У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” 26 чэрвеня пісьменнікі Вольга Іпатава і Уладзімір Мароз завіталі ў госці да бібліятэкараў Баранавіцкага раёна. Творчая сустрэча адбылася ў цэнтральнай раённай бібліятэцы ў пасёлку Новая Мыш. Прысутныя з цікавасцю слухалі выступ Уладзіміра Мароза, які расказаў аб сваёй працы ў дакументальным кіно, згадаў стужкі, знятыя на баранавіцкай зямлі, у прыватнасці, фільм “Тайна помніка”, дзе распавядаецца аб загадкавым помніку у лесе “Тры крыжы”, паўсталым у 1939 годзе. Адзначыў таксама, што з’яўляецца рэжысёрам стужкі “Міфалагемы Родзіна” аб вядомым беларускім мастаку Алесю Родзіне, які родам з Баранавічаў. У.Мароз чытаў таксама свае лірычныя вершы, асабліва ўзрушыў аўдыторыю верш “Дранікі”.
Сняданак любові – на кухні сям’я за сталом:
Маленькі Даніла, Марына, Цімох пасталелы,
Ды Вольга й Валодзя – бацькі.
Ахінае крылом
Святая нядзеля, што свет уратуе збалелы.
Палае агмень, ён жытло сагравае заўжды,
Даруе нам хлеб, і не толькі надзённы адзіна.
На хвалях лагоды нас хутар стары-малады
Гайдае, і песціць, і корміць – яднання часіна.
А дранікі мяккія самі аж просяцца ў рот,
На сале засмажаным сілы набраліся ў печы.
Смятана падлашчыць – заўзяты стаіць умалот,
Жыццёвая жорсткасць сягоння не цісне на плечы.
Канстанты быцця.
Як і дзён пераемных сувой,
Над комінам дым, зеляніна травы маладая,
Як пошум стагоддзяў сівых па-над Нёмнам-ракой,
Адвечная плынь пра якія няўзнак нагадае.
Няблізка-далёка зацятасць між злом і дабром –
Тут Бог ашчаджае мясціну радзінную гэту.
Гады праімчацца наўскач,
А сям’я за сталом
Навек застанецца апораю беламу свету.
У сваім выступе Вольга Іпатава патлумачыла, чаму яна стала пісаць гістарычныя раманы, чым прываблівае яе гісторыя нашай краіны, асабліва эпоха Вітаўта, падзялілася творчымі планамі. Прагучалі таксама вершы паэткі. У цэлым сустрэча прайшла пад знакам Васіля Быкава. Вольга Іпатава расказала аб сваіх першых сустрэчах з Васілём Уладзіміравічам яшчэ ў Гродне, калі пачыналася яе літаратурная дзейнасць. На сканчэнне творчай сустрэчы была праведзена віктарына, прысвечаная жыццю і творчасці Васіля Быкава. Удзельнікі адказвалі на самыя разнастайныя пытанні, самыя абазнаныя атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Тэгі: Баранавічы