ініцыятыву», — тлумачыць Наста Кахан.