«Свой удзел ужо пацвердзілі дыяспары з Прагі і Лондана»: 21 лютага ў Варшаўскім універсітэце пройдзе «Беларуская дыктоўка»

Арфаграфічны конкурс прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. Праверыць свае веды запрашае кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Зарэгістравацца на падзею можна да 16 лютага, аднак арганізатары папярэджваюць: колькасць месцаў абмежаваная, варта паспяшацца. Зрэшты, напісаць дыктоўку, тэкст якой прачытае Аліна Коўшык, можна будзе і анлайн.


Якія падарункі атрымаюць лаўрэаты і што паўтарыць напярэдадні іспыту, нам распавяла ініцыятар падзеі, кандыдат філалагічных навук Вольга Трацяк.

01.jpg
 Выкладчыцы кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Вольга Трацяк. Крыніца — Радыё Ўнэт.

— На Міжнародны дзень роднай мовы нам хацелася аб’яднаць усіх беларусаў свету. Таму мы зрабілі дыктоўку ў гібрыдным фармаце, каб далучыцца можна было і анлайн. Тэкст для самастойнай праверкі мы пасля апублікуем на нашай старонцы. Свой удзел ужо пацвердзілі дыяспары з Прагі і Лондану, з некаторых куткоў ЗША, Канады. Cтацыянарана ж паўдзельнічаць у конкурсе змогуць толькі 60 асоб. Прыемна, што людзі не чакаюць і не раздумваюць. У першыя ж 2 гадзіны пасля адкрыцця рэгістрацыі мы атрымалі некалькі заявак.

«Нашую дыктоўку мы ладзім сумесна з Беларускім домам у Варшаве і Беларускім моладзевым хабам», — падкрэслівае Вольга Трацяк і дадае, што ідэя конкурсу была і ў тым, каб кафедра стала пляцоўкай, якая яднае самыя розныя арганізацыі і ініцыятывы.

02.jpg
 Крыніца — фэйсбук Кафедры беларусістыкі ВУ

Правяраць работы будуць выкладчыкі і студэнты кафедры. Удзельнікі ж дыктоўкі падчас праверкі змогуць паслухаць лекцыю Ядвігі Казлоўскай-Доды. Прафесар Люблінскага ўніверсітэта распавядзе пра моўныя канцэпты і іх уплыў на нашае жыццё. «Тэма важная і вельмі актуальная», — упэўнена Вольга Трацяк.

— Я лічу, што гэта дасканалая нагода, каб яшчэ раз гучна сказаць пра праблему беларускай мовы ў свеце. У 2007 годзе са статыстыкі ЮНЭСКА вынікала, што калі з нашых школ зліквідаваць беларускую мову, то хутчэй за ўсё ў бліжэйшыя 10-20 гадоў яна б знікла. Іншая праблема сённяшняя. Большасць беларусаў не размаўляе на сваёй роднай мове. Але змянілася перспектыва тых, хто па розных прычынах знаходзіцца ў эміграцыі. Людзі бачаць, што мова — гэта вельмі важны складнік для нацыянальнай тоеснасці кожнага чалавека.

— Магчыма, і тэкст дыктоўкі будзе на адпаведную тэму?

— Гэта будзе ўрывак з беларускай класікі. Не прымеркаваны да нейкай канкрэтнай тэмы, але вельмі сімвалічны. Думаю, удзельнікі зразумеюць наш выбар.

— Якія прызы атрымаюць пераможцы?

— Паколькі наш конкурс мы ладзім сумесна з рознымі арганізацыямі, прызы будуць таксама «ў складчыну». Але магу сказаць, што мы са свайго боку падрыхтавалі вельмі каштоўны падарунак — беларуска-польскі слоўнік, які выдала наша кафедра.

— Спадарыня Вольга, а як можна падрыхтавацца да дыктоўкі?

— Гэта арфаграфічны конкурс. Рыхтавацца трэба па падручніках сучаснай беларускай мовы. Напэўна, варта паўтарыць правапіс вялікай і малой літары, правапіс складаных слоў, сінтаксіс складаных сказаў. І ўвогуле нагадаць сабе правілы арфаграфіі і пунктуацыі.

«Беларуская дыктоўка» з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы пройдзе 21 лютага па адрасе вул. Добра, 55, зала 1.110, пачатак — 17:30.

Каб прыняць удзел у конкурсе, трэба запоўніць анкету па спасылцы (колькасць месцаў абмежаваная). Заяўкі прымаюцца да 16 лютага. За падрабязнасцямі можна сачыць на афіцыйнай старонцы кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Чытайце яшчэ: Анлайн-дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы


Паліна Часноўская, Budzma.org