Судовая сістэма ў ВКЛ: якія злачынствы былі самымі страшнымі і як за іх каралі

06.10.2022 Гісторыя

Тры Статуты ў Вялікім Княстве Літоўскім пісьмова замацавалі правы і абавязкі грамадзянаў гэтай дзяржавы. Тады ж аформілася і судовая сістэма, напэўна, адна з самых прагрэсіўных на той час у свеце. Распавядаем, як яна была прадстаўлена і дзейнічала. А вы можаце параўнаць яе з сучаснай.


Якія суды былі, і што за справы яны разглядалі?

Да выдання Статута 1529 года ў ВКЛ не было пэўных інстанцый па разглядзе справаў. Раней шляхта звярталася да вялікага князя з просьбаю рассудзіць тую ці іншую сітуацыю. Разглядам такіх справаў займаўся сам князь і паны-рады. Вялікакняжацкі суд пасля прыняццяў першага Статута 1529 года вызначаўся найвышэйшай судовай інстанцыяй. Звярнуцца ў суд да гаспадара дзяржавы меў права любы вольны чалавек.

PamPravaTitul.jpg

Старонка са Статута 1588 года з выявай Вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Жыгімонта ІІІ

Гэты суд разглядаў справы па абвінавачанні ў змове і дзяржаўнай здрадзе, аб злачынствах і злоўжываннях службовых асоб, аб самавольным захопе дзяржаўных маёнткаў, зямель і прыбыткаў, справы аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя. Яшчэ гэтая інстанцыя была ў якасці апеляцыйнай, пасля судовых разглядаў скаргаў на пастановы замкавых, земскіх, падкаморскіх і войтаўскіх судоў.

Галоўны Трыбунал ВКЛ быў вышэйшым апеляцыйным судом другой інстанцыі, і ўзначальваў яго маршалак. Суддзі выбіраліся шляхтай на мясцовых сойміках па два прадстаўнікі ад ваяводства і два прадстаўнікі ад павета, калі ён не ўваходзіў у ваяводства. Разглядаў скаргі на рашэнні і прысуды мясцовых судоў, яго рашэнні па дадзеных скаргах больш не маглі быць абскарджаны. Калі разглядаліся справы аб незаконных дзеяннях мясцовых службовых асоб, ён выступаў першай інстанцыяй, і яго рашэнні або прысуды маглі быць абскарджаны ў вялікакняжацкім судзе. Галоўны Трыбунал ВКЛ праходзіў па чарзе ў гарадах: Вільня, Наваградак і Мінск.

Гродскі суд быў для шляхты і простага люду, звычайна знаходзіўся ў замку. Дзейнічаў у дзвюх інстанцыях, першай ніжэйшай і другой вышэйшай. У складзе былі суддзя, пісар, стараста або падстараста, гараднічы. На пасяджэннях разглядалі цяжкія крымінальныя злачынствы, грамадзянскія справы. У абавязкі гэтага суда ўваходзіла фіксаванне здзелак, выкананне рашэння і прысуду іншых судоў, вядзенне актавых кнігаў.

Стаць суддзёй у тыя часы можна было толькі валодаючы старабеларускай мовай, гэта была строгая ўмова.

Земскі суд склікалі тры разы ў год. Прадстаўнікі суда абіраліся шляхтай са складу мясцовых шляхцічаў, якія валодалі правам і мелі ва ўласнасці маёнтак, гэты суд узначальваў земскі маршалак. Акрамя яго, былі яшчэ падсудак і пісар. Гэты суд разглядаў справы між шляхтаю, як крымінальныя, так і грамадзянскія, а яшчэ выконваў натарыяльныя функцыі. Тут жа разглядалі незаконныя дзеянні службовых асоб павета.

Polish_Land_Court_(plate_from_1594).png

Паседжанне земскага суда

Камісарскі суд склікаўся для разгляду зямельных прэтэнзій прыватных землеўладальнікаў, манастыроў, гарадоў да трымальнікаў каралеўскіх маёнткаў. Разглядаў справы на месцы з выклікам бакоў і сведак, аглядаў межы маёнткаў, вылучаў межы зямельных уладанняў, пазначаў іх на мясцовасці і складаў аб гэтым адмысловы дакумент — акт. Суддзямі ў гэтым судзе былі камісары.

Палюбоўны, ці трацейскі, суд разглядаў у асноўным маёмасныя спрэчкі паміж шляхтай і іншыя справы за выключэннем спраў, звязаных з дзяржказной, крымінальных спраў і спрэчак паміж трымальнікамі дзяржаўных маёнткаў. Суддзямі былі камісары, якіх выбіралі самі бакі.

Копны суд быў заснаваны на традыцыях і існаваў да з’яўлення пісанага права. Самы старажытны орган судовай улады, уласцівы толькі беларускім землям. Копны суд разглядаў справы простых людзей. Складаўся з копных старцаў і копных мужыкоў, якія пражываюць на тэрыторыі дадзенай акругі. Разглядаў усё, ад цяжкіх злачынстваў да дробных парушэнняў. Рашэнні гэтага суда неадкладна прыводзіліся ў выкананне.

Лаўны суд разглядаў крымінальныя справы гараджан. Падкаморскі суд быў адмысловым судова-арбітражным органам, які разглядаў спрэчкі аб межах землеўладанняў шляхты. У склад яго ўваходзілі: падкаморы, каморнік, пісар. Радны суд разглядаў грамадзянскія справы мясцовых гараджан.

У 1566 годзе ў паветах і ваяводствах былі створаны земскія і падкаморскія суды, сябраў суда абірала мясцовая шхята.

Асаблівае становішча ў судовым стаўленні мелі гарады, якія карысталіся магдэбургскім правам, што пачало пранікаць у Вялікае Княства Літоўскае ў канцы XIV стагоддзя з Польшчы. Сутнасць Магдэбургскага права заключалася ў вызваленні гараджан ад некаторых дзяржаўных падаткаў і павіннасцяў і ад падсуднасці дзяржаўным чыноўнікам, за выключэннем найбольш цяжкіх крымінальных злачынстваў.

Полацк-магдэбургскае_права.jpg

Прывелей Полацка на Магдэбургскае права

У Вялікім Княстве Літоўскім магдэбургскае права насіла ўсечаны характар, самакіраванне гарадоў было моцна абмежавана. Па магдэбургскім праве, у горадзе існавалі дзве калегіі — радцаў і лаўнікаў. Першыя вялі суд па грамадзянскіх справах, другія — у ліку 12 прадстаўнікоў, пад старшынствам войта прымалі рашэнні па крымінальных справах.

За што найбольш жорстка каралі ў ВКЛ?

Згодна з Раздзелам І «О персоне нашой господарской», Артыкуламі 3 і 4 у Вялікім княстве маглі пакараць за вусную ці пісьмовую абразу Вялікага князя: «Теж коли бы хто якого ж кольвек стану был найден явне подойзраный, иж маестат наш господарский образил, таковому жаден привилей, ани зацность, ани достоенство не маеть помагати, ани ся он им щитити можеть, абы ся не мел справовати, и где будеть правом поконан, абы не мел каран быти», — гаворыцца ў артыкуле 4.

Абразіць князя можна было як вусна, у прыватнай размове, ці кампаніі, так і ў прыватным лісце, калі той мог патрапіць да законнікаў. Пад артыкул пра абразу ўладара падпадалі і такія зладзействы, як бунт супраць гаспадара краіны, спроба дзяржперавароту як у час панавання таго ці іншага князя, так і ў час, калі князь паміраў і часова сталец заставаўся вакантным.

Быў у Статуце і пункт пра здраду дзяржаве — шпіянаж на карысць ворага або адстойванне інтарэсаў у шкоду ўласнай Радзіме, як напісана ў Артыкуле 3: «Тежъ маестат нашъ ображон бываеть с тое причины, кгды бы ся хто бунтовал, покой посполитый взрушаючи, противъ нас, г[о]с[по]д[а]ря, або ку шкоде речи посполитое мынцу без воли нашое билъ, або по зейштью з сего свѣта нашомъ г[о]с[по]д[а]ръскомъ, также и потомковъ наших, королей полскихъ и великих князей литовъскихъ, хотечи хто осести и опановати тое панство великое князство и г[о]с[по]д[а]ремъ на немъ быти, и войско, людъ служебный збирал, выводилъ. Хто бы теж з неприятельми нашими порозумен[ь]е мѣлъ, листы до них або послы, радечи против намъ, г[о]с[по]д[а]ру и речи посполитой, або остерегаючи слал, тымъ неприятелемъ якую помоч давалъ. Хто бы теж замокъ нашъ неприятелю здрадою подал, кроме причины голоду кгвалтовъного».

Падробка грошай у ВКЛ таксама лічылася абразай уладара, магчыма, таму што на манетах чаканілі партрэт дзейнага князя.

b99e3348634227848d7cb721f133bfd3.jpg

Выява артыкулаў са Статута ВКЛ 1588 года

Якія трэба былі доказы?

Каб давесці віну злачынцы, трэба было сем сведкаў з добрай рэпутацыяй, пажадана шляхтай, згодна з артыкулам 5: «Але хто на кого ображенье маестату ведѣть, маеть довести сведецствомъ вѣры годными и неподозреными, людми добрыми, шляхтою, семма светками и ихъ и своею присегою. И то при слушныхъ правных доводехъ и явных а певныхъ знакох того такового учинку...».

Разгледжанне справы магло быць спынена, калі за год абвінавачанага так і не змаглі асудзіць, або калі чалавек здзейсніў злачынства «з-за свайго глупства». Абвінавачанні здымалі яшчэ і з вар’ятаў: «А таковую справу на первшомъ року тежъ не индей одно у великомъ князстве литовскомъ с паны радами нашими судити маемъ, в жадную лимитацыю тое справы не впущаючи. Што если бы ся на первшом року не скончило, тогды вжо в томъ обвиненый волен быти мает. А покажет ли ся невинность обвиненого, тогды тот хто такового помовил, самъ той винѣ подлегаеть. А для того мы, г[о]с[по]д[а]ръ, того, хто таковое мовен[ь]е албо писанье намъ ознаймить, меновите в позве писати роскажемъ. А вед же естли бы хто з глупъства або шаленства в томъ выступилъ, за то мы, господаръ, братися не будемъ» — згодна з артыкулам 4.

Якая кара была за самыя страшныя правіны, і што рабілі з ілжэданосчыкамі?

Калі ўдавалася даказаць віну, то асуджаны мог згубіць «горла, гонар і маёнтак», іначай кажучы, калі гэта быў шляхціц, то ён пазбаўляўся свайго статусу, маёмасць яго канфіскоўвалі на карысць вялікага князя, а самога абвінавачанага чакала смерць.

i_005.jpg

Пакаранне злачынца смерцю. Ілюстрацыйная выява

Віну за бацькоў неслі і дзеці. Дарослыя сыны маглі таксама страціць «гонар і горла», калі ведалі аб злачынных задумах свайго бацькі, але своечасова на яго не данеслі. Калі ж удавалася даказаць, што паўналетнія сыны не ведалі аб гэтым нічога — кара не распаўсюджвалася. Жонка і дочкі такога злачынцы «гонару не страчвалі».

Даволі частай практыкай было ілжэданосіць. Гэтак рабіла як шляхта, так і простыя людзі. З дапамогай ілжэданосу можна было ліквідаваць канкурэнта, пазбавіцца непрыяцеля ці даставіць праблемы надакучліваму суседу. Калі агаворанаму чалавеку ўдавалася апраўдацца, то ўжо ілжэданосчык «страчваў гонар і караўся смерцю»: «...Ведь же в том выступе коло ображенья маестату нашого господарского, где кому идеть о честь и о горло, таковых шляхту подданных наших нигде индей, одно на сойме великом вальном с паны радами нашими Великого князства Литовского мы, господар, судити и подле выступу кождого их тым караньем, яко вышей описано, карати роскажем...».

Аспрэчваць такія рашэнні суда дазвалялася толькі шляхам, устаноўленым Статутам — праз апеляцыйныя органы. Калі ж нехта не прытрымліваўся правілаў — яго каралі арыштам, згодна з артыкулам 11: «Хто бы напротивку выроку нашому мовил. Теж уставуем, где быхмо мы, господар, с паны радами нашими з выроку нашого сказанье учинили, а хто бы смел против тому выроку нашому и по сказанью што противного мовити, тогды таковый якого ж кольвек стану, так высокого, яко и низшого, маеть седети на замку нашом шесть недель, а то никому не маеть быти отпущоно».

Belarus-Minsk-Maksim_Bahdanovich_Museum_3.jpg

Статут ВКЛ 1588 года, арыгінал

За што яшчэ каралі смерцю ў ВКЛ?

Згодна са Статутам 1588 года, пакараць смерцю маглі ваенных злачынцаў, а таксама за злачынствы супраць рэлігіі і царквы (забойства ці крадзеж у храме), злачынствы, здзейсненыя супраць гонару, здароўя і жыцця людзей, а таксама за супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да маёмасці (да прыкладу, падпал хаты ці маёнтка).

Працяг будзе

АМ, budzma.org