Ужо досыць працяглы час у медыях і сацсетках можна пачытаць пра паступовае нараджэнне беларускамоўнага нацыянальнага ўніверсітэта ў Беларусі. І пакуль большасць радасна крычыць пра гэта як пра велізарнае дасягненне, я задаўся шэрагам пытанняў. Ці настолькі гэта патрэбна беларускаму грамадству? Наколькі цікавая канцэпцыя? Ці лепш за ЕГУ? Ці паступаў бы туды? Пра ўсё гэта мы сёння і паразважаем.
Меркаванне калумністаў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Усё, што па-беларуску, — якаснае і важнае. Менавіта гэты міф ужо доўга пануе ў беларускамоўнай прасторы, хоць мова этыкеткі ці гутаркі — далёка не заўсёды паказчык таго, што да гэтага трэба бегчы. Пра амаль сектанцкае стаўленне да беларускай я ўжо пісаў раней, але праект нацыянальнага ўніверсітэта, як на мяне, — апагей даволі моцнага трызнення беларускамоўнай секты.
Давайце задумаемся. На дадзены момант у краіне хапае розных нацыянальных дзяржаўных універсітэтаў, якія нібыта павінныя рыхтаваць крутыя кадры і прадстаўляць айчынную сістэму адукацыі з найлепшага боку. Але насамрэч у большасці нашых ВНУ поўнасцю састарэлая савецкая сістэма адукацыі, заснаваная на тупым завучванні на памяць нейкіх састарэлых метадычак і падручнікаў, што выкладаюцца вельмі часта такімі ж па якасцях выкладчыкамі. І тут любая ініцыятыва, дыскусія і інавацыі выразаюцца на карані. Ёсць умоўны Балонскі працэс на паперы, які фактычна проста скараціў большасць праграм навучання да 4 гадоў. Ну і яшчэ амаль немагчыма вучыцца па-беларуску, хоць па Канстытуцыі мы маем поўную роўнасць дзяржаўных моў. І вось у мяне адразу ўзнікае пытанне: што большая праблема, адсутнасць якасці ці складанасці з мовай?
Калі ўзяць фактар якасці, то ў выніку атрымаем даволі слабую падрыхтоўку кадраў, амаль поўную ўмоўнасць наяўнасці дыплома і адсутнасць матывацыі большасці студэнтаў даследаваць, шукаць новае і атрымліваць веды. Вядома, можна сказаць, што студэнты — лайдакі, але давайце шчыра: ці будзеце вы чытаць нудныя і слаба вам патрэбныя кнігі? Бадай, не. І хто ў дадзеным выбары вінаваты — вы ці аўтар гэтага выдання? Дык чаму, калі кніга вам нецікавая і непатрэбная, то вінаваты той, хто напісаў, а калі справа тычыцца выкладання і праграмы, то вінаваты кліент і спажывец — студэнт? Ну і калі казаць пра цяперашнюю сістэму адукацыі ў Беларусі, то галоўная праблема палягае ў тым, што айчынныя ВНУ не выконваюць свае галоўныя функцыі — фармаваць інавацыйную інтэлектуальную эліту і займацца ўласнымі навуковымі даследаваннямі. Канечне, калі зайсці на сайт таго ж БДУ, то там на старонцы амаль кожнага выкладчыка будзе па некалькі дзясяткаў навуковых прац, але тут узнікае тое ж самае пытанне якасці: гэта сапраўды пошук нечага новага ці напісанае дзеля колькасці, бо так патрабуюць правілы? Вядома, што збольшага тут гаворка пра другое.
Са мной можна доўга спрачацца, прыводзіць нейкія факты, але давайце прызнаем і сыдземся на галоўным: беларуская вышэйшая адукацыя мае вельмі шмат праблем, кульгае на дзве нагі і ў дадатак вельмі цяжка дыхае.
Калі мы разабраліся, што маем праблемы ў якасці, то паўторым працэдуру з мовай навучання. Ці неабходна, каб папулярызавалася нацыянальная мова ва ўсіх сферах жыцця? Вядома, так. Але пры гэтым што важнейшае — якасць ці мова? Ці палепшыць сітуацыю хворай беларускай “вышкі” ўвядзенне беларускай мовы? Ды не, проста абгортка дрыгвы будзе па-беларуску.
Тут мы набліжаемся да канцэпцыі нацыянальнага ўніверсітэта. Калі шчыра, то ў самым пачатку такой канцэпцыі я яе моцна падтрымліваў, бо думаў, што змогуць стварыць нешта лепшае па якасці за ЕГУ. Вядома, веры было мала, але спадзеў быў. Бо тады б з’явілася здаровая канкурэнцыя, што паскорыла б працэс развіцця і ЕГУ, і навастворанай ВНУ. Але так я спадзяваўся роўна да моманту, пакуль не пачуў асноўны склад галоўных асобаў гэтага праекта і заявы, што гэта будзе ў Беларусі.
Перш за ўсё, канечне, засмуціла геаграфія, бо ну праўда — пры сучасных законах і ўмовах у нашай краіне амаль немагчыма стварыць сапраўды якасны ўніверсітэт еўрапейскага ўзроўню. Ці магчыма цяпер забяспечыць тут галоўныя пункты Балонскага працэсу, нават калі ВНУ будзе прыватнай? Ці ёсць магчымасць увесці больш сучасныя методыкі навучання і праграмы? Не, бо ўсё проста: гэта цалкам будзе кантралявацца Міністэрствам адукацыі, якое ніколі на такое не пойдзе, а без яго дазволу ніякую праграму не адкрыеш.
А склад працоўнай групы пачаў выклікаць пытанні ў тым, што большасць з іх, як на мяне, не мае сучаснага і якаснага досведу ў адукацыі і з’яўляецца акурат абсалютна класічнымі прадстаўнікамі старой школы, што ў дадзеным выпадку ніяк нельга назваць вельмі добрым. І праз пэўны час мае тэзісы апраўдаліся: мы пачулі, што мова навучання будзе беларускай, будуць розныя праграмы і выкладчыкі. Агучылі шалёную колькасць спецыяльнасцяў (ажно 56), але пры гэтым ніякіх удакладненняў не было. Ну, толькі пра нейкі гісторыка-культурніцкі менеджмент і медыі, але ж… гэтыя праграмы ёсць у ЕГУ. Казалі пра даследчую дзейнасць — выдатна, тое, што трэба. Тут нічога не скажаш, трэба па выніках глядзець. Вельмі шмат размоваў пра стварэнне эліты, але… дзе размовы пра сістэму навучання? Ці будзе гэта еўрапейская сістэма ці традыцыйная беларуская? Колькі сэсій на год? У якім выглядзе будуць экзамены? Якія будуць адрозненні завочкі ад вочкі і г.д.? Карацей, пытанняў шмат, але ўсё няважна, бо галоўнае ж сказалі — УСЁ БУДЗЕ ПА-БЕЛАРУСКУ! Прычым нават для замежнікаў. Хоць, ведаючы заканадаўства, я слаба веру ў імавернасць выкладання толькі на беларускай мове.
І вось тут я задам пытанне: які сэнс увогуле ствараць беларускамоўны ўніверсітэт, калі ў тэорыі можна дамагацца рэформаў у наяўных? Ну добра, разумеем, што гэта цяжка. Але навошта настолькі абапірацца капытам на беларускую мову, калі краіне перш за ўсё патрэбны здольныя думаць, вольныя па духу інтэлектуалы, а не носьбіты роднай мовы? Калі ўніверсітэт будзе правільна даносіць свае каштоўнасці, то нават англамоўная праграма выпусціць кагорту спецыялістаў, што будуць разумець важкасць нацыянальных каштоўнасцяў, а ў такім выпадку мы атрымаем нашмат большую колькасць ахвочых.
Бо будзем шчырымі: няшмат цяпер студэнтаў, гатовых вучыцца па-беларуску. Гэта сумна, але рэальнасць, з якой трэба лічыцца. У прынцыпе, такую пазіцыю мае ЕГУ, дзе пануе поўны моўны плюралізм, але сам падыход і скіраванасць навучання ў яго менавіта беларуская. І гэта працуе! Там вельмі шмат сапраўды здольных думаць і цікавых асобаў, што дзякуючы ЕГУ больш разумеюць праблемы краіны, важнасць нацыянальнага адраджэння і пры гэтым атрымліваюць добрыя веды ад даволі сучасных выкладчыкаў. Дык чым нацыянальны ўніверсітэт будзе лепшы за ЕГУ, апроч дыктатуры беларускай мовы (хоць заканадаўча гэта наўрад ці атрымаецца зрабіць) і геаграфіі ў Беларусі? Пакуль я не бачу нічога лепшага, бо абяцанняў шмат, але ніякай канкрэтыкі і галоўных адказаў нам не далі. А ўскрыкі пра выключна беларускамоўнае навучанне я назваў дыктатурай, бо ўніверсітэт яшчэ павінен развіваць сваю айчынную навуковую школу, быць часткай свету, а калі не будзе замежнамоўных праграм і выкладчыкаў, мы зноў атрымаем замкнёнае на сабе гета. А такі падыход ніколі не народзіць інавацыі і эліту, бо мы жывём у адкрытым і глабальным сусвеце: без дыялогу і вопыту іншых ужо ніяк.
Вельмі здзіўляе незразумелая варожасць да ЕГУ, хоць менавіта ён цяпер асноўная кузня здольных думаць і праеўрапейскіх асобаў, якія пры гэтым усім вяртаюцца ў Беларусь. Большасць скардзіцца, што там няма павальнай беларускай мовы, але, зноў жа, на дадзены момант у краіне іншыя рэаліі, а ўрок пачатку 90-х з насаджваннем мовы без нармальнай працы з грамадствам чамусьці не засвоілі. І самае галоўнае: а як выжываць універсітэту за мяжой? Чаму гэта павінен быць анклаў “толькі для сваіх”, калі ўніверсітэт мусіць быць платформай мыслення, дыскусіі, дыялогу і інавацый, а гэтаму вельмі дапамагаюць і замежныя студэнты са сваім поглядам на розныя праблемы. Дык за што не любіць ЕГУ, які, нягледзячы ні на што, жыве, развіваецца і сапраўды лепшы па якасці, духу за фактычна ўсе гуманітарныя праграмы ўніверсітэтаў Беларусі? Ну, толькі за тое, можа, што нейкія асобы не падзялілі нешта з іншымі, таму крыўды пачалі нараджаць спробы разбурыць адзіную апору еўрапейскай адукацыі для беларусаў. Прычым менавіта гэты ўніверсітэт дагэтуль трымаецца сваіх прынцыпаў і тут сапраўды існуе атмасфера вальнадумнасці, дыялогу і дыскусіі. Ніхто не кажа, што ЕГУ найлепшы ў свеце, але ж сапраўды найлепшы сярод гуманітарных беларускіх ВНУ.
Менавіта таму я лічу, што сучасная мадэль нацыянальнага ўніверсітэта — усяго толькі спроба зрабіць а-ля дзяржаўную ВНУ, толькі са сваімі на пасадах, беларускай мовай і кульнай назвай.
Прытым, гледзячы на колькасць абяцанняў і агучаныя неабходныя для існавання сумы, я ўсё больш упэўніваюся, што далёка такі праект не пойдзе, калі ўвогуле вырасце з курсаў па-беларуску. Яшчэ забаўнейшае іншае — а што будзе рабіць адміністрацыя нацыянальнага ўніверсітэта, калі сярод студэнтаў-апазіцыянераў пачнецца нейкі рух і будзе пэўны ціск да рэпрэсій? Атрымаем яшчэ адзін праект у выгнанні? Нешта сумняваюся, хутчэй тут будуць саступкі, а ў такім выпадку гэта будзе ніякі не нацыянальны ўніверсітэт, а проста беларускамоўны прыватны ўніверсітэт, які выдатна ўпісаўся ў цяперашнія палітычныя рэаліі. Але не будзем загадваць, паглядзім, што з гэтага атрымаецца.
На дадзены момант я ўсё ж лічу, што канкурэнта ЕГУ тут не народзіцца, бо мысленне і адукацыя цяпер важнейшыя за моўную палітыку, якую павінныя праводзіць людзі пры ўладзе, а не знізу, дзе няма амаль ніякага ўплыву і рупару на насельніцтва. Але гэта ўжо іншая, палітычная гісторыя. І застаецца ў нас апошняе пытанне да праекта нацыянальнага ўніверсітэта: “Чым вы будзеце лепшыя за ЕГУ? Чаму я павінен у тэорыі абраць менавіта вас? Геаграфія і мова навучання для мяне не галоўныя”. Спадзяюся, калі-небудзь я атрымаю адказ.
Багдан Сакалоў
Глядзіце таксама: