Бітва на рацэ Уле пад Чашнікамі, што адбылася ў 1564 годзе, стаіць у адным шэрагу з легендарнымі баталіямі пад Оршай і Кірхгольмам. Разам з тым гэтая перамога войскаў ВКЛ нашмат менш “раскручаная”. А дарма. Падчас чарговага паседжання “Цэху жывой гісторыі” ў бары Beer and Wine археолаг і гісторык Алег Дзярновіч распавёў пра малавядомыя старонкі той бітвы.
Ліцвіны падчас Лівонскай вайны
Як усё пачыналася? Лівонская вайна трывае ўжо не першы год. Узімку, пры канцы 1563 года, перамовы паміж маскавітамі і пасольствам ВКЛ заходзяць у тупік. “Рать государя нашего на конех седит”, – чуе Рыгор Хадкевіч акурат падчас перамоваў у Маскве 18 снежня, ягонай дзяржаве зноўку аб’яўляюць вайну. Далей усё разгортваецца даволі хутка.
Праз месяц, 23 студзеня 1564, маскавіты выступаюць у паход: з Полацка рухаецца корпус Пятра Шуйскага, са Смаленска – корпус князёў Сярэбраных. Аб’яднацца яны маюць пад Оршай. Каб перашкодзіць гэтаму, на іхным шляху з’яўляюцца найвышэйшы гетман ВКЛ Радзівіл Руды і гетман польны Рыгор Хадкевіч.
Ці ставіла Масква за мэту адхапіць чарговы кавалак тэрыторыі ВКЛ? Наўрад ці. Згодна з летапісамі, маскавіты збіраліся ісці на Менск, а пасля на Наваградак. Пры гэтым аблога буйных населеных пунктаў і акупацыя ў іхныя планы не ўваходзілі. Гісторыкі сыходзяцца на тым, што мэтай маскавітаў было спусташэнне тэрыторыі і захоп палонных – звычайная, пазычаная ў татараў тактыка.
Тое ж кажуць і расійскія крыніцы: “ити до Друцких поль через панство его королевской милости, чинечи плен и шкоду…” Як бачым, ніякай гаворкі пра “абарону праваслаўнага люду” ці нейкія ідэалагічныя матывы нават не ідзе.
Паводле Дзярновіча, не існуе механізму, каб дакладна падлічыць колькасць ваяроў у тагачасных бітвах. Усе крыніцы падаюць адно круглыя лічбы са шматлікімі нулямі, прычым разбежкі вельмі крутыя – нават у тагачасных хроніках. Маскоўскі “Ліст аб навінах” падае лічбу ў 25 тысяч маскавітаў, храністы Стрыйкоўскі і Бельскі пішуць пра 30 тысяч, дадаючы, што ўся смаленская групоўка – гэта ажно 50 тысяч ваяроў… Сам Мікалай Радзівіл Руды піша пра 17-18 тысяч маскавітаў, хоць палонныя казалі яму пра 20 тысяч.
А што ў ліцвінаў? Тагачасны папскі нунцый піша пра агульную лічбу ў 6 тысяч. Вядома таксама, што ўдарнай часткай стала тысяча гусараў, цяжкіх кавалерыстаў, што ламалі шыхты ворага. Сучасныя гісторыкі пасля доўгіх падлікаў сыходзяцца хутчэй на прапарцыйнай ацэнцы: войска Масквы большае за войска ВКЛ прыкладна ў 2-3 разы. То бок калі ў ліцвінаў 5000, то ў маскавітаў – прыкладна 15 000.
Цікава, што не апошнюю ролю ў перамозе на Уле згуляла выведка Радзівіла, якая была наладжаная зусім няблага. Напярэдадні бітвы войскі ВКЛ знаходзіліся ў Лукомлі і выступілі ў бок Улы толькі тады, калі дакладна дазналіся пра рух корпусу Шуйскага з Полацка. Гэта акурат даводзіць храніст Мацей Стрыйкоўскі, сучаснік бітвы і аўтар паэмы, прысвечанай баталіі, дзе Радзівіл параўноўваецца з “антычным хітруном” Улісам:
…Ведаў калі з кім, калі войска ўжо ісці мае,
Меў пры сабе папа, што ў Полацку бываў,
Як Уліса хітрыкі ўжываў.
У выніку добрай агентурнай працы напад на войска Шуйскага атрымаўся нечаканым ды імклівым: маскоўскія храністы згадваюць, што частка зброі і рыштунку ваяроў Шуйскага ў момант Х наогул заставалася ў санях… Не так усё проста і з самім Стрыйкоўскім. Таленавіты паэт і храніст таксама падпрацоўваў “шпегам” альбо “рыскуном” на той вайне, напрыклад, аб’язджаючы ліцвінска-маскоўскае памежжа пад выглядам падарожніка.
Сама бітва адбылася ўвечары 26 студзеня альбо нават уначы. Радзівіл з Хадкевічам усё разлічылі слушна: войска Шуйскага акурат спынілася на начны прывал… Імаверна, вынік баталіі быў перадвызначаны ўжо ў першыя хвіліны: гусары Хадкевіча паламалі шыхты маскавітаў, Шуйскі быў паранены і збег, што справакавала паніку і хаос сярод яго падначаленых.
Той жа Стрыйкоўскі вельмі паэтычна апісвае начную “зачыстку” ў лесе, якую праводзілі ліцвіны, шукаючы перапужаных і параненых сапернікаў: “…У пагоні цэлую ноч, калі месяц свяціў, і потым у розных месцах тых, хто туляўся, вельмі многа сяляне і казакі пабілі”. Вось вам і Віцебшчына, вось вам і “партызанскі край”…
Сярод “тулягаў”, што гойсалі ў тую памятную ноч па лясах недзе пад Чашнікамі, быў і ваявода Пётр Шуйскі. Яго гісторыя аказалася трагічнай і вельмі кінематаграфічнай адначасна. Маскоўскія крыніцы так апісваюць ягоную долю: “…пришел в литовскую деревню, и тут мужики, его ограбя, и в воду посадили”.
Стрыйкоўскі дадае гісторыі яшчэ больш шарму: Шуйскі, маўляў, прыйшоў да сялянаў у футры і з залатым ланцугом, угаворваў давезці да Полацка, абяцаючы “дар вялікі”. Селянін нібыта нават пагадзіўся і павёз яго ў санях, а пасля, убачыўшы “клейноты”… забіў сякерай. У якую ж “воду” яго пасадзілі? Хутчэй за ўсё, цела селянін утапіў у калодзежы. Сапраўды, куды ж яго падзець студзёнай зімою?
На гэтым гісторыя з Шуйскім не заканчваецца. Калі пра ягоны лёс даведаўся Радзівіл, то знайшоў і пакараў селяніна, а самога Шуйскага ўрачыста пахаваў у Вільні, сам ішоў за труной і нават плакаў. Чаму так? Дзе логіка? Па-першае, спрацаваў рыцарскі кодэкс і стандарты абыходжання са статуснымі палоннымі: калі забіваць Шуйскага – то ў баі, а не сякерай за “клейноты” недзе сярод лесу, каб пасля скінуць у калодзеж.
Па-другое, кожны статусны палонны быў тады на вагу золата – яго можна было памяняць на свайго, роўнага па кошце. Так пасля і сталася: у 1568–1569 гг. па просьбе сыноў Шуйскага Івана і Мікіты Іван Жахлівы пагадзіўся абмяняць цела іхнага бацькі на цела памерлай у палоне жонкі аднаго з Радзівілаў. Але гэты абмен так і не адбыўся.
Паводле Дзярновіча, у адрозненне ад шматлікіх цьмяных акалічнасцяў самой бітвы, з яе вынікамі ўсё максімальна проста. Галоўны вынік перамогі пад Улай – гэта сарваныя планы Масквы. Даведаўшыся пра лёс войска Шуйскага, корпус князёў Сярэбраных перадумаў ісці на захад: “…повтекали, возы и сани порубали (…) и сами на вьюки складися в скок побегли до своее земли”, – так піша Радзівіл свайму брату. Такім чынам, паход праваліўся, што зберагло тысячы жыццяў нашых суайчыннікаў. Дарэчы, у Маскве пераможаных баяраў сустрэлі зусім не з кветкамі: Іван Жахлівы тут жа пачаў чарговую “чыстку здраднікаў” у войску, таму, магчыма, Шуйскаму яшчэ і пашчасціла памерці адносна лёгкай смерцю…
Апроч рэальнай Вялікае Княства атрымала і прапагандысцкую перамогу. Слава пераможцаў разышлася па ўсёй Еўропе праз “лятучыя газеты”, а звесткі пра моц ліцвінскага войска дадалі “бонусаў” дэлегацыі ВКЛ на перамовах аб будучай уніі з Польшчай.
У якасці эпілога дамо яшчэ раз слова паэту і “шпегу” Стрыйскоўскаму, які, зноў жа ў паэтычнай манеры, апісвае стан поля бітвы праз дзесяць гадоў пасля начной сечы: “Я там сам у тым полі Іваньскім бачыў яшчэ стог вялікі, складзены з костак маскоўскіх, калі ехаў з Віцебска ў год 1573”.
Алесь Кіркевіч