Трыццаць гадоў таму адбылася знакавая гістарычная падзея не тое, што ў айчынным кантэксце, а ў сусветным. Тагачасныя кіраўнікі Беларусі, Расеі і Украіны падпісалі ўсім вядомыя Белавежскія пагадненні, якімі канстатавалі спыненне існавання СССР. 8 снежня 1991 года ў Віскулях было ўтворана новае міждзяржаўнае аб’яднанне — Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), піша Пятро Савіч на «Радыё Рацыя».
Антыкамуністычны мітынг у Менску, 7 лістапада 1990 год.
Для Беларусі, як і шэрагу іншых краін, знікненне Савецкага Саюзу азнаменавала здабыццё поўнага суверэнітэта. Ужо пры ўсталяванні ў краіне дзеючага палітычнага рэжыма, пачаліся ідэалагічныя ўкіды кшталту: «беларусы не хацелі незалежнасці», «не было нават размоў пра суверэнітэт», «ніхто не выступаў за незалежнасць», «грамадства хацела жыць у СССР», «незалежнасць звалілася беларусам з неба» і г.д. Такое магчыма пачуць і цяпер, асабліва гэта транслююць прарасейскія колы. Дагаворваюцца нават да таго, што і зараз існаванне Беларусі, як самастойнай краіны, хвалюе толькі нейкіх там маргіналаў, якіх і блізка не было заўважна ў 1991 годзе.
Канечне, смешна, але пэўны ўплыў на розумы мае, калі такое ўбіваюць у галовы без прыпынку. Толькі праўда ў тым, што яшчэ амаль за два гады да Белавежскіх пагадненняў у Беларусі ўжо добра гучалі галасы «незалежнікаў». Магчыма іх не была большасць, але грамадства іх пачула і прыняло.
4 сакавіка 1990 года, ў краіне адбыліся першыя альтэрнатыўныя выбары. Увогуле, ўся вясна-90 — гэта бясконцыя выбары, бо ў некаторых акругах адбылося па тры туры. Тую электаральную кампанію перапаўнялі шчырыя спадзяванні, надзеі і трывогі. У ходзе выбараў казалі пра неабходнасць рашучай барацьбы з бюракратыяй, абяцалі прыціснуць савецка-партыйную наменклатуру, палепшыць сацыяльна-эканамічны стан, паменьшыць ролю КПСС, у тым ліку і пра незалежнасць. Абранаму тады Вярхоўнаму Савету БССР наканавана стаць першым парламентам суверэннай Беларусі, а рэгіянальныя Саветы народных дэпутатаў атрымалі на месцах рэальныя паўнамоцтвы самакіравання.
У перыяд агітацыіі ў краіне з’явілася выданне выбарчай камісіі Беларускага Народнага Фронта «Галасую за Беларусь». У ёй друкавалася праграма БНФ «Адраджэнне».
(...) Шмат працы і крыві аддаў наш народ, каб адстаяць сваю незалежнасць і пабудаваць жыццё, вартае свабоднага чалавека. Але сёння, праз гады непадзельнай улады наменклатурнай партбюракратыі, мы фактычна стаім перад зглумленым храмам: наша зямля забруджана радыёнуклідамі ды нітратамі, паветра атручана выкідамі прамысловых прадпрыемстваў, а вада — сцёкамі з хворых палёў і жывёлагадоўчых фермаў. Ніякія намаганні не даюць плёну.
Нашая сістэма прамысловасці ня можа наладзіць выпуску тавараў, якія б знаходзіліся на ўзроўні міжнародных патрабаванняў, і што б не радзіла нашая зямля — на прылаўках магазінаў бракуе дастатковай колькасьці прадуктаў.
Мы не здабылі ня толькі дабрабыту, мы не здабылі і незалежнасці. Сёння мы павінны прасіць ў Масквы тое, што належыць нам па праву. Чарнобыльская катастрофа бязлітасна высветлівае наш сапраўдны стан у Саюзе — стан паўкалоніі... Выбарчая платформа БНФ «Адраджэнне» грунтуецца на прынцыпах: зямля і заводы — тым, хто на іх працуе, улада Саветам — тым, хто адстойвае інтарэсы народу, аддае яму свае веды і працу...
Беларускі Народны Фронт ідзе да выбараў з ідэямі палітычнага і эканамічнага плюралізму, культурнага адраджэння, з ідэямі дэмакратыі, свабоды і суверэнітэту Беларусі. Лёс грамадства павінен вызначацца самім народам. Ад яго выбару залежыць будучыня Беларусі.
Ніводнай з праблемаў сённяшняга дня ня можа быць станоўча вырашана, пакуль народ не стане поўным гаспадаром над сродкамі вытворчасці, над сваёй працай і яе плёнам, пакуль не будзе сам кіравацца сваёй воляй, розумам і сумленнем. БНФ адстойвае ідэі незалежнасці, рэальнага суверэнітэта Беларусі, бачыць у гэтым найважнейшую палітычную мэту, што стаіць перад грамадствам.
БНФ выступае за поўную гаспадарча-эканамічную самастойнасць Беларусі, за перадачу ёй усіх вытворчых фондаў на яе тэрыторыі, за стварэнне свабоднага рынку, за інтэграцыю Рэспублікі ў еўрапейскую і сусветную эканамічную структуру...
Прадстаўнікі БНФ прайшлі не толькі ў Вярхоўны Савет, але і цэлымі групамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Грамадства адгукнулася, падзяліла думку БНФаўцаў пра незалежнасць краіны яшчэ ўвесну 1990 года.
Менш адкрыта і выразна пра палітычныя свабоды, самавызначэнне народа казалі і кандыдаты ў дэпутаты, якія не належылі да будзь-якіх палітычных сіл. Напрыклад тады намеснік рэдактара «Савецкай Беларусі» Іосіф Сярэдзіч, які балатаваўся па Пінскай-Усходняй акрузе № 133, пісаў ва ўлётцы: «за тое, каб па найбольш важным пытанням жыцця краіны, рэспублікі, вобласці, горада праводзіліся агульнанародныя галасаванні (рэферэндумы). Народ сам павінен вырашаць свій лёс. Неабходна прыняць новую Канстытуцыю рэспублікі, якая б адказвала палітычным, эканамічным і маральным нормам, па якім жыве цывілізаваны свет...». Палешукі абралі Сярэдзіча ў ВС БССР.
Пасля 8 снежня 1991 года краіна рушыла наперад, паўставала Новая Беларусь, хто тады мог ведаць, што пасля на некалькі дзесяцігоддзяў яе павернуць назад у савецкае мінулае? Безумоўна, нічога не бывае выпадковым, але зараз перад грамадствам не менш выклікаў...