Студзеньскае паўстанне: як пачалося і чаму згасла

22.01.2023 Гісторыя

160 гадоў таму пачалося вызвольнае паўстанне 1863-1864 гадоў, адным з лідараў якога быў наш нацыянальны герой Канстанцін Каліноўскі. Чарговая юбілейная дата — добрая нагода, каб узбагаціць веды па айчыннай гісторыі. Партал Budzma.org падрыхтаваў адмысловы гайд, у якім коратка і зразумела тлумачым, што было перадумовамі і прычынамі паўстання, як яно пачалося і чаму згасла.


Што было перад паўстаннем?

Абвастрэнне сітуацыі ў беларускай вёсцы ў сувязі з адменай прыгоннага права і чаканнем сялян сапраўднай волі супала з адраджэннем нацыянальнага руху на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай. У 1860 годзе праходзілі народна-патрыятычныя выступленні ў розных формах: спяванне патрыятычных гімнаў у касцёлах, нашэнне элементаў патрыятычнай вопраткі такіх, як шапкі-рагулі ці канфедэраткі, зверху — чамары.

1.jpg
Шапка-канфедэратка

Вялікае абурэнне і сярод жыхароў Царства польскага, і сярод патрыётаў з Паўночна-Заходняга краю выклікаў расстрэл 27 лютага 1861 года патрыятычнага шэсця ў Варшаве, калі царскія жаўнеры адкрылі агонь па натоўпу. 5 чалавек былі забітыя, 10 — паранілі. Шэсце было прысвечана бойцы пад Грохавым, што адбылася 25 лютага 1831 года. Царскія жаўнеры тады пацярпелі паразу.

Як адказалі патрыёты?

Пачалі павальна насіць «жалобу» — жалобныя строі і «чорную» біжутэрыю — запінкі, кольцы, медальёны з выявамі «Белага арла», «Пагоні», якара, косаў і шабляў. У хуткім часе за такія ўпрыгожванні і вопратку людзі пачалі атрымліваць штрафы або арышт.

2.jpg
Жаночае жалобнае адзенне

Гэта яшчэ больш азлобіла жыхароў акупаваных рускімі земляў. Пачаліся адкрытыя сутычкі на вуліцах паміж маладзёнамі. Патрыёткі маглі апляваць рускага або аблаяць. Афіцэраў і жаўнераў адмаўляліся абслугоўваць у кавярнях, пакуль тыя не зробяць замову на мясцовай мове, а калі царскі жаўнер ці службовец заходзіў у касцёл, то ксёндз мог прыпыніць службу. Пачаўся распаўсюд антыцарскай літаратуры, у тым ліку славутай «Мужыцкай праўды».

 3.jpg
Мужыцкая праўда, нумар 1

Распаўсюд газеты выконваў адразу некалькі функцый. У змесце «простай мовай» тлумачыўся сялянам прыгонніцкі характар аграрнай рэформы 1861 года. Газета раскрывала імперскую палітыку самадзяржаўя і абараняла скасаваную ўладамі ўніяцкую царкву і былыя свабоды.

Дзве палітычныя групы з рознымі ідэямі

Будучае паўстанне ўжо рыхтавалася, як на землях Польшчы, так і на Беларусі. У нацыянальна-вызваленчым руху склаліся дзве палітычныя групы: «чырвоныя» і «белыя». «Чырвоныя» хацелі аднавіць незалежнасць Польшчы праз народнае паўстанне, найбольш радыкальныя з іх (левыя) выступалі за рэспубліканскі і дэмакратычны лад, самавызначэнне народаў і абапіраліся на падтрымку рэвалюцыйных сіл Расіі. На тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю самымі выбітнымі сярод іх былі Кастусь Каліноўскі, Валер Урублеўскі, Фелікс Ражанскі і інш.

4.jpg
П. Сергіевіч «К. Каліноўскі і В. Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў» (1959)

«Белыя», якія прадстаўляюць інтарэсы буйных землеўладальнікаў і вышэйшых класаў буржуазіі, імкнуліся не дапусціць, каб паўстанне пераўтварылася ў сялянскую рэвалюцыю, бачылі Рэч Паспалітую адзінай і недзялімай, з цэнтрам у Варшаве і са старымі правіламі.

Усё ішло да паўстання...

Для кіравання і каардынацыі падрыхтоўкі да паўстання ў Варшаве ў сакавіку 1862 года быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт. Улетку 1862 года для падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ў Вільні быў створаны Літоўскі Правінцыйны камітэт, але фармальна ён падначальваўся Цэнтральнаму камітэту ў Варшаве.

У ім былі прадстаўлены літоўска-беларускія «чырвоныя», а старшынёй з кастрычніка таго ж года стаў Кастусь Каліноўскі. Яго паплечнікі ўзгадвалі, што ён быў самым выдатным чалавекам у Камітэце, «... адным з самых высакародных людзей Літвы таго часу, адукаваны, чысты, поўны высакароднасці, розуму і энергіі. Ён перадаваў людзям цяпло любові да Айчыны... не хацеў мець ніякіх адносін з дваранствам, а спадзяваўся толькі на людзей. Ён разумеў адносіны паміж Літвой і Польшчай толькі з поўнай незалежнасцю Літвы».

 5.jpg
Кастусь Каліноўскі

Літоўскі Правінцыйны камітэт ініцыяваў збор сродкаў на паўстанне і стварэнне мясцовых рэвалюцыйных арганізацый у Гродне, Мінску, Навагрудку і інш. Трэба мець на ўвазе, што ў тыя часы заходнюю частку Беларусі лічылі Літвою.

І яно пачалося!

Паўстанне палыхнула ў Каралеўстве Польскім ноччу з 22 на 23 студзеня 1863 года. Царскія вайсковыя гарнізоны ў розных частках краіны былі адначасова атакаваныя. Нагодай для выступу стаў чарговы рэкруцкі набор па спісах, у якія ўвайшлі ўсе «нядобранадзейныя» маладыя людзі. Але выступленне было падрыхтавана не да канца.

6.jpg
Прызыў у царскую армію

Спантаннае выступленне ў Польшчы стала поўнай нечаканасцю для рэвалюцыянераў Беларусі і Літвы. Але пасля ваганняў паўстанне было падтрымана імі амаль праз тыдзень. 1 лютага 1863 года Літоўскі Правінцыйны камітэт абвясціў сябе часовым губернскім урадам Літвы і Беларусі і апублікаваў праграмныя дакументы. Гэтая праграма дублявала праграму польскіх паўстанцаў.

Што абяцалі паўстанцы насельніцтву?

Насельніцтва было заклікана падняцца на ўзброеную барацьбу. Жыхары абвяшчаліся раўнапраўнымі грамадзянамі, незалежна ад класа, нацыянальнасці і рэлігіі. Зямельныя надзелы, якія знаходзіліся ў іх карыстанні, бясплатна мусілі перадавацца ва ўласнасць сялян.

А беззямельныя сяляне, што далучацца да паўстання, павінны былі атрымаць каля 0, 7 гектара зямлі. Воінскі прызыў быў заменены абавязковай трохгадовай ваеннай службай. Была адноўленая ўніяцкая Царква.

Як ішла ўзброеная барацьба?

Першыя атрады паўстанцаў з’явіліся ў заходніх губернях Беларусі ў канцы студзеня 1863 года. У сакавіку-красавіку было сфарміравана больш за шэсць мясцовых атрадаў. Сярод іх былі дробныя шляхцічы, студэнты, рамеснікі, сяляне і афіцэры, якія пакінулі царскую армію.

7.jpg
Паўстанцкі атрад блізу Гродна

Праблемай была адсутнасць агульнага плана дзеянняў і ўзаемнай каардынацыі. Зброі таксама не хапала. Паўстанцы нападалі на нешматлікія царскія патрулі, раззбройвалі мясцовых паноў, егераў, царскіх службоўцаў.

Усяго за перыяд з лютага па жнівень 1863 года у межах сучаснай Беларусі было зафіксавана 46 бітваў і сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. Значная колькасць з іх прыйшлася на Гродзеншчыну і Віленшчыну.

Новыя перыпетыі паміж «чырвонымі» і «белымі»

Першапачаткова ініцыятыва належала «чырвоным» і іх праграме. Затым ініцыятыву ўзялі на сябе «белыя». Яны ўстанавілі кантроль над кіруючымі органамі ў Варшаве. У сакавіку 1863 года па іх ўказанні быў створаны Дэпартамент кіравання губернямі Літвы. Яго ўзначаліў памешчык Якуб Гейштар.

8.png
Якуб Гейштар

Кастусь Каліноўскі, не знайшоўшы дастатковай падтрымкі, заняў пасаду Гродзенскага Ваяводскага камісара. Прыход «белых» да кіраўніцтва скампраметаваў агульную рэвалюцыйную справу ў вачах сялян, што шырока выкарыстоўвалася ўладамі. Улады паднеслі паўстанне як мяцеж супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. У выніку асноўная маса беларускага сялянства не далучылася да паўстанцаў, іх доля склала каля 18%.

Царызм яшчэ і шчыра падтрымліваў праціўнікаў паўстання, тым, хто сведчыў супраць паўстанцаў, або здаваў іх, выдавалася вельмі шчодрая грашовая ўзнагарода. Для задушэння паўстання быў прысланы генерал-губернатар Мураўёў. Ён не цураўся ніякіх метадаў, за што атрымаў мянушку «вешальнік». Распачаўся сапраўдны тэрор, паўстанне пачало згасаць.

Чаму паўстанне згасла і што стала з Каліноўскім?

У чэрвені 1863 года распачаліся шматлікія арышты ўдзельнікаў паўстання. Крыло «белых» не вытрымала такога ціску. Кастусь Каліноўскі з паплечнікамі стварылі кшталту літоўска-беларускага падпольнага руху. Яго дзейнасць мусіла надаць надзеі людзям і натхніць новыя сілы на паўстанне. Але было надта позна, царызм амаль задушыў восенню 1863 года ўзброены супраціў на беларуска-літоўскіх землях. Амаль праз год былі цалкам знішчаныя апошнія атрады паўстанцаў у Польшчы.

Кастусь Каліноўскі да апошняга адмаўляўся пакінуць спробы падняць народ на новае паўстанне. Ён спрабаваў арганізаваць новыя выступы вясной 1864 года, але малады сябар рэвалюцыйнай арганізацыі Вітольд Парфіяновіч заклаў следчым месца знаходжання і псеўданім свайго старэйшага таварыша.

 9.jpg
Кастусь Каліноўскі пад шыбеніцай

Каліноўскі быў арыштаваны ў хуткім часе і публічна павешаны на плошчы Лукішкі ў Вільні. Цела яго было пахаванае на тэрыторыі вайсковага гарнізона і засыпана вапнаю. З яго смерцю згасла і апошняе буйное паўстанне на Беларусі і Літве.

10.jpg
Ігар Кебец. «Дуб паўстанцаў на Святым балоце»

Чытайце яшчэ: Песні, прысвечаныя паўстанню 1863–1864 гадоў

Алесь Масевіч, budzma.org