Свята музыкі ў горадзе пад варожым абстрэлам. Сёння адкрываецца Харкаўскі музычны фестываль

26.03.2022 Музыка

Фестываль Kharkiv Music Fest павінен быў праходзіць у выдатнай вялікай зале Харкаўскай філармоніі з канцэртам піяніста Лукаса Дэбарга, піша на сваёй стронцы ў Facebook беларускі дырыжор і мастацкі кіраўнік Харкаўскага музычнага фестывалю Віталь Алексяёнак. 


85.jpg

«Але замест гэтага вуліцы Харкава ператварылі ў поле бою, нашых патэнцыйных гледачоў ператварылі ў бежанцаў, а цудоўную філармонію разам з іншымі будынкамі горада спрабуюць ператварыць у руіны. Аднак наш фестываль пра волю. Жаданне мяняцца да лепшага, развіваць мясцовую культуру і грамадзянскую супольнасць. Менавіта дзякуючы волі некалькіх неабыякавых людзей гэты фестываль з’явіўся 5 год таму. І менавіта гэтую волю ў нас не адабраць», — напісаў Віталь.

«Таму зараз, у гэтыя хвіліны, у Харкаве адбудзецца адкрыццё нашага фестывалю. 

Паколькі рускім бомбам пляваць на прыгажосць, адкрыццё фестывалю адбудзецца не ў вялікай зале філармоніі, а ў падполлі. А праз некалькі гадзін канцэрт паўторыцца ў адным з бамбасховішчаў.

Людзі жывуць у абодвух месцах ужо шмат тыдняў. На гэты раз да музыкантаў прыйдуць не гледачы, а музыканты да гледачоў. Бо музыка можа даць так шмат — надзею, суцяшэнне, падтрымку. І жаданне перамагчы».