Працяг жыццяпісу Юры Станкевіча, які напісаў для budzma.by Андрэй Мельнікаў. З яго вы даведаецеся, як пісьменнік прыйшоў у літаратуру і напісаў свой самы знакаміты твор “Любіць ноч – права пацукоў”.
Чытайце таксама: Суворы Станкевіч (Пачатак)
Мінск. “Маладосць”
Беларуская сталіца часоў гарбачоўскай “перабудовы” дала будучаму пісьменніку спачатку работу, потым – другую жонку.
Літаратурным часопісам “Маладосць” тады кіраваў значны беларускі паэт Анатоль Грачанікаў – асоба, чыя роля ў станоўчых зменах беларускага грамадства заслугоўвае павагі і ўдзячнасці. З яго згоды адказны сакратар рэдакцыі Леанід Дайнека прыняў Станкевіча на работу ў аддзел крытыкі. Грачанікаў не выгнаў новага супрацоўніка, нягледзячы на надта свабодны падыход таго на першым этапе да рабочага графіку. Грачанікаў падтрымаў некалькі рызыкоўных для сябе беларускіх ініцыятываў, у тым ліку выдаў у “Маладосці” схаваны ад спецслужбаў гісторыкам і археолагам Міхасём Чарняўскім рукапіс Ларысы Геніюш, які ў выніку стаў кнігай “Споведзь”. Грачанікаў спрыяў выданню першай кнігі Юрыя Станкевіча – зборніка прозы “Луп”.
Напачатку Станкевіч ездзіў на работу ў “Маладосць” з Барысава, потым пазнаёміўся з маладой мінчанкай Алай і стаў жыць у яе. Супрацоўнікі “Маладосці” сцвярджаюць, што мелі непасрэднае дачыненне да паглыблення знаёмства і вяселля Георгія і Алы. Верыць ім ці не – вырашайце самі!
Прысутная на вяселлі замежная сяброўка Алы ахвяравала ў падарунак маладым 250 даляраў, што тады было прыкладна як 500 даляраў сёння. Валюта была патрачаная, на першы погляд, непрактычна: Станкевічы купілі на яе персідскую котку – дачку чэмпіёна свету Елісея Галсана. Але не спяшайцеся з высновамі!
У рамантычныя для Беларусі 90-я дарагая ў розных сэнсах котка прынесла сям’і агульны прыплод у пяць паспяхова прададзеных на агульную суму ля 1000 баксаў кацянятаў. Кашачы гешэфт дапамог пісьменніку набыць новы для белліту вопыт. Памятаеце евангельскую прыпавесць пра таленты?!
***
Напачатку 1991-га галоўрэд “Маладосці” Грачанікаў быў моцна збіты невядомымі і неўзабаве памёр. Часопіс ачоліў Генрых Далідовіч, які быў да таго намеснікам Грачанікава.
“Пры Далідовічы ў “Маладосці” яшчэ можна было друкавацца”, – успамінае Станкевіч, які тады атрымаў кшталту павышэння – аддзел прозы ў часопісе. Побач працавалі калегі-сябры Уладзімір Дамашэвіч і Уладзімір Саламаха…
Ды лідар белліт-думкі ў сярэдзіне 90-х, часопіс “Крыніца”, якім кіруе яшчэ адзін Уладзімір – Някляеў, – стваральнік і рэфарматар, складальнік “зорнай” і адначасова эфектыўна-прадуктыўнай рэдакцыі: з Алесем Разанавым, Валянцінам Акудовічам, Леанідам Галубовічам, Уладзімірам Арловым, Леанідам Дранько-Майсюком, Ірынай Клімковіч, Анатолем Сідарэвічам....
Мінск. Апагей
У Станкевіча ў 22-й “літаратурнай” “Крыніцы” (№7 за 1996 г.) выходзіць аповесць “Збіральнік страху”. У хуткім часе ён і сам пераходзіць працаваць у “Крыніцу” – скарыстаўшыся вызваленым месцам у яе “зорным” складзе.
***
Яшчэ да абрання ППРБ наш герой “васпаўняе” хрост. Сакрамант у грэка-каталіцкай традыцыі здзяйсняе знакавы беларускі ксёндз Ян Матусевіч.
Пісьменнік сцвярджае, што паводле перакананняў быў і застаецца агностыкам. Але “сакрамант дзейнічае незалежна ад веры”, кажа адзін з дагматаў яго канфесіі.
***
Юры Станкевіч прыйшоў у белліт ва ўзросце за 40 – калі на цябе як на перспектыўнага літаратара глядзяць ужо, мякка кажучы, скептычна.
Пераломным для змены такога погляду стаў для многіх раман “Любіць ноч – права пацукоў”. Напісаны ў 1998-м, ён адразу прыцягнуў да сябе ўвагу: востры сюжэт і моцны пазасістэмны (што нетыпова для тагачаснага белліту) беларускі герой-патрыёт. Плюс дзіўнае, нягледзячы на змрочна-трагічна-крывавыя падзеі ў рамане і неадназначны хэпі-энд (зло не згінула, а перамясцілася на іншую пляцоўку), адчуванне перамогі і аптымізму…
Па сутнасці, у рамане аказаліся найбольш поўна выкладзеныя і асабістая пазіцыя, і асабісты вопыт, і асабістая воля аўтара. Мы мусім перамагаць, нягледзячы на ўсе неспрыяльныя абставіны!
***
У 1999-м Някляеў вымушана аказваецца ў эміграцыі. “Крыніцу” ў традыцыйным для яе кірунку працягвае весці Ала Канапелька. Але тое ўжо, на жаль, пачатак канца адметнага часопіса…
Былыя калегі па “Маладосці” на чале з Далідовічам дапамагаюць Станкевічу выдаць у бібліятэчцы часопіса (№8(146) за 2000 г.) зборнік “Армагедон-1895” (п’есы і кінасцэнарый). Спробу паставіць паводле яго п’есу “Шэва” здзяйсняе Мазырскі драмтэатр; яна заканчваецца трагічна для выканаўцы адной з галоўных роляў.
На два гарады
З прычыны хваробы маці на мяжы тысячагоддзяў Станкевіч ізноў пачынае ездзіць на работу з Барысава. Потым, каб даглядаць ляжачую Раісу Антонаўну, застаецца ў Барысаве бязвыезна.
Часопіс “Крыніца”, атрымаўшы новага галоўрэда Вячаслава Дашкевіча, паспявае змясціць на сваёй апошняй старонцы яго аптымістычнае слова пра планы і перспектывы, пасля чаго хутка спыняе існаванне.
І Станкевіч канцэнтруецца амаль выключна на творчасці. З рэгулярнымі паездкамі па справах і да жонкі ў Мінск. Ды чарговыя раманы “Ліст у галактыку “Млечны Шлях” і “Пятая цэнтурыя, трыццаць другі катрэн” і блізка не дацягваюць да “Любіць ноч…” па ўвазе і павазе да іх.
Больш удалым – прынамсі больш адметным – становіцца супольны праект пісьменніка з мастаком Алесем Пушкіным – “Сатырыкон Юрыя Станкевіча”. У кніжачцы – пяць саркастычных апавяданняў, напісаныя нашым героем у розныя гады, аздобленыя вольнай творчасцю Пушкіна. Кнігу не надта заўважылі, але, як на мяне, ёсць у ёй немалая разынка для пэўнай катэгорыі беларусаў (да якой і я сябе адношу). Рэкамендую!
Пасля адноснай няўдачы з апошнімі раманамі, Станкевіч, як і Васіль Быкаў, вяртаецца да больш адпаведных для сябе аповесцяў і апавяданняў. Зборнік “Мільярд удараў” (“Галіяфы”, 2008) становіцца апошняй у біяграфіі пісьменніка кнігай, якая атрымлівае больш-менш заўважны станоўчы рэзананс.
Пазнейшыя кнігі Станкевіча: “Паўночны вецер”, “Шал”, “Бесапатам” – магчыма яшчэ чакаюць асэнсаванага прачытання. Станоўчага рэзанансу на іх як бы і няма, прынамсі, не заўважна. Як і літпрэмій за іх.
“У літаратуру прыйшлі неакамсамольцы”, – кажа пісьменнік. І неістотна, з якога яны боку: з “камсой” яму не па дарозе. Рэзанансны артыкул Паўла Севярынца пра культурных марксістаў Станкевіч расцэньвае як слушны, ды мяккі: “Усё яшчэ горш”.
***
Ужо больш за дзесяцігоддзе пісьменнік Юры Станкевіч – амаль выключна ў родным горадзе. Яго маці Раіса Антонаўна памерла ў 2011-м, не дажыўшы некалькіх месяцаў да 90 гадоў. А ў Барысаў да мужа перабралася настала жонка Ала.
Падбіццё вынікаў
Мала хто ведае, што апроч прозы ёсць у Станкевіча і паэзія. Але кніг яго паэзіі няма.
Закрыты для інтэрв’ю і раскрыцця падрабязнасцяў асабістага жыцця жывы класік прапаноўвае нам пазнаёміцца з яго біяграфіяй праз некалькі сваіх аповесцяў: “Песню пра Леніна”, “Сезонныя гульні ў футбол”, “Партрэт выпускніка на фоне “адлігі”, “Паўночны вецер для спелых пладоў”… Ды і іншыя яго творы яскрава сведчаць пра аўтара.
Нядаўняя апытанка сярод беларускіх літаратурных крытыкаў увяла раман Станкевіча “Любіць ноч – права пацукоў” у топ-50 беларускіх мастацкіх кніг за 500 гадоў. Два выданні (рэдкая на сёння рэч) вытрымала антыўтопія пісьменніка “П’яўка”.
“У Беларусі, каб рэалізавацца трэба жыць доўга”. Пажадаем жа самаму брутальнаму і самаму сувораму з таго пакалення беларускіх пісьменнікаў Юрыю Станкевічу паспяхова перамагчы хваробы і болькі, напоўніцу рэалізаваць творчае натхненне і закладзены ў ім патэнцыял! “Дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся” – і хай яго барысаўскія карані, яго родная зямля яго гояць і сілкуюць і лекуюць. Мы ж яго цэнім і паважаем. Сто гадоў!
Андрэй Мельнікаў, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”