Аляксей Гайдукевіч робіць для budzma.org агляд замежнай прэсы
Пра крывавыя падзеі жніўня ў Беларусі першымі даведаліся нашы суседзі. СМІ ў Літве, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах рэгіёна ў рэжыме анлайн інфармавалі аб сітуацыі.
Яшчэ да таго як заходнія інфармагенцтвы падхапілі і распаўсюдзілі кадры з вуліц беларускіх гарадоў, ва Усходняй Еўропе палітыкі і грамадства дакладна вызначыліся з ацэнкай таго, што адбывалася.
Натуральна, што беларускія пратэсты не маглі працяглы час трымацца на першых старонках газетаў, часопісаў і электронных СМІ. Праз месяц-другі тысячы затрыманых і маштабы шэсцяў і іншых акцыяў перасталі ў дастатковай меры кранаць спажыўцоў усходнееўрапейскіх медыя. Другая хваля эпідэміі перамагла чарговы этап рэпрэсій у Беларусі ў барацьбе за ўвагу нашых суседзяў.
Разам з тым у асобных СМІ сталі заўважныя відавочныя інфармацыйныя дыверсіі, якія па некаторых прыкметах можна назваць спецаперацыямі. Вядзецца зусім не пра сетку крамлёўскіх сайтаў, якія пад адным і тым жа брэндам на розных мовах праводзяць прапагандысцкі наратыў. Гаворка якраз пра некаторыя топ-выданні з шырокай аўдыторыяй.
У тых жа Польшчы ці Літве грамадства і палітыкі даволі аб'ектыўна разумеюць апошнія падзеі ў Беларусі. І ў гэтых краінах адназначна адмоўна ўспрынялі б неадэкватныя ацэнкі беларускай сітуацыі. У адрозненне ад іншых нашых суседзяў — чэхаў, у якіх разуменне фарміруецца ў першую чаргу праз СМІ.
Увагу на сябе звярнула публікацыя на адным з самых папулярных інфармацыйных сайтаў Чэхіі idnes.cz.16 снежня, якраз напярэдадні ўвядзення чарговага пакета санкцый з боку ЕС, эксперт па ўсходнееўрапейскіх краінах з вядомага Карлавага ўніверсітэта напісаў:
"Негвалтоўная форма пратэсту не прывяла да змены рэжыму, і можна меркаваць, што гэтага не адбудзецца".
Вельмі цікава, што гэты тэкст знаходзіцца на платнай платформе (каля 15% усяго кантэнту на гэтым сайце). І перапоўнены такога кшталту сцверджаннямі, якія больш падобныя на прапагандысцкія штампы, бо маюць відавочна аднабокі характар, а высновы нічым фактычна не аргументаваныя.
"Санкцыі Захаду не маюць сэнсу, бо нясуць адно дэкларатыўны характар... Увядзенне эканамічных санкцыяў немагчымае, бо ў Беларусі істотная роля ў транзіце сыравіны".
Вялікія пытанні выклікае менавіта безапеляцыйнасць такіх сцверджанняў, якія прамаўляюцца на шырокія масы не надта абазнаных у беларускіх пытаннях чытачоў. Тым больш што публікацыя выйшла за дзень да прыняцця ЕС чарговага пакета санкцый у дачыненні да наменклатурнага апарату ў Беларусі.
Не менш падобным да прапагандысцкага выглядае выступ на самай папулярнай чэшскай палітычнай радыёстанцыі аднаго з экспертаў. На сайце радыё змест гэтага каментара змешчаны набор тэзаў, адпаведных агучаным у артыкуле на idnes.cz.
Аўтар перакананы, што падчас інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” кіраўнік камандна-адміністрацыйнага апарату ў Беларусі прадэманстраваў ўпэўненасць у апанаванні сітуацыі.
А сведчыць пра гэта той факт што:
"Статысячныя дэманстрацыі ў Мінску і іншых буйных беларускіх гарадах прынамсі часова сышлі ў мінулае".
І ў першым, і другім артыкуле эксперты адзначаюць, што рэпрэсіі маюць кропкавы характар, каб не закрануць шырокія слаі грамадства. Таму і незадаволенасць у грамадстве не мае пунктаў для пашырэння.
Выпадкова ці не? Але каментар на радыё з'явіўся за дзень да сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў Вышаградскай групы (Чэхія, Польшча, Славакія, Венгрыя). На якой адным з галоўных пытанняў было становішча ў Беларусі і далейшая стратэгія краінаў на беларускім кірунку.
Нельга выключаць імавернасць, што публікацыі, галоўны наратыў якіх адпавядае іх назвам ("Пратэст страціў моц", "Рэвалюцыя скончылася, Захад страціў цікавасць"), ёсць ініцыятывай не толькі аўтараў.
Цяжка ўявіць, каб такога кшталту эксперты маглі настолькі аднабока ўспрымаць і трансляваць інфармацыю. А таксама нібыта не звяртаць увагу на хвалю рэпрэсій, робячы высновы ў сваіх артыкулах.
Напэўна, задача гэтых публікацый палягала не ў аб'ектыўнасці, а ў накідванні пэўных установак на грамадскую свядомасць.
Такога кшталту матэрыялы цалкам могуць быць элементамі інфармацыйных аперацый спецслужбаў. Напрыклад, у межах супрацьдзеяння пашырэнню санкцый супраць адміністрацыйнай сістэмы ў Беларусі. Імаверная мэтавая аўдыторыя — бізнес, які мае стасункі з беларускай наменклатурай, палітыкі сярэдняга ўзроўню ў якасці лабістаў.
У выпадку працягу аперацый па дэзінфармацыі мы можам стаць сведкамі яшчэ не адной такой публікацыі, пашырэння геаграфіі, павелічэння колькасці.
Маштабнасць магчымай аперацыі дазволіць зрабіць выснову аб крыніцах распаўсюду. Цалкам імаверна, што ініцыятарамі і рэалізатарамі дыверсіі з'яўляюцца не толькі прадстаўнікі карнага апарату з Беларусі, але і іх расійскія калегі. Якія працяглы час і даволі паспяхова працуюць на ўсходнееўрапейскім кірунку.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org