Юры Станкевіч (ён жа Георгі Васільевіч Харытановіч) – асоба для беларускай літаратуры да непрыняцця цэльная і цяжкая. І жыццём, і творчасцю ён даводзіць неабавязковасць віхляць і ўлічваць якія заўгодна, апроч уласнай, генеральныя лініі.
21 студзеня 2020-га Станкевічу спаўняецца 75 гадоў – класічны паўтарачны юбілей, калі зважаць на зыходнік гэтага панятку.
З тае нагоды далей ідзе тэкст і пра самога Георгія Васільевіча, і пра яго брутальную, непрывабную для многіх, але тым не менш шмат каму цікавую ды гаючую “нятленку”.
Нараджэнне. Як Харытановіч быў запісаны Станкевічам
Станкевіч – дзявочае прозвішча маці пісьменніка, Раісы Антонаўны. Калі ёй было 20, тое ж прозвішча насіў галоўны беларус Барысава – бургамістр Станіслаў Станкевіч, выхадзец са славутай Станкевічамі (“кнігаром”, “спадаром” і “святаром”) заходнебеларускай вёскі Арляняты, родны пляменнік “спадара” – Яна Станкевіча, шматплённага беларускага гісторыка, мовазнаўцы, публіцыста і палітычнага дзеяча, арганізатара і аўтара (разам з Маісеем Гітліным) перакладу самай поўнай для беларусаў (77 кніг) царкоўнай “Бібліі”.
Праз два гады мужа Раісы Васіля Харытановіча забралі ў барысаўскую турму за “измену Родине” савецкія “вызваліцелі”. На свабодзе яго больш не бачылі, бачылі ў Карлагу, дзе ён, імаверна, і загінуў. Рэабілітацыя яго так аніколі і не адбылася. Сын Васіля і Раісы Георгій нарадзіўся праз некалькі месяцаў – 21 студзеня 1945-га. І маці зарэгістравала яго пад сваім прозвішчам.
Бацькоўскую хату спалілі падчас таго ж “вызвалення”. І ранак жыцця будучага пісьменніка прайшоў у шматлюдным бараку барысаўскага раёна Козі Рог, непадалёк ад левабярэжнага прытоку ракі Бярэзіна – Схі. Барак насялялі пераважна свежыя прыхадні з Усходу, прывілеяй якіх перад мясцовымі было тое, што іх біяграфіі не абцяжарваліся “знаходжаннем на акупаванай тэрыторыі”. І ў суседзях, і ў раёне квітнелі п’янкі, панажоўшчына, бойкі, гульня ў карты… Паваенны Барысаў сам па сабе быў горадам крымінальным, а раён Козі Рог лічыўся, бадай, самым злачынным у Барысаве.
У сваім пакойчыку ў бараку Станкевічы жылі ўчатырох: дзед Антон, бабуля Ірына, маці Раіса і Георгій. Ратавала сям’ю швейная машынка “Зінгер”. На ёй шыла бабуля Ірына, з таго з’яўляліся грошы на пражытак. Але спаць даводзілася на падлозе, нярэдкім госцем быў голад.
Праз некалькі гадоў дзеду Антону ўдалося атрымаць зямельны надзел крыху ніжэй ад Казінага Рога па рацэ Сха. Там з дапамогай пратэстанцкай (!) пры ўласным паходжанні Станкевічаў з грэка-каталікоў грамады іх сям’я збудавала дом, куды перабралася з барака і дзе пісьменнік жыве дасёння.
Прыступкі самастойнасці
Дзед Антон не пражыў доўга. Неўзабаве Георгію давялося застацца адзіным мужчынам у доме, узяць на сябе клопат пра ўсё, што патрабавалася ад мужчыны.
Каб годна выжыць, патрэбныя былі валявыя якасці, накачаныя цягліцы і ўменне біцца. Тое стымулявала ўвагу і прыхільнасць да спорту, замацавалася настала ў жыцці будучага пісьменніка, а ў далейшым стала абавязковым у станоўчых герояў яго кніг. Улетку Георгі пасвіў быдла ў недалёкай ад Барысава вёсцы, адкуль паходзіла яго хросная маці, астатнія сезоны прысвячаў гораду з уласнай хатай, невялікім падворкам і садам. Шмат чытаў, самаадукоўваўся ў тым, што можна назваць гуманітарным кірункам.
Пасля 9 класа вучобу юнак працягнуў у вячэрняй школе. А ўдзень працаваў на дзяржаву. Цяслярыў, бляхарыў, мулярыў, працаваў грузчыкам… Пэўны час быў настройшчыкам піяніна на славутай сваім брэндам “Беларусь” фабрыцы. Для неабазнаных: струны піяніна таксама часам ірвуцца і траўмуюць тых, хто з імі неахайны, а таўшчыня іх значна большая, чым у самых буйных гітарных…
Рабочая біяграфія і “хрушчоўская адліга” аказаліся дарэчнымі козырамі для працягу адукацыі. Георгі стаў студэнтам журфака БДУ, па размеркаванні трапіў у раёнку роднага Барысава.
Прыступкі супрацьстаяння і крыніцы натхнення
У савецкую эпоху ў савецкім горадзе ў савецкай газеце можна было і не любіць савецкую ўладу. Але праяўляць тое трэба было таленавіта – каб вакольныя, апроч такіх жа, як ты сам, не здагадваліся. Здзеклівы гумар твораў Станкевіча – з той эпохі, многім у цяперашніх пакаленнях не зразумелы і не смешны. Мне, з пакалення, на 20 гадоў маладзейшага за нашага геро,я ён падаецца даволі светлым, а ў тых рэаліях – выратавальным.
Спартовы, з накачанымі цягліцамі, мажны (у пэўны час сягнуўшы вагі ў 147 кг), разумны і тутэйшы Георгі Станкевіч выглядаў неблагой кандыдатурай для дробнага кар’ернага росту і сярэдняга начальніцкага крэсла ў Барысаве. Але ўпарта не жадаў выслужвацца, прагінацца перад сістэмай. З абедзвюх журналісцкіх пагрозаў – стаць алкаголікам ці скончаным цынікам – неяк прамінуў абодва мэйнстрымныя варыянты, застаўся для кіраўніцтва нязручным чалавекам, якога няма за якія матузкі цягнуць, каб скарыстаць.
З гадамі раздражненне Станкевічам у райгазеце толькі ўзрастала. Ён заставаўся несістэмным профі, які ігнараваў савецкія правілы гульні. І шмат пісаў апроч сваіх непасрэдных журналісцкіх абавязкаў, “у стол”.
***
У свае журналісцка-барысаўскія часы Станкевіч ажаніўся ўпершыню. Яго абранніца насіла імя Ларыса. У маладой сям’і нарадзіўся сын Юрый.
У тым, што ў далейшым крытыкі звязалі імя Юрыя Станкевіча-старэйшага з падлеткавай літаратурай, ёсць і заслуга Юрыя-малодшага. Безумоўна, бацька хацеў, каб сын вырас годным чалавекам і меў увагу ды павагу да бацькавых словаў. А для таго і кніжкі трэба было пісаць цікавыя сыну…
“Брамнік заўжды самотны”, але ён у камандзе. І добра, калі твая сям’я – твая асноўная каманда.
Цяпер Юры Станкевіч-малодшы працуе ў Барысаве лекарам.
Андрэй Мельнікаў, budzma.by
Суворы Станкевіч (Заканчэнне)
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”