У гэты дзень, 20 снежня 1937 года, у Мінску быў расстраляны Сцяпан Некрашэвіч — беларускі навуковец і грамадскі дзеяч, які зрабіў значны ўнёсак у развіццё беларускай мовы. Менавіта ён адзін з аўтараў тых самых перакладных слоўнікаў Байкова-Некрашэвіча, якімі мы актыўна карыстаемся і сёння. У дзень памяці вядомага мовазнаўцы прыгадваем цікавыя факты з яго біяграфіі.
Сцяпан Некрашэвіч. Фота: zviazda.by
Сцяпан Некрашэвіч нарадзіўся вясной 1883 года ў вёсцы Данілаўка, што на Гомельшчыне. Сам навуковец пісаў, што паходзіць з сялянаў, але сучаснымі даследчыками выяўлены яго шляхецкія карані.
Першую адукацыю атрымаў дома. Пасля пайшоў тыповай для беларускага дзеяча той пары сцяжынай — паступіў у настаўніцкую семінарыю ў Панявежысе, якую скончыў у 1908 годзе. Затым працягнуў адукацыю ў Віленскім настаўніцкім інстытуце, які скончыў у 1913 годзе. Працаваў настаўнікам.
З пачаткам Першай сусветнай вайны быў, як і іншыя вядомыя беларусы — Якуб Колас або Максім Гарэцкі, мабілізаваны ў царскае войска. Ваяваў на Румынскім фронце. Некрашэвіч часоў Вялікай вайны — гэта класічны прадстаўнік так званай акопнай арыстакратыі, то-бок не проста салдат, які выконвае загады, але яшчэ мае ўласныя амбіцыі.
Так, напрыклад, у Адэсе ён арганізуе беларускую вайсковую канферэнцыю. Там жа з’яўляецца Беларускі нацыянальны камісарыят, які выконвае функцыі кропкі збору беларускіх бежанцаў і салдат, якіх аказалася ў тых краях дастаткова многа.
У кастрычніку 1918 года газета «Дзянніца», якую выдаваў Зміцер Жылуновіч, хвалілася: у Адэсе дзякуючы дбанням Некрашэвіча адкрыта тры дзясяткі пачатковых беларускіх школ і працуе беларуская змяшаная гімназія. Акрамя гэтага, Беларускі нацыянальны камісарыят выконваў таксама функцыі консульства БНР ды актыўна спрыяў вяртанню беларусаў дамоў.
Праз год, увосень 1919-га, газета «Звон» паведамляла: адэскім камісарыятам, які ачольваў Некрашэвіч, зарэгістравана пад 16 тысяч беларусаў.
Сам Сцяпан Некрашэвіч вярнуўся на Беларусь вясной 1920-га, калі Мінск быў яшчэ заняты польскімі войскамі. На той момант ён быў адной з топавых фігур у партыі эсэраў, якая супольна з бальшавікамі вяла змаганне з палякамі. Праўда, яны не прызнаюць другога абвяшчэння БССР летам 1920 года, а праз 4 гады партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў наогул самараспусціцца, так і не зрабіўшыся легальнай апазіцыяй да ўладаў. Некрашэвіч жа акажацца ў Наркамаце асветы БССР.
Менавіта на сходзе працаўнікоў гэтай установы, які адбыўся 23 студзеня 1921 года, Сцяпан Некрашэвіч выступіць з дакладам, у якім прапануе стварыць установу, што стала б самым сапраўдным культурніцкім цэнтрам. Так была закладзена аснова Інстытута беларускай культуры, які пачаў працу 30 студзеня 1922 года і першым старшынём якога і стаў наш герой.
Інстытут беларускай культуры, навуковая камісія. Сядзяць злева направа: Я. Купала, А. Круталевіч, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, У. Чаржынскі, В. Шэмпель, М. Байкоў. Стаяць злева направа: 1, 2 — ?, 3 — Ч. Родзевіч, 4 — Я. Колас, 5 — К.М. Гадыцкі-Цвірка, 6 — Я. Дыла (са слоў М. Улашчыка). Менск, 1922 г. Фота з Вікіпедыі
Створаны легендарны Інбелкульт быў на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамаце асветы, дзе зноў жа ключавая роля належала Сцяпану Некрашэвічу. Ён імкнуўся ў вельмі сціслыя тэрміны давесці беларускую мову да ўзроўню іншых моваў, больш развітых.
Рэч у тым, што на той момант не існавала прафесійнай тэрміналогіі па-беларуску. Да 1918 года, пакуль Браніслаў Тарашкевіч не скончыў сваю граматыку, не існавала нават унармаванага правапісу. І калі кожны пісаў як хацеў ці ўмеў у перыядычных выданнях, то пра навуку ці нейкія іншыя сферы жыцця гаварыць наогул не выпадала...
Паседжанні камісіі адбываліся звычайна па вечарах, пасля асноўнай працы. Па першым часе яе ўдзельнікі працавалі на грамадскіх пачатках, не атрымліваючы за сваю працу наогул нічога. Персаналіі ўсё тыя ж: Сцяпан Некрашэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Язэп Дыла, Язэп Лёсік, Яўхім Карскі...
Працу ў Інбелкульце Сцяпан Некрашэвіч спалучае з педагагічнай практыкай у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які быў створаны ў 1921 годзе.
Ён жа складае першы буквар на беларускай мове ў БССР, які будзе надрукаваны ўвосень таго ж года Змітром Жылуновічам у Берліне.
Былы старшыня першага часовага ўрада Савецкай Беларусі разумна падышоў да справы: першымі ў друк пайшлі кнігі для дзяцей — «Граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча і «Лемантар» Сцяпана Некрашэвіча.
Актыўна займаецца Сцяпан Некрашэвіч таксама і грамадскімі справамі: летам 1922 года ставіць свой подпіс пад «Заклікам да праваслаўных беларусаў», дзе гаворка вядзецца аб наданні беларускай праваслаўнай царкве аўтаноміі. Падпісаліся пад той адозвай таксама Якуб Колас і Міхайла Грамыка.
Сярэдзіна 20-х гадоў — надзвычай плённы час для Сцяпана Некрашэвіча: ён займаецца навукай, ездзіць у экспедыцыі, выкладае. У гэты перыяд з’яўляецца яго галоўны даробак: беларуска-расійскі і расійска-беларускі слоўнікі, якія выйшлі ў суаўтарстве з Міколам Байковым у 1926 і 1928 гадах. Абодва былі скончаны і здадзены ў друк яшчэ ў канцы 1925 года, але па незалежных ад аўтараў прычынах пабачылі свет значна пазней.
Добра ішлі справы і з Інбелкультам, на базе якога ўвосень 1926 года адбылася знакамітая канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу. На яе з’ехаліся мовазнаўцы не толькі з БССР, але таксама і замежжа. Некаторыя акурат пасля гэтага эпахальнага мерапрыемства, уражаныя маштабамі беларусізацыі, вырашылі перабрацца ў савецкі Мінск. Напрыклад, Вацлаў Ластоўскі і Уладзімір Жылка.
Ужо праз некалькі гадоў працы Інстытута беларускай культуры стала зразумела, што ўзровень гэтай даследчай установы можна смела павышаць да Акадэміі навук, што і было зроблена ў канцы 1928 — пачатку 1929 года. Праўда, з 1925 года кіраваў арганізацыяй ужо Усевалад Ігнатоўскі, але і Сцяпан Некрашэвіч не губляў пазіцый.
Сапраўдныя праблемы пачаліся ў кастрычніку 1929 года, калі Сцяпана Некрашэвіча і Вацлава Ластоўскага «вызвалілі» ад абавязкаў Віцэ-Прэзідэнта і Неадменнага Сакратара Беларускай Акадэміі навук за тое, што яны друкавалі ў акадэмічных выданнях антысавецкіх аўтараў. У ліпені 1930 года акадэмікаў арыштуюць на параходзе «Табольск», калі тыя будуць у экспедыцыі даследаваць побыт беларусаў Сібіры. А ў пачатку снежня таго ж года іх нават пазбавяць званняў акадэмікаў.
Далей будзе амаль на год зняволення па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі», прысуд на пяць гадоў высылкі, яшчэ два гады высылкі накінутыя зверху, і паўторны арышт у канцы 1937 года. А скончыцца ўсё прыгаворам да вышэйшай меры пакарання...
С. Некрашэвіч. Фота з крымінальнай справы. Фота з Вікіпедыі
Рэабілітацыя Сцяпана Некрашавіча пачнецца ў 1957 годзе, а пры Машэраве адбудзецца наогул рэдкі для савецкага часу выпадак — яго пасмяротна адновяць у званні акадэміка. Што да напрацовак, якія былі зробленыя навукоўцам, то яны не страцілі сваёй актуальнасці — у сацыяльных сетках і цяпер актыўна спасылаюцца на складзеныя ім слоўнікі.
Л. Г., budzma.org