Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 г. беларускія ўлады развязалі шырокамаштабныя жорсткія рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і тых, хто спачувае ім, заявіла Human Rights Watch, публікуючы сёння свой Сусветны даклад — 2021. Аб выніках дакладу — у матэрыяле Вясны.
Масавыя і пераважна мірныя пратэсты захліснулі Беларусь пасля прэзідэнцкіх выбараў, па выніках якіх пераможцам, нягледзячы на важкія абвінавачванні ў масавых падтасоўках, быў абвешчаны Аляксандр Лукашэнка, які нязменна кіруе краінай з 1994 г. Улада адказала адвольнымі затрыманнямі тысячаў дэманстрантаў, сотні падвергліся катаванням і жорсткаму, зневажальнаму чалавечую годнасць абыходжанню з боку супрацоўнікаў сілавых структур. У перадвыбарчы перыяд і пасля галасавання былі кінутыя за краты дзясяткі журналістаў, блогераў, прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, прэзідэнцкіх кандыдатаў, праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў.
«Летась беларускія ўлады пабілі ўласны рэкорд жорсткасці і рэпрэсій, — кажа Х’ю Уільямсан, дырэктар Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Яны не спыняліся ні перад чым у сваім імкненні раздушыць нязгодных практычна ва ўсіх пластах грамадства».
Сілавікі жорстка спынялі масавыя мірныя пратэсты 9-12 жніўня ў Мінску і іншых буйных гарадах, ужываючы супраць дэманстрантаў залішнюю сілу, гумовыя кулі, светлашумавыя гранаты, слёзатачывы газ і халастыя патроны. За чатыры дні было затрымана амаль 7 тыс. дэманстрантаў і выпадковых мінакоў. Затрыманыя ўтрымліваліся ў бесчалавечных і прыніжаючых годнасць умовах. Сотні падвергнуліся катаванням або іншаму недазволенаму абыходжанню. У жніўні прынамсі тры чалавекі памерлі ў выніку супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Людзі, якія выйшлі на свабоду пасля затрымання распавядалі пра пабоі, прымус да працяглага знаходжанні ў стрэсавых позах, электрашоку; па меншай меры адзін чалавек заявіў аб згвалтаванні. Некаторыя атрымалі сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні. Людзей па некалькі дзён трымалі ў перапоўненых камерах, часцяком не давалі вады і не кармілі, а таксама адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе і не выпускалі ў туалет.
Нягледзячы на ўсё гэта, дзясяткі тысяч чалавек працягнулі выходзіць на мірныя дэманстрацыі, патрабуючы сумленных выбараў і правасуддзя за самавольства сілавікоў. Да сярэдзіны лістапада агульная колькасць затрыманых у сувязі з пратэстамі з пачатку жніўня дасягнула 25 тыс. чалавек, у тым ліку звыш тысячы — толькі за адныя з выходных у пачатку лістапада. У лістападзе ў Мінску неўстаноўленымі асобамі ў масках быў збіты мірны пратэстоўца, які пасля памёр у бальніцы. Вядучая Беларуская праваабарончая арганізацыя заявіла, што нападнікі былі супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным.
Улады пачалі некалькі даследчых праверак па фактах недазволенага абыходжання з дэманстрантамі, аднак па іх выніках не было распачата ніводнай крымінальнай справы.
Пры гэтым улады распачалі сотні палітычна матываваных крымінальных спраў у дачыненні да апазіцыянераў, дэманстрантаў і тых, хто спачувае, грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў. Па дадзеных беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна», у следчым ізалятары ў чаканні суда знаходзіцца 121 чалавек. Мелі месца шматлікія выпадкі, калі журналісты, якія асвятлялі пратэсты, былі затрыманыя, збітыя, падвергнутыя штрафу, выдварэнню або пазбаўленню акрэдытацыі. Улады часова блакавалі дзясяткі сайтаў і на некалькі дзён рэзка зніжалі хуткасць інтэрнэт-доступу.
У перыяд пасля выбараў Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 336 выпадкаў затрымання і 60 эпізодаў, звязаных з гвалтам у дачыненні да журналістаў.
За ўдзел дзяцей у пратэстах бацькам пагражалі штрафам і пазбаўленнем бацькоўскіх правоў, а студэнтам — адлічэннем з вышэйшых навучальных устаноў. Улады таксама публічна абмяркоўвалі магчымасць выкарыстання баявых патронаў супраць дэманстрантаў.
Еўрасаюз не прызнаў афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў, назваўшы іх несвабоднымі і несправядлівымі, і увёў персанальныя санкцыі ў сувязі з паслявыбарчымі рэпрэсіямі. Аналагічным чынам адрэагавалі ЗША і Вялікабрытанія, якія асудзілі гвалт над дэманстрантамі, затрыманні і адключэнне інтэрнэту.
У лістападзе незалежны экспэрт, прызначаны ў рамках «Маскоўскага механізму» АБСЕ, апублікаваў свой даклад, у якім была зробленая выснова аб «масавых і сістэматычных» парушэннях правоў чалавека напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і ў паслявыбарчы перыяд. Ключавыя рэкамендацыі дакладу ўключаюць у сябе правядзенне Мінскам новых выбараў, вызваленне ўсіх асобаў, пазбаўленых волі па палітычных матывах, і прыцягненне да адказнасці датычных да катаванняў і іншых парушэнняў.
У верасні Савет ААН па правах чалавека правёў пазачарговае абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі і прыняў рэзалюцыю, у якой Вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека было прапанавана ўважліва адсочваць сітуацыю ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. і інфармаваць Савет.
У 761-старонкавым, 31-м па ліку, Сусветным дакладзе — 2021 прыводзіцца агляд сітуацыі з правамі чалавека больш чым у 100 краінах.