
— Вядома, я нічагуткі ня ведала пра гісторыю Беларусі. Проста калі ў 1991 годзе прынялі сьцяг і герб, калі абвясьцілі ўрачыстым голасам пра незалежнасьць, у мяне быццам аскепкі прачытанага і ўбачанага склаліся ў мазаіку. Нейкія сярэднявечныя намёкі з Багдановічавых вершаў, “Пагоня”, старыя манахі, замкі. Карціна сталася цэльнай: краіна, гісторыя, культура, мова гэтай краіны. І я ў ёй.
***
Я нарадзіліся ў тыповай беларускй вёсцы, сярод людзей з натуральнай прастанароднай беларускай мовай. У школе пра гісторыю Беларусі казалі ў кантэксьце вайны ды крыху рэвалюцыі. Каштоўнасьць мовы і старадаўняй гісторыі не акцэнтавалася.
Найцікавайшай рэччу для мяне былі кнігі і прырода. І мае сямейнікі. У мяне была вельмі харызматычная бабка, якая па-беларуску гаварыла мудрэй за Коласа. Мама вучыла ў школе – мову і літаратуру. Было шмат нашых кніжак: Пысін, Караткевіч, Танк, Чорны… Я ўсё гэта чытала, тым больш, што савецкія кніжкі ў мясцовых бібліятэках былі ну зусім нягодныя.
Аднак мая мама, як бальшыня беларусаў, хацела для дачкі лепшай долі. Чаго ты будзеш маяцца зь беларускай мовай. Вучы расейскую, яна запалоніць сьвет, — сказалі яны мне з дырэктаркаю. Я паверыла і пайшла на расейскае аддзяленьне.
У Менску мне было файна з маёй новай мовай і нацыянальнасьцяй. Рушчына мне ня муляла, мне трэба было разабрацца, што гэта за штука такая — Менск. Ніхто па-беларуску не гаворыць, як мама і казала, і курсу да трэцяга гэта мяне пачало няслаба раздражняць. Я пазнаёмілася зь дяўчатамі і хлопцамі зь беларускага аддзяленьня. У адрозьненьне ад рускага беларускае аддзяленьне біла сваёй жыцьцёвасьцю. Яны былі больш грубыя, рэзкія, жывыя і сапраўдныя. І навучылі мяне піць і гуляць. Лаяцца. Хадзіць на мітынгі.
Так што калі першы раз спрабавалі закрыць “Народную газэту”, мы зь сяброўкаю намалявалі плякат і сталі каля Вярхоўнага Савету. Потым самі знайшлі БНФ і ўступілі ў яго. Мы тады былі адзіныя беларускія маладыя партыйкі
на ўвесь Менск. І хадзілі клеіць улёткі з 60-гадовымі мужчынамі і жанчынамі. І зараз мы зь імі здароўкаемся на вуліцах.
А культурна-мэнтальнае мы самі сабе рабілі. Мне хацелася, каб рушчыны было менш, а беларушчыны больш. Адначасна, думала я, стане больш свабоды і культуры. Я дагэтуль так думаю. Колькі людзей гавораць у побыце расейскай, але робяць беларускія рэчы, Аляксандар Кулінковіч, напрыклад. Колькі самі ня могуць перайсьці на беларускую мову дзеля пэўных псыхалягічных праблемаў, але аддаюць дзяцей у беларускія клясы, купляюць ім беларускія кніжкі.
Такая сытуацыя. Я думала, як сябе адчувае чалавек, народжаны ў нармальных умовах, калі ня трэба адмаўляць ці выбіраць сваю нацыянальнасьць.
***
Пра праект “Як я стаў беларусам”
Сьвятлана Курс (псэўданім Ева Вежнавец), нарадзілася ў в. Загальле Любаньскага раёну, пісьменьніца