Хто з нас хаця б аднойчы ня марыў зрабіць што-небудзь надзвычайнае выбітнае, праўда? Каб блізкія ганарыліся, каб нават незнаёмыя пазнавалі і падыходзілі паціснуць руку: маўляў, ну герой, ну малайчына! Самае цікавае, што пры ўсіх выпрабаваньнях, якія прыпадалі і працягваюць прыпадаць на наш беларускі лёс, зрабіцца Героем Беларусі — цалкам рэальна! У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік разглядае два спосабы, як можна ўпісаць сваё імя ў падручнікі і памяць народа. А вось які з гэтых спосабаў пасуе вам больш — вы й вырашайце!
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву аўтара
Як жа ж нам усё-ткі не пашчасьціла з гэтым народцам! Душыш яго, душыш, намагаесься неяк абгабляваць гэты рондаль у вышыванцы ў хоць нешта падобнае на «тоже русского, но со знаком качества», а яму — хоць кол на галаве чашы! І мова гэтая ягоная нязграбная, на якой нічога высокага сказаць нельга, усё прабівае і прабівае ўпарта бэтон, у які мы яе, здавалася б, даўно канчаткова закаталі! Рыхтык тое пустазельле! І мяжу з нашай братэрскай вялікай Расеяй ужо колькі дзесяцігодзьдзяў таму прыбралі, а гэтыя шчанюкі ўсё адно глядзяць на тую распраклятую Польшчу! Што ім там, у той Польшчы — мёдам намазана?! Там жа апрача нямытых унітазаў і трускавак нічога й няма, але ж не — пруцца на Захад!
Ну альбо гэтыя іх «героі»! Ды там праз аднаго — ці лях, ці жыд! Русафобы як адзін! Усё ваявалі й ваявалі з нашай Расеюшкай, супастаты! Каліноўскі гэты іх — асабліва гадзенькі: бач ты, «толькі тады добра зажывеш, калі маскаля над табой ня будзе!»
Ідыёт самы настаяшчы!
Гарадзенскія маладафронтаўцы ля падмуркаў родавай сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы, другі справа сядзіць Валера Руселік (1999 г.). Фота з архіву аўтара
Оххх... Пазнаеце рыторыку, сябры? З году ў год — тоны фэкаліяў на народ, які, здавалася б, свой. Але ці ж можна гэтак бясконца прыніжаць і абражаць тых, каго ўважаеш за сваіх? Аплёўваць мову, якую чуў зь дзяцінства, прадаваць чужынцам зямлю, па якой усё жыцьцё хадзіў, ганіць тых, хто ахвяраваў уласныя жыцьці дзеля Бацькаўшчыны.
Ды тут язык не павернецца назваць гэткага манкурта сваім, праўда?
Штораз, калі думаю пра тых, хто, дарваўшыся да ўлады, цягам дзесяцігодзьдзяў цягне нас ці то ў бездань, ці то ў расейскую турму (адрозьніць цяжка), задаюся адным і тымсама пытаньнем: вось на што яны разьлічваюць, гэтыя бурлакі імпэрыі? Ці задумваюцца яны пра тое, якімі запомняцца сучасьнікам, ці згадае іх хоць хтосьці добрым словам замест таго, каб з пагардаю плюнуць на магілу? Ці ня стануць іх імёны імёнамі ганебнымі намінальнымі, а прозьвішчы — праклёнам для сваякоў? Як тое сталася, скажам, з Адольфамі і Гітлерамі.
Вядома ж, пантэоны герояў бываюць розныя. Вунь у Расеі з году ў год рэйтынг самых выбітных людзей усіх часоў і народаў ачольвае Сталін. Так-так, той самы людажэр, на сумленьні якога — мільёны забітых бязьвінных.
А што ў нас? Хто яны, беларускія героі? Як хутка Крывавы Ёсіп стане выбітным дзеячам і для нашае краіны? Вунь «Лінія Сталіна» ўжо ёсьць, помнік таксама стаіць. У Курапатах апаганьваюць крыжы на месцы масавых забойстваў беларусаў нкусаўцамі. Побач з магіламі прыяжджаюць і жаруць у рускамірскай рэстарацыі «Поедем-поедим». Імпартаванае з Расеі пабедабесіе ўжо разгарнулася да штурму рэйхстагу ў Горадні.
Чаго яшчэ марудзіць, праўда?
Помнік Сталіну ў гістарычным музэйным комплексе «Лінія Сталіна». Фота poznamka.ru
Для самых жа някемлівых рыхтуецца адмысловая мэтадычка, каго менавіта ў Беларусі трэба любіць і паважаць. Прапагандыст расейскага сьвету Вадзім Гігін пахваліўся, што неўзабаве будзе зацьверджаны сьпіс найвыбітнейшых беларусаў у гісторыі, якія не выклікаюць пярэчаньняў у прадстаўнікоў самых розных палітычных груп. Так-так, той самы Гігін, які ўсяляк ачарняе Каліноўскага і які публічна выхваляўся, што гэта зь яго ініцыятывы з школьнай праграмы быў выкінуты раман Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Цяпер, дарэчы, гэты беларусафоб-«літаратуразнаўца», ачольвае... Нацыянальную бібліятэку.
Аплёўвай беларускае — і будзе табе шчасьце! Вось вам і ўвесь мэханізм сацыяльнага ліфту ў нашай краіне.
Графіці, прысьвечанае тагачаснаму міністру МУС РБ Ігару Шуневічу, які на парад 9 траўня 2015 г. апрануў форму супрацоўніка НКУС (Менск, 2017). Фота з сацыяльных сетак
Дык вось. Ці будзе ў гэтым афіцыйным сьпісе Сталін — дакладна не вядома. Усё-ткі не беларус паводле паходжаньня. Гігін назваў толькі шэраг імёнаў: Эўфрасіньня Полацкая, Кірыл Тураўскі, Сафія Слуцкая, Францыск Скарына, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч — карацей, стандартны набор з адцэнзураванай да бляску школьнай праграмы. Дзеячы ранняга пэрыяду беларускай гісторыі і людзі культуры — цалкам сабе бяскрыўдная і дапушчальная расейскім сьветам рэгіянальная адметнасьць часткі трыадзінага славянскага мора. Асобы сапраўды важныя і прымальныя для беларусаў самых розных палітычных поглядаў. Тут пытаньняў няма.
Між тым назваў Гігін і іншыя імёны, якія ну аніяк ня цягнуць на нацыянальнае адзінства. Да прыкладу, Лявонцій Карповіч і Афанасій Філіповіч, узьнятыя на штандары заходнерусістамі і РПЦ як змагары з вуніятамі і адданыя прыхільнікі адзінага з Масквою праваслаўя. Альбо Пятро Машэраў, які акрамя нацыстаў змагаўся і зь беларускімі школамі і праводзіў палітыку татальнай расеізацыі нашае краіны. Ці савецкі партызан Канстанцін Заслонаў, які дык і зусім не беларус, нарадзінец Цьвярской губэрні Расеі.
О, дык у сьпісе выбітных беларусаў усё-ткі могуць быць ня толькі беларусы? То-бок, у Сталіна ўсё-ткі ёсьць шанец?
Помнікі антырасейскім паўстанцам Рамуальду Траўгуту (1) і Кастусю Каліноўскаму (2), а таксама Сталіну (3) на Алеі герояў у Сьвіслачы. Каляж budzma.org
Вядома ж, пантэон нацыянальных герояў — справа важная й патрэбная дзеля будаўніцтва нацыянальнага адзінства. Калі перафразаваць вядомую прымаўку, скажы мне, хто твае героі — і я скажу, хто ты і зь якога ты народу.
Гледзячы на ўсе гэтыя патугі па выхоўваньні «тоже русских, но со знаком качества», аніяк не магу адчапіцца ад думкі, што, бадай, галоўнае, што замінае ўсім гэтым беларусафобам шчасьліва жыць — гэта мы з вамі, беларусы.
Народ, які толькі з апошняе тысячы гадоў сваёй гісторыі сотню ваяваў з акупантамі ў усходу, папросту ня можа ня мець сярод сваіх герояў змагароў з маскоўскай навалай.
Колькі ты ні складай рускамірскіх і заходнярускіх мэтадычак, колькі вуліц ты ні называй імёнамі катаў беларускага народу ды ня стаў ім помнікі — усё адно героямі для нас застаюцца тыя, хто шчыра любіў нашую цудоўную краіну. Ува ўсёй яе разнастайнасьці й непаўторнасьці. Любіў і ахвяраваў ёй усё сваё жыцьцё.
Шэўроны беларускага добраахвотніка з Палку імя Кастуся Каліноўскага. Фота з сацыяльных сетак
І ня менш важна, што гэткія людзі, беларускія героі, жывуць сярод нас і сёньня. Любяць нашую цудоўную краіну і робяць усё, каб Беларусь перажыла і гэтае ліхалецьце.
І яшчэ больш важна тое, што гэткім героем можа стаць кожны з нас, праўда?
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі