«Новая зямля» для 150 000 пакістанцаў

«Заходзьце, госці дарагія! Ды не разувайцеся вы, не разувайцеся! Есці будзеце?..» Беларусы: яны якія? Талерантныя. Рахманыя. І — гасцінныя. Так нас вучылі ў школе. Чаму ж тады народ, і без таго задушаны рэпрэсіямі, прывучаны да маўчання, пачаў абурацца 150 тысячамі новых «гасцей»?

Alieś Kirkievič Алесь Кіркевіч

Міф пра талерантнасць беларусаў — менавіта што міф. Беларусы не талерантныя, яны — маўклівыя. Народ маўчуноў. Кожную сваю нязгоду будуць доўга пераварваць, пасля падзеляцца з блізкімі-роднымі, а толькі пасля — з усім светам. 

Але гэта недакладна. Той народ, які нават у «траваядныя часы» мог доўга думаць, ставіць падабайку ці не. Паставіць — пасля прыбярэ. Бо а «раптам што»

Гасцінны народ з ...сякерай пад лавай 

Siakiera
Крыніца: papik.pro

З гасціннасцю — тое самае. Заўважце, якая розніца паміж нашай гасціннасцю і ўсходняй, апетай у літаратуры і казках. На ўсходзе цябе прымуць, накормяць. Гэта дэманстрацыя гаспадаром сябе, сваіх магчымасцяў. Але калі абразіш каго — зарэжуць. Прычакаўшы, пакуль пакінеш дом. Традыцыйны канон, які цяпер можа выглядаць па-іншаму, але агульны сэнс прыкладна такі. 

Беларуская гасціннасць — змушаная. Гэта запавет, які перадавалі выжылыя пасля шматлікіх войнаў. З маскавітамі, татарамі, шведамі, французамі, немцамі... кім заўгодна. Прычым які-небудзь селянін з-пад Лынтупаў — ён жа не ваяваў са шведамі. Гэта яны да яго прыйшлі. А як не дасі паесці, то пойдзеш у калодзеж. Навучыліся.

А вось адваротны бок гасціннасці — беларуская партызаншчына. Ты іх пакармі, напаі, паўсміхайся вінавата. Хай сабе крэпка прыснуць, а тады ўжо... І ніхто іхных костачак ніколі не знойдзе. Чаму, уласна, частка нашага ландшафту — розныя «шведскія курганы» ды «магілы стральцоў». Беларус не забываецца на крыўды. Ён іх збірае і канвертуе ў колькасць сякераў пад лавай. 

Добра працуеш — крэдыт і кватэра, дрэнна — бізуна

MihrantyАляксандр Лукашэнка наведвае мігрантаў на беларуска-польскай мяжы. Лістапад 2021 г. Фота: CFP, news.cgtn.com

Чаму беларусаў абурыла гісторыя пра 150 000 гасцей з сонечнага Пакістана? Бо ў ёй чытаецца фальш, спроба падмануць, забраць самае дарагое — зямлю, месца. Нават калі ў тваёй галаве гэтае самае месца яшчэ не дарасло да «Радзімы» з вялікай літары. І ўсё гэта народу спрабуюць «прадаць» як падарунак лёсу, каб «захаваць наш народ, быць суверэннымі, незалежнымі, будаваць Музей гісторыі беларускай дзяржаўнасці і любавацца...»  

Але чакайце-чакайце. Хто ж тады — народ? І што такое «народ» наогул? А дзе ж народ у тым «музеі дзяржаўнасці», на якім стэндзе? Дзе любавацца?.. Вось тут мы і разыходзімся. 

Бо для тых, хто трымае ўладу ў Беларусі, народ — гэта колькасць насельніцтва, якая працуе на зямлі. Добра працуе — атрымлівае крэдыты і кватэры для шматдзетных. Дрэнна працуе, а, крый Божа, бунтуе — атрымае бізуна. Нічога не нагадвае?..

«Грамадзяне» ці «прыгонныя сяляне»?

Sialianie

Дастаткова замяніць «грамадзяне» на «прыгонныя сяляне» — і ўсё стане на свае месцы. І пра тое, каму колькі нараджаць, і хто дзе бегаў у 2020-м, і пра тое, што ўсё тут трымаецца і круціцца вакол эканомікі. Правільна, бо так уладкаваная фальваркавая гаспадарка. Дзе ёсць пан і — паншчына. 

Мы не разумеем мэсыджаў улады, бо не ўмеем іх чытаць. Таму штораз падманваемся словамі «беларусы», «грамадзяне», «народ». У прыгоннай сістэме селянін — гэта інвентар, які размаўляе. Так склалася: «гаварашчы». Няважна, на якой мове. Няважна, якога колеру. Калі інвентар няспраўны, ну — давайце іншы. Можна загранічны. Абы працаваў. Абы гаспадарка круцілася. 

Таму ўлада ніколі не зразумее народных пратэстаў. Бо гэта — усяго толькі сялянскі «бунт» праз умовы абыходжання. Трэба пакараць завадатараў. Палепшыць умовы. Ці — паабяцаць палепшыць умовы, «перагарнуць старонку». Ну, што вы там яшчэ хочаце?.. Як быццам сяляне наўпрост хочуць іншага пана, больш «людзянага», а не змены стасункаў — у прынцыпе. 

Гісторыя пра беларусаў

Гісторыя пра пакістанцаў насамрэч не пра пакістанцаў. Няважна, які там сярод іх будзе ўзровень злачыннасці і каму яны моляцца. Не істотна. 

Людзі ўбачылі ў гэтым стаўленне да сябе (дарэчы, як і падчас драмы з Кавідам у 2020-м). Народ адчуў, што ён не народ. А ўсяго толькі «інвентар», які пры нагодзе можна замяніць.

Адсюль і абурэнне. Пакуль маўклівае. Пакуль паміж сваіх. Пакуль яшчэ: «Заходзьце, госці дарагія, не разувайцеся...»

Пакуль. 

Алесь Кіркевіч, Budzma.org