8 і 9 верасня ў Берасці адбудуцца сустрэчы з арганізатарамі фестывалю “SPRAVA” і арт-пікніка “FSP”
Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” працягвае цыкл лекцый і сустрэч у межах праекта “#999”. У бліжэйшыя выходныя ў Берасце завітаюць стваральнікі і каардынатары культурніцкіх праектаў – Кацярына Аверкава (у суботу) і Дзяніс Трусіла (у нядзелю).
Мэта гэтага праекта – прынесці новыя ідэі, наладзіць публічную дыскусію па сучасных формах правядзення вулічных святаў.
8 верасня ў адноўленым офісе “Дзедзіча” з 14.00 до 16.00 пройдзе сустрэча з арганізатаркай міжнароднага фестываля-узаемадзеяння з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі сродкамі сучаснага мастацтва і музыкі – “SPRAVA” – Кацярынай Аверкавай, якая раскажа пра свой вопыт арганізацыі вялікіх мерапрыемстваў.
Фестываль SPRAVA збірае супольнасць архітэктараў, гісторыкаў, мастакоў, рамеснікаў, музыкаў і наведвальнікаў (мясцовых жыхароў і прыезджых) для стварэння новай культурнай прасторы вакол Чарэйскага возера (Віцебская вобласць). Гэтым летам прайшоў ужо другі, як яго назвалі самі арганізатары – “фестываль месца”. Падрабязней пра фэст на сайце –spravafestival.by
9 верасня адбудзецца сустрэча з Дзянісам Трусіла, заснавальнікам і прадзюсарам арт-пікніка ў Мінску “Freaky Summer Party”. Ён распавядзе як прасоўваць культурніцкія мерапрыемствы, колькі грошай можна патраціць на рэкламу і канешне ж адкажа на пытанні слухачоў. Пачатак у 14.00.
Freaky Summer Party – гэта атмасферны летні арт-пікнік. Кактэйлі з гульняў, сучаснага мастацтва, воркшопы, трэндавая музыка і медыйныя эксперыменты. Ладзіцца ён у Мінску, на тэрыторыі парка Перамогі. Падрабязней на сайце artpicnic.by.
*Сустрэчы будуць цікавыя для арганізатараў разнастайных мерапраемстваў, ці тых людзей, якія зацікаўлены ў фарміраванні культурнага асяродку Берасця.
Пасля лекцый будзе наладжана публічная дыскусія па сучасных формах правядзення вулічных святаў. Пошук новых падыходаў да арганізацыі культурных імпрэзаў, абмеркаванне прапаноў па фармаце і праграме вулічных мерапрыемстваў, па тэмах, вартых асвятлення падчас святкавання 1000-годдзя Берасця.
Каб трапіць на сустрэчы, трэба запоўніць заяўку.
Адрас: Берасце, Маякоўскага, 46.