Дзьве падзеі зь беларускага культурнага жыцьця, якія адбыліся літаральна адна за адной і пра якія вы дакладна чулі. Пры гэтым, па сутнасьці, гэтыя падзеі супрацьлеглыя адна адной, але пры гэтым... ідэальна ўзаемадапаўляюцца. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік разважае пра пэрспэктывы беларускамоўнага кантэнту на тле хваляў гэйту і туману непапулярнасьці.
Напэўна, кожны з нас неаднойчы чуў вось гэтае абрыдлае: «Да какая разница, на каком языке?!». І ведаеце, у нейкім сэнсе, я з гэтым пытаньнем згодны.
Але ёсьць нюанс.
Нядаўна магілёўскі музыка AP$ENT заявіў, што больш ня будзе рабіць беларускамоўных песень. А літаральна на наступны дзень іншы беларускі гурт — «Петля пристрастия» — выдаў свой першы ды яшчэ і цалкам беларускамоўны альбом.
Можа гэта прагучыць дзіка, але лепшае камбінацыі падзеяў для пошуку адказу на згаданае вышэй абрыдлае пытаньне і прыдумаць цяжка.
Валера Руселік
Што адбылося
Зрэшты, давайце ад пачатку. Беларускі музыка Арсень Кісьляк, больш вядомы пад творчым псэўданімам AP$ENT, паведаміў у сваім профілі ў Тыктоку, што «зь імавернасьцю ў 99.9%» больш ня будзе выпускаць песень на беларускай мове. Як прычыну аўтар шэрагу папулярных кампазыцыяў з мільённымі праглядамі назваў тое, што беларускамоўныя трэкі вельмі дрэнна «залятаюць», «форсяцца» і іх складана прасоўваць.
Арсень Кісьляк на сваёй старонцы ў TikTok паведамляе пра адмову ў творчасьці ад беларускай мовы
А літаральна на наступны дзень іншы папулярны беларускі гурт «Петля пристрастия» выдаў свой новы, ужо сёмы ў дыскаграфіі і першы беларускамоўны, альбом «Супэрпазыцыя»
Здавалася б, цалкам супрацьлеглыя гісторыі! Але ж колькі ў іх падабенства!
Хваля «моўнага» гэйту
Вось глядзіце. І AP$ENT, і «Петля пристрастия», у выніку сутыкнуліся з сапраўднай хваляй «моўнага» гэйту. Першаму дасталося ад часткі беларускай і ўкраінскай аўдыторыі, якая абвінаваціла сьпевака ў нацыянальнай здрадзе і прадажнасьці. Другім — ад гэйтараў з Расеі, якія абрынуліся з абвінавачаньнямі ў зноўку ж здрадзе, толькі ўжо «русскому миру», а таксама з абразамі ў бок усяго беларускага.
Як той казаў, у кагосьці няслаба падарвала пятую кропку толькі праз тое, што беларусы (!) выдалі альбом па-беларуску (!!!).
Некаторыя з нэгатыўных камэнтароў у бок музыкаў: зьлева — у бок AP$ENTа, справа — у бок гурту «Петля пристрастия»
Ці варта ўсіх сабакаў вешаць на аднаго Арсеня?
Пры гэтым, кладучы руку на маё беларускамоўнае сэрца, насамрэч ані «Петлю пристрастия», ані AP$ENTа немагчыма западозрыць у нейкай ватнасьці-неадэкватнасьці альбо ў адсутнасьці любові да Беларусі.
Ну, зь «Пятлёй прыхільнасьці» (неяк бачыў гэткі беларускамоўны аналяг назвы гурту) усё зразумела. Хлопцы каторы ўжо год вядуць свае сацыяльныя сеткі па-беларуску. І для мяне, даўняга аматара іх творчасьці, зьяўленьне беларускамоўнага альбому было адно толькі пытаньнем часу.
Таму што нашая родная мова — гэта не толькі сродак зносінаў, але і сьведчаньне пэўнага духовага росту, разьвіцьця. Асабістага шляху насустрач самому сабе, сваім караням, свайму месцу ў гэтым сьвеце.
Ну і AP$ENT, пра якога я, прызнаюся, упершыню пачуў якраз у сувязі з падзеямі 2020 года. Памятаеце гэтыя радкі: «Дядя Саша, без обид, / но Вам никто не рад / Забирайте тётю Лиду / Возвращайтесь в ад»? Гэта «Песенка весёлого белоруса», якая многіх павесяліла ў тыя гарачыя дні і якая, напэўна ж, спрычынілася да вымушанага пераезду музыкі разам з жонкай у Грузію, а потым у Польшчу.
Альбо песьня «Жыве!»:
Ці чуеш? Ці чуеш? Ці чуеш узнялісь хвалі ў дрыгве.
Віншую — гэта значыць Жыве.
Ты чуеш, стукае пульс — Жыве, жыве.
Б’ецца сэрца — жыве Беларусь — жыве, жыве.
На хвіліначку, гэта таксама песьня AP$ENTа, якую ён напісаў у 2020-м. Дарэчы, у адным з інтэрвію музыка распавядаў, што якраз падзеі 2020 года былі абудзілі ў ім цікаўнасьць да беларушчыны.
Як і ў многіх-многіх з нас, праўда?
А затым была і песьня «Награда», у якой Арсень Кісьляк (дарэчы, ён нарадзіўся ў Харкаве) абсалютна адназначна падтрымаў Украіну ў вайне з Расеяй. За што, натуральна ж, сутыкнуўся з ватным гэйтам і стратай часткі сваёй расейскай аўдыторыі.
І гэтак далей, і гэтак далей. І таму папракаць AP$ENTа ў нейкай прадажнасьці ці здрадзе асабіста я б ня стаў. І іншым ня раю. Ну вы ж не папракаеце ў гэтым мільёны астатніх нашых расейскамоўных суайчыньнікаў, праўда? Ня зьмешваеце ж з брудам беларускіх творцаў, якія не карыстаюцца роднай мовай — дык чаго ж вы ўсіх сабакаў вешаеце на аднаго Арсеня?
Хаця, дзеля справядлівасьці, і з аргумэнтамі музыкі, якімі ён патлумачыў сваю адмову ад беларускай мовы ў творчасьці, я пагадзіцца ўсё-ткі не магу.
Ня варта ставіць крыж на нашай мове
Беларускамоўны кантэнт і сапраўды на многіх плятформах прасоўваць куды цяжэй. Гэта вядомая праблема, зь якою сутыкаюцца многія, у тым ліку і я сам. Але ўсё-ткі магчыма. Да прыкладу, самы папулярны беларускамоўны гурт «Nürnberg» мае мільёны праслухоўваньняў у Spotify, вядомы ў розных частках сьвету й выдаецца на лэйблах у Нямеччыне і ЗША.
Афіша эўрапейскага туру-2024 гурту «Nürnberg» з альбомам «Adkaz»
То-бок крыж на нашай мове ставіць усё-ткі ня варта. Дарэчы, ў адказ на скандальную заяву AP$ENTа многія зьвярнулі ўвагу на тое, што, да прыкладу, і ягоныя ангельскамоўныя песьні таксама «ня форсяцца». Хаця, здавалася б: English усё-ткі...
Атрымліваецца, у песьні прынамсі не заўжды ключ да посьпеху ляжыць у мове яе выкананьня.
Альбо вось вам іншы прыклад. Яшчэ адзін усясьветна вядомы гурт «Sigur Rós» з Рэйк’явіку, які я слухаю ўжо як гадоў дваццаць, і наагул сьпявае ў... няіснай мове. Не па-ангельску, не па-ісьляндзку, а ў гэткай абсалютна штучнай мове — Hopelandic-Vonlenska. Гэткая мешаніна выпадковых складаў, якія толькі нагадваюць гучаньнем ісьляндзкую.
Наведнікі канцэрту гурту «Sigur Rós», якія ня ведаюць, пра што сьпяваюць іх улюбёнцы. Фота flickr. com.
І падобныя прыклады можна згадваць і згадваць.
Чаму раптам расейскамоўная «Петля пристрастия» сталася «Пятлёй прыхільнасьці»
Вось тут, дарэчы, паўстае іншае пытаньне: дык калі зразумелая мова — гэта прынамсі не заўжды абавязковы чыньнік папулярнасьці песьні, то з чаго раптам цалкам сабе топавая й запатрабаваная аўдыторыяй расейскамоўная «Петля пристрастия» сталася «Пятлёй прыхільнасьці»?
І вось тут варта даць слова самым музыкам. У часе спантаннай сустрэчы з сваімі прыхільнікамі саліст гурту Ілья Чарапко-Самахвалаў патлумачыў наступнае:
«Калі мы ствараем нешта, то робім гэта, сыходзячы з нашага ўнутранага жаданьня. Для нас гэта не кан’юктура, а ўнутранае памкненьне як творчых адзінак. Калі мы захочам зрабіць альбом на расейскай мове, мы яго зробім. Зараз мы палічылі важным стварыць альбом на беларускай мове. Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусі, а не Расейскай Фэдэрацыі, паўтаруся. Вось і адказ на ўсе пытаньні».
У чым сапраўданая прычына адмовы AP$ENTа ад беларускай мовы
Штосьці мне падказвае, што насамрэч адмова AP$ENTа ад беларускай мовы ў сваёй творчасьці прынамсі часткова мае іншую прычыну.
Гаворка не пра тое, што беларускамоўныя трэкі цяжэй раскручваць і што на іх менш ахвотна рэагуе аўдыторыя. Я думаю, што ў нейкі момант Арсеня папросту задзяўблі нешматлікія, але вельмі актыўныя ў Інтэрнэце пэрсанажы, якія з агрэсіяй кідаюцца літаральна на ўсіх, хто зробіць нейкую памылку ў сваім беларускім маўленьні альбо хто, на іх думку, недастаткова беларускамоўны. Сам музыка неаднойчы згадваў гэткія нападкі ў свой бок, і было бачна, што яго гэта вельмі моцна чапляе.
То-бок чалавек, натхнёны падзеямі 2020 года, далучыўся да беларушчыны, зь якой дагэтуль ня меў анічога супольнага — і замест падтрыманьня і ўхвалы атрымаў... бясконцыя прэтэнзіі і дробязныя дачэпкі. І ў выніку, махнуў рукой: маўляў, ідзеце вы лесам, задзяўблі!
І як (зьвяртаюся да ўсіх тых, хто дзёўб Арсеня), вы задаволеныя? Моцна дапамаглі беларушчыне, адштурхнуўшы ад яе чарговага чалавека? Больш утульнае зрабілася вашае таксычнае гета?
Ключ да цудоўнай будучыні і беларускамоўнага кантэнту
Ну і каб не завяршаць тэкст сумнымі рытарычнымі пытаньнямі, падзялюся з вамі сваімі спадзевамі.
Насамрэч я думаю, што пэрспэктывы ў беларускамоўнага кантэнту ёсьць. І пэрспэктывы выдатныя. Вось толькі дзеля гэтага нам усім патрэбнае тое, што гэтак моцна натхняла ў згаданым 2020-м многіх з нас.
Гэта нашае адзінства, узаемапавага і салідарнасьць, узаемаразуменьне і падтрыманьне адно аднаго, замест прэтэнзіяў — удзячнасьць, замест дачэпак — дапамога.
Гэта і ёсьць ключ да цудоўнай будучыні і беларускамоўнага кантэнту, і наагул для ўсяе нашае краіны. Гэта і ёсьць нашая беларуская супэрпазыцыя.
Без усялякіх дзьвюкосьсяў.
Вокладка альбому «Супэрпазыцыя» гурту «Петля пристрастия», якая ўяўляе зь сябе эвакуацыйны знак «Пункт (месца) збору»
Валера Руселік, Budzma.org