Заснавальнік Вікіпедыі Джымі Уэйлз раскрытыкаваў уведзенае нядаўна ў ЕС правіла, якое абавязвае Google па патрабаванні карыстальнікаў выдаляць з пошукавай выдачы іх персанальную інфармацыю.
У каментары інтэрнэт-выданню Уэйлз назваў новае права на выдаленне інфармацыі “правам падвяргаць цэнзуры тое, што кагосьці не задавальняе”.
Як адзначыў стваральнік анлайн-энцыклапедыі, еўрапейскія ўлады, безумоўна, увялі правіла з добрых памкненняў, аднак яго рэалізацыя была праведзеная некампетэнтнымі палітыкамі, якія не змаглі ўлічыць розных прававых і тэхналагічных аспектаў.
“У выпадку, калі інфармацыя пра чалавека здабываецца законным шляхам і не носіць абразлівага характару, я думаю, няма ніякага апраўдання яе цэнзуры ў сеціве. Няма ніякага “права быць забытым” — у рэчаіснасці ў Еўропе цяпер ёсць толькі права цэнзураваць інфармацыю, якая вам проста не падабаецца”, — сказаў Уэйлз.
Абавязанне па патрабаванні выдаляць з выдачы персанальную інфармацыю пра жыхароў Еўрасаюза на Google наклаў еўрапейскі суд. Адпаведнае рашэнне было прынятае ў сярэдзіне траўня.
Прыём заявак на выдаленне пашукавік пачаў 31 траўня. Тады на сайце з’явілася спецыяльная старонка з формай для запыту аб выдаленні спасылак на старонкі з асабістымі дадзенымі.
Паводле дадзеных TechCrunch, з тых часоў Google атрымаў ужо больш за 41 тысячы такіх запытаў, 12 тысяч з якіх карыстальнікі накіравалі ў першы ж дзень.
Як расказала “Бі-Бі-Сі” прадстаўнік расійскага аддзялення Google Наталля Меркушова, такая форма можа ў будучыні з’явіцца і ў Расіі. На якіх умовах гэта можа быць рэалізавана, Меркушова не ўдакладніла.
Паводле TJournal