Грамадская кльтурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” плённа працуюць нават у святочны час – ладзяць натхняльныя сустрэчы з творчымі асобамі.
Так, 27 снежня ў бібліятэку імя Багушэвіча завіталі вучні пачатковых класаў суседняй школы і патрапілі на выступ тэатрыка “Лямцавая батлейка” , які у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” пры падтрымцы “Саюза беларускіх пісьменнікаў” паказаў спектакль “Мама Му, Крумкач і Каляды”, паводле кніг шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр.
Акторкі разам з дзеткамі ўзгадалі адмысловыя беларускія назвы, высвятлялі да каго падобна Мама Му, калі можна адкрываць святочныя падарункі, слухалі вершык Мамы Му і запальвалі гірлянды. Было весела і ўтульна.
Скончылася ўсе майстар-класам. Усе перайшлі ў чытальню, уладкаваліся за сталамі і размалявалі цудоўныя паштовачкі “З Калядамі!” ад Мамы Му і Крумкача. Лепшы падарунак – падарунак, зроблены сваімі рукамі!
Наступным днём, 28 снежня ў дзіцячай бібліятэцы №14 пры падтрымцы “Будзьма беларусамі!” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў” адбылася прэзентацыя кнігі пісьменніка, рэжысёра, драматурга, акцёра Васіля Дранько-Майсюка. Дзеткі пачатковай школы былі проста ў захапленні. Вось ужо другі раз спадар Васіль прыходзіць на госці ў гэтую ўтульную бібліятэку, і штораз сустрэча з ім – гэта сапраўдны цуд: забаўляльная гульня, жывы, поўны гумару і весялосці, крэатыў!
Спадар Васіль вельмі цікава і неардынарна пачаў свой выступ. Пачаў з таго, што галоўным героем яго кнігі “Таямніцы нашага садка”, з’яўляецца хлопчык Васіль – прататып самога аўтара. Падзеі, якія апісваюцца тут, – гэта звычайныя будні Васіля і яго сяброў падчас знаходжання ў дзіцячым садку. Асаблівыя прыгоды здараюцца з дзецьмі, калі тыя ўдзень кладуцца спаць… Напрыклад, многія дзеці не хацелі спаць у ціхую гадзіну, бо ім часта сніліся жахі. Жудасныя Цені Чах-Чахі пужалі дзяцей…У хлопчыка Васіля нарэшце з’явіўся новы сябра – цацка Панда, якая вымаўляла чароўныя гукі: “Р-ры-р-ра-р-ру-р-рэ!”. Яна і ўратавала ўсіх ад гэтых жахаў.
Або іншыя здарэнні. У тым дзіцячым садку была дзяўчынка Маша, якая ўяўляла сябе Прынцэсай, што жыве ў вежы. Маша марыла пра сапраўднае жыццё ў замку і часта з кубікаў будавала сабе высокую вежу. За гэта яе астатнія дзеці часта дражнілі, асабліва, калі Машына вежа бурылася, яе называлі: “Маша-плакса”. І вось аднойчы Маша на паперы намалявала Оню, якая неўзабаве ажыла і пасялілася жыць у вежы. Аднойчы з садка зніклі Галінка і Змітрок, якія часта крыўдзілі Машу. Гэта справа рук Оні. Усё часцей сталі знікаць дзеці… Аказваецца Оня, якую прыдумала Маша, забірала дзяцей да сябе, муравала іх у вежы, спрабуючы знішчыць усіх Машыных “ворагаў”. Маша аказалася зусім адна: астатнія дзеці ўсе зніклі. І тады дзяўчынка вырашае знішчыць Оню, каб вярнуць гоман, гульні і дзіцячы смех.
І яшчэ шмат цікавых ды незвычайных гісторый распавядаў госць сваім маленькім гледачам-слухачам. Хлопчыкі і дзяўчынкі часта пазнавалі ў героях кнігі саміх сябе ці сваіх сяброў і яны самі раілі выступоўцу, як выпутацца з той ці іншай сітуацыі.
29 снежня ў Гародні адбылося спатканне з героямі шведскага мастака і пісьменніка Свэна Нурдквіста. Сустрэча, якая сабрала каля 50 чалавек: дзяцей і дарослых, прайшла, дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі” і “Саюзу беларускіх пісьменнікаў”. Вясёлая імпрэза праходзіла ў “Цэнтры гарадскога жыцця”, а вялі яе пісьменнік і журналіст Аляксей Шэін ды стваральніца праекту “Альтанка для чытанкі” Таццяна Крыцкая.
У святочны час Раства ўсе, хто прыйшоў на сустрэчу, паслухалі гісторыі пра Пэтсана і Фіндуса з кніжак “Мітусня ў агародзе” і “Час пеўня”, паўдзельнічалі ў віктарыне і атрымалі памятныя падаруначкі ад “Будзьма беларусамі!”. А затым кожны змог зрабіць самаробку з папяровага кубачка – гэта быў герой кніжкі Свэна Нурдквіста, коцік Фіндус, які спрабуе злавіць свой хвост.
А спектакль “Мама Му, Крумкач і Каляды” працягвае свае “гастролі” і пасля навагодніх святаў. 3 студзеня ўжо новага, 2019 года ў бібліятэку № 13 завіталі дзеткі з матулямі, каб патрапіць на выступ тэатрыка “Лямцавая батлейка”.
Напачатку гледачы ўзгадалі (а некаторыя і даведаліся), што азначаюць па-беларуску розныя словы і выразы. А потым пачалося: Мама Му ўяўляла сябе трусікам, Крумкач палохаўся землятруса, цёценька згубіла свой смочак, ялінка заззяла – свята адбылося! Пасля выступу гледачы падыходзілі са словамі падзякі і акторкам Вераніцы Фаміной і Наталлі Леванавай, і кампазітару – Леаніду Паўленку, які напісаў музыку да спектакля.
P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!