Святлана Алексіевіч: «Няшчасная краіна, якой патрэбны героі»

Беларуская пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч дала інтэрв’ю рускай службе BBC News, дзе расказала, як з’яжджала з Беларусі, працавала над кнігай «Чарнобыльская малітва», і чаму лічыць, што цяперашнюю ідэю гераізму неабходна перагледзець. Тэкст паводле відэа запісала «Салідарнасць».


Святлана Алексіевіч. Фота Яўгена Ерчака

Аб 2020-м і эміграцыі

— У 2020 годзе беларусы падняліся супраць дыктатуры, была спроба рэвалюцыі. Але ўсё ж Лукашэнка здолеў перамагчы нас, бо яму дапамагала Расія. І я была, як у нас да гэтага часу яшчэ кажуць, інтэлігенцыяй, якая была разам з народам, — узгадвае Алексіевіч. — Нават «была» ў Каардынацыйнай Радзе.

Было відаць, як уздоўж майго дома ішлі сотні тысяч людзей.

Было адчуванне, што гэта нейкі іншы мой народ, такога я не ведала. Мне здавалася, што ён ніколі не падымецца. А ён падняўся.

Гэта было вельмі моцнае пачуццё. А калі на наступны дзень я апынулася ў натоўпе гэтых людзей — гэта было адно з моцных пачуццяў, якое я адчула.

Я адчувала тады надзею, хоць зараз зразумела, якімі мы былі рамантыкамі. Пачалі арыштоўваць сябраў КС, і сталі тэлефанаваць мне ў дзверы. Пра гэта даведаліся дыпламаты. Яны потым усе (каля 20 чалавек) уначы разам з жонкамі дзяжурылі ў мяне два тыдні. Стала зразумела, што мне трэба з’яжджаць, са мной ехала намеснік нямецкага амбасадара. І толькі дзякуючы ёй, я думаю, удалося перайсці мяжу. Нас трымалі там каля гадзіны.

Мне амаль нічога не ўдалося з сабой узяць. Не думала, што з’еду так надоўга. Я была ў першай эміграцыі, калі толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, 10 год. Мне падавалася, што больш я ўжо не змагу жыць не ў Беларусі.

Я зараз не адчуваю сябе самотна. Ёсць праца, сустрэчы, музыка, прырода. Ёсць шмат рэчаў, якія могуць дапамагаць, але ёсць і шмат рэчаў, без якіх цяжка жыць. Доўга тлумачыць, але можна змясціць у адно слова — Беларусь. Вельмі прыгожая краіна. І мне падабаюцца нашыя людзі.

Аб ідэі гераізму

— Я лічу, што час перагледзець ідэю гераізму. Ва ўсякім разе ў тым выглядзе, у якім яна існуе ў нашай культуры. Напрыклад, многія нашыя палітвязні павінны падпісаць прашэнне аб памілаванні, яны адмаўляюцца гэта рабіць, знаходзячыся ў пастцы гераізму, якая ў нас заўсёды была.

Я лічу, што жыццё вышэй за гэтую паперку, вышэй за прашэнне ў дыктатара. Трэба застацца жывым. Выйсці да дзяцей, каханых жанчын... Я лічу, што жыццё вышэй за ўсё.

Я не хачу забраць нейкі сімвалізм у людзей, якіх называюць героямі. Але няшчасная краіна, якой патрэбны героі. Я хачу, каб яны былі героямі, але жывымі.

Пісьменніцу спыталі, як яна ставіцца да ўчынку Мікалая Статкевіча, які адмовіўся з’язджаць з Беларусі, калі яго вызвалілі са зняволення і спрабавалі прымусова дэпартаваць.

— Учынак Мікалая Статкевіча — гэта зноў да тэорыі гераізму. Гэта ягоны погляд на жыццё, ягоная форма супраціву. Гэта моцны прыгожы чалавек. Але мне хацелася б, каб ён быў жывы.

Аб тым, як пісала кнігу, прысвечаную аварыі на Чарнобыльскай АЭС

— Нават там, дзе жылі мае бацькі, маці пачала слепнуць, і я яе забрала з тых мясцін. Гэта былі радыеактыўныя вёскі. Так што ўсё было і са мною.

Калі я ездзіла і размаўляла з людзьмі, яны ж жылі там, у гэтай зоне. І я была з імі. Калі яны частавалі, я ела.

Я не магла, як гэта рабілі заходнія журналісты, паслухаць усе гэтыя страшныя апавяданні, а потым, калі запрашаюць да стала, есці свой бутэрброд. Я выхавана ў іншай культуры. Гэта была рызыка. Потым я захварэла. Але што зробіш, трэба плаціць за шматлікае.