Абраз перадалі ў Васькаўскую царкву, піша homeldays.org.
«Зараз на рэстаўрацыі», — напісаў карыстальнік Р.Б. у краязнаўчай групе. Паводле яго, «дагэтуль быў вядомы толькі адзіны старавінны спіс — у Ельскай царкве».
Фота: ФБ-група «Краязнаўцы Беларусі»
Пра Васькаўкаўскую царкву і чым яна знакамітая пісала раней мазырская раёнка. Інфармацыю аўтар збіраў у мясцовай школе, і шкада, калі яна нідзе больш не замацаваная. Але тым не меней, вядома, што ў Васькаўскай царкве ў 1757 г. пабачылі з’яўленне аблічча Божай Маці.
Паводле гэтых звестак, селянін вёскі Мялешкавічы Іван Дзідзько страціў сваіх валоў і шукаў іх, пакуль не прыйшоў на ўзвышша, якое называлася Востраў Васькаўка. Там паблізу студні на грушы ён убачыў у незвычайным ззянні ікону Божай Маці і побач з дрэвам сваіх зніклых валоў.
Дзідзько аднёс у Свята-Міхайлаўскі сабор у Мазыры, аднак на наступную раніцу ікона з’явілася зноў у Васькаўцы. Мясцовы памешчык Казімір Аскерка, даведаўшыся пра незвычайную з’яву, пабудаваў на тым месцы спачатку капліцу, а затым драўляную царкву.
У Васькаўскай царкве цудатворная ікона Божай Маці знаходзілася да 1817 г., потым была перанесена ў Ельскую Свята-Троіцкую царкву. Але пад час рэвалюцыі 1917 года ікона знікла. У Васькаўцы захоўваўся спіс з яе, але ў 1937 годзе царкву разбурылі, і той спіс таксама быў страчаны.