Як учора, 10 сакавіка, праходзіў суд над мастаком Алесем Пушкіным, у падрабязнасцях апісаў журналіст Ігар Карней, які прысутнічаў у зале суда.
«Працэс над Алесем Пушкіным — гэта бясплатнае шоў, хоць збольшага і нагадвае расправу за ўсе ягоныя арт-пэрформансы. На жаль, адкрыты фармат пратрымаўся толькі пару гадзін, у другой палове дня паседжаньне зрабілі закрытым ад публікі.
Эпатажны мастак, якога за аўтарскія працы вінавацяць ў «рэабілітацыі нацызму», раз за разам прымушаў судзьдзю і народных засядальнікаў выдаляцца ў «савяшчацельны пакой». Ну а сілавікі, якіх дзеля такой важнай справы камандзіравалі аж з дзясятак, тым часам выдваралі наведнікаў у калідор.
Спачатку можна было падумаць, што пагоньнікі ахоўваюць пустую клетку. Але «фігурант» у белым камбезе з надпісам «Белрэстаўрацыя», у якім яго забралі проста з гістарычнага аб’екту год таму, разьлёгся на лаўцы і не падаваў прыкметаў жыцьця. Толькі на пытаньне судзьдзі пра «дэмарш» запатрабаваў ад канвою зьняць кайданкі і дапамагчы паставіць на ногі. Пазьней аказалася, што ў будынак яго таксама занесьлі ў гарызантальным стане, сам на «судзілішча» ісьці адмовіўся.
Калі пасьля першага перапынку «выпраміўся» і пад рашпіленай робай зьявілася вышыванка, заявіў, што справіцца без адваката, бо цяпер гэта дэкаратыўны «фігавы лісток» і сказаў, што не давярае суду, акрамя сакратаркі — маўляў, хай сабе сядзіць ды запісвае, нікому не замінае. «Толькі яе люблю, пракурора і судзьдзю — не», — павесяліў прысутных Алесь, хоць санкцыя артыкулу і прадугледжвае да 12 гадоў турмы. На гэты конт дадаў, што ня мае ніякіх ілюзій адносна людзей, прызначаных рэжымам. І падсумаваў: добра, што судзяць па-расейску, бо беларуская мова — не для беззаконьня.
Пакуль служкі Фэміды бясконца раіліся, па-зэкаўску лысы Пушкін расказваў з таго боку байкі пра турэмны побыт і даваў настаўленьні свайму спадкаемцу, які без часу застаўся за галоўнага — сыну Міколку. Спробы рэагаваць кароткімі рэплікамі ці сьмехам заканчваліся дыскваліфікацыяй з выдаленьнем. За пару слоў на пытаньне мужа выправадзілі нават ягоную жонку Яніну.
Сам Алесь у выказваньнях і характарыстыках на адрас улады і яе службовых падразьдзяленьняў не саромеўся. Да электрашокераў і рукапрыкладзтва не дайшло, хоць у некаторы момант сытуацыя накалілася да максімальна гарачай. Ды і не зразумела, якім чынам яшчэ пакараць чалавека, калі той і без таго сядзіць, і дакладна не зьбіраецца капітуляваць.
Але меры засьцярогі, без перабольшаньня, былі надзвычайныя. Ня верылася, што судзяць не гвалтаўніка ці забойцу, а мастака з правінцыйнага Бабра. Мала таго, што запісваюць дадзеныя пашпарту на ўваходзе, дык яшчэ перад заляй «рамка» і татальнае абмацваньне ўручную. Адзін з ахвотных там і застаўся — на нейкім дакумэнце была налепка з «Пагоняй», магчыма, ужо сам з пратаколам.
У вэрхале, калі міліцыі і судовых клеркаў было ледзь ня больш за ўдзельнікаў, здарыўся казус. Галоўны канвойны нечакана дазволіў паздымаць у перапынку паміж чарговым «кансіліюмам», за што атрымаў за самадзейнасьць ад нейкай жэншчыны з шырокімі паўнамоцтвамі. Затое так і падвісла ў паветры пытаньне падсуднага, на якой падставе спынілася ягонае права на кантактаваньне са зьнешнім сьветам — ужо больш за месяц ніводзін ягоны ліст не выходзіць з камэры на Валадарцы (вяртаюцца з пазнакай «В») і туды не ўваходзіць.
Натуральна, такі «вясёлы» суд мусіў скончыцца тым, што ўрэшце і здарылася. Цяпер Алеся Пушкіна будуць судзіць «міжсабойчыкам». Ня выключана, што акрамя судзьдзі ды абвінаваўцы яшчэ далучыцца які-небудзь «экспэрт па нацызьме»...
Суд працягнецца ў зарытым рэжыме сёння.