Традыцыйна 23 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень кнігі і аўтарскіх правоў. Свята гэтае было адмыслова прыдуманае ў 1995 годзе ЮНЕСКА з мэтай папулярызацыі чытання.
Кампанія «Будзьма беларусамі!» прапануе вам цікавую падборку праектаў, якія пашыраць ваш літаратурны кругагляд, а таксама дазволяць далучыцца да карыснай справы.
Пандэмія рэзка змяніла наш звыклы лад жыцця. Самы час падумаць пра тых, хто ўжо апынуўся ў шпіталях, каб акрамя фізічнага здароўя ім было лягчэй і псіхалагічна.
У ізаляцыю ў бальніцах трапляюць як хворыя, так і «кантакты першага ўзроўню». Для ўсіх іх, каб час ішоў хутчэй, з карысцю і пазітыўнымі эмоцыямі, мы ў партнёрстве з крамамі «Мой модны кут» і «Рагна» ініцыявалі дабрачынную акцыю «Чытай і здаравей» па зборы кніг для бальніц.
Усё, што трэба зрабіць, – перадаць вартыя прачытання кнігі. Пра месцы збору кніг чытайце тут.
У 2017-м шырока адзначаўся юбілей беларускага кнігадруку, а мы разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў абвясцілі кампанію «Пяцісотгоднасць». У межах яе адбываліся самыя розныя афлайн- і анлайн-актыўнасці. У тым ліку быў складзены экспертны спіс найбольш знакавых кніг за ўсе пяць стагоддзяў. Літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч падрыхтаваў серыю матэрыялаў, у якіх ён максімальна коратка апісаў важнасць усіх выданняў са спіса, засяродзіўшыся на кожнай кнізе
У мінулым годзе Саюз беларускіх пісьменнікаў адмыслова да Дня ведаў падрыхтаваў школьнікам файны падарунак – анімацыйны фільм «Ад Скарыны пачатак… Пяць стагоддзяў нашай кнігі». Упершыню ўзноўленая сродкамі анімацыі, гісторыя беларускага кнігадруку праходзіць перад вачыма гледачоў за тры хвіліны. Ролік атрымаўся вельмі круты і будзе цікавы не толькі падлеткам, але і дарослым. Нехта ўзновіць свае веды, а нехта даведаецца і нешта новае:
У 2014 годзе нашай кампаніяй быў зняты буктрэйлер на адно з найбольш вядомых апавяданняў Міхася Стральцова «Смаленне вепрука». Атмасферны ролік дае магчымасць зразумець і адчуць аўтара і герояў, час і атмасферу. Створаны ён быў рэжысёрам Змітром Вайноўскім, а ў галоўных ролях зняліся пісьменнік Альгерд Бахарэвіч і культуролаг Максім Жбанкоў.
Дарэчы, гэты ролік – першы прафесійна зроблены буктрэйлер у нашай краіне.
Казкі і вершы на роднай мове для дзетак дашкольнага ўзросту, якія былі начытаныя Ганнай Хітрык і Паўлам Харланчуком.
Вы пачуеце не толькі народныя, але і аўтарскія творы: добра вядомыя «Каток – залаты лабок», «Пшанічны каласок», «Рукавічку», а яшчэ аўтарскія казкі Янкі Брыля «Жыў-быў вожык», «Страшная казка пра страшнага звера» Івана Бурсава ды іншыя. Таксама ў чытанцы гучаць дзіцячыя вершы беларускіх аўтараў.
На старонках кнігі ёсць вершы класікаў беларускай літаратуры Ларысы Геніюш, Артура Вольскага, Янкі Журбы, Васіля Віткі, Рыгора Барадуліна і іншых. Ёсць там і вершы і сучасных аўтараў: Дануты Бічэль-Загнетавай, Паўла Марціновіча, Андрэя Хадановіча, Сержука Сокалава-Воюша, Анатоля Івашчанкі і Веры Бурлак.
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!