Святы хлеб

Хлеб заўжды быў сакральнай ежай. Да яго ставіліся як да ўвасаблення дабра і лічылі за вельмі дзейсны абярэг ад злых сілаў. Асабліва гэта датычыць хлеба, печанага ў сям’і, гэта значыць рукамі маці альбо жонкі —  жанчын, што ўклалі ў яго ўсю сваю любоў.

У дарогу хлеб бралі не адно дзеля наедку: ён гарантаваў вандроўніку бяспеку. Важную ролю ён адыгрываў падчас выбару месца пад будаўніцтва новай хаты: месца лічылася добрым, калі хлеб, пакладзены па чатырох баках свету, праз ноч заставаўся некранутым. Бохан хлеба насілі ў якасці дарунка да святых камянёў і крыніц (прошчаў). Крошкі хлеба кідалі ў вадаёмы, каб не патапілася скаціна. Хлеб з закручанымі ў яго валасамі і пазногцямі служыў платай Лесавіку за пазбаўленне ад хваробаў. Хлеб, печаны з мукі, змолатай на вадзяным млыне на Купалле, не даваў чалавеку патануць цягам усяго года. Падчас пажару вакол хаты абносілі бохан, пасля чаго яго кідалі ў агонь, каб полымя суцішылася. За цудадзейную ўважалі ваду, у якой жанчына мыла рукі пасля замешвання цеста, ці тую, якой абмывалі гарачы хлеб.

Хлеб выкарыстоўвалі ў абрадах падчас некаторых каляндарных святаў.

На Агату (18 лютага) на Валожыншчыне асвячалі хлеб з уторкнутымі дробкамі солі. Лічылі, што ён “памоцны” карове, і натыкалі ёй на рогі, “каб сурокаў не баялася”. Гэты хлеб цягам года захоўвалі ў хаце, каб засцерагчыся ад пажару. Яго кідалі ў полымя, каб патушыць пажар, альбо ў чыстае поле, каб туды скіраваў вецер.

Веснавы Юр’я (6 траўня) —  адно з самых урачыстых святаў гадавога кола беларусаў у гонар заступніка жывёлы і гаспадаркі. Ён сімвалізуе сапраўдны пачатак вясны:

Юр’я Бога клікала:
— Да падай, Божа, ключыкі
Адамкнуці зямліцу
Да выпусціці травіцу.
Да на буйна жыта,
Да на цёпла лета,
Да на волікі ярмачко,
Да на кароўкі малачко.

Адначасова Юр’я называлі і валадаром ваўкоў. У народзе ўяўлялі, што ён едзе на белым кані і замыкае пашчы дзікім звярам, пасля чаго тыя менш нападаюць на скаціну. Да гэтага дня прымяркоўвалі першы выган свойскай жывёлы ў поле. Напярэдадні ўвечары ўпершыню выводзілі на начлег коней. Астатні статак намагаліся выгнаць на золку, на цудадзейную “юр’еву расу”. Перад выганам тройчы абыходзілі яго з запаленай грамнічнай свечкай, абносілі хлебам з соллю на велікодным ручніку, абкурвалі купальскімі зёлкамі, сцёбалі асвечанай на Вербніцу вярбінкай. На парог хлява клалі сімвалічныя абярэгі: яйка (каб каровы былі круглыя і поўныя), замкнуты замок (каб замкнуць ваўкам зубы), ніты кроснаў (ад укусу змяі), сякеру (каб абараніць ад нячыстай сілы), пояс ці жменю выцягнутай са страхі саломы (каб скаціна трымалася свайго дома), бязмен (каб жывёла прыбаўляла ў вазе). На Магілёўшчыне жывёле скормлівалі лусту хлеба, з якой тройчы абыходзілі вакол коміна: “Як печ стаіць на месцы, так і штоб скацінка хадзіла на месца”.

Таксама ў гэты дзень адбываўся абрад агледзін нівы. Для яго напярэдадні выпякалі адмысловы каравай —  увасабленне леташняга ўраджаю. Гаспадар загортваў каравай у абрус, клаў у бярозавы кашэль і выпраўляўся на поле. Абыходзіў усе свае палеткі. На жытнім загоне клаў яго сярод руні: калі каравай хаваўся ў жыце, казалі, што яно сёлета будзе ўдалае. Пасля вяртаўся дадому ўжо са “святым хлебам”, які спажывалі ўсе сямейнікі за святочным сталом.

У іншых рэгіёнах агледзіны нівы адбываліся больш урачыста, удзел брала ўся вёска. Дасёння на Тураўшчыне захаваўся старажытны абрад, які мае назву Юраўскі карагод. Ён называецца таксама Тураўскім, паводле месца, дзе быў упершыню запісаны даследчыкамі ў 1886 годзе.

Каравай, які называюць “карагод”, пякуць старэйшыя жанчыны вёскі разам з дзяўчынкамі-падлеткамі напярэдадні свята. Упрыгожваюць кветкамі, вяночкамі, як на вяселле. Кладуць яго на века ад дзежкі, пасыпанае жытнёвым зернем. Назаўтра нясуць каравай праз усё сяло да поля, дзе пасеяная азіміна. Трымае хлеб старэйшы паважаны мужчына —  “ваявода”.

Шэсце пачынаюць дзяўчаты, якія трымаюць на руках вышываны ручнік. За імі хлопцы нясуць пяціпрамянёвую зорку, следам —  ваявода з караваем. За ім нясуць прычэплены на граблі зялёны фартух. Потым, шэрагам, —  астатнія ўдзельнікі свята.

На поле заходзяць праз “вароты” з гэтага фартуху (кожная жанчына пры гэтым вядзе за руку дзяўчыну). Ніве аддаюць “даніну”: закопваюць у зямлю лусту караваю, упрыгожаную стужкай. Жанчыны з дзяўчатамі водзяць карагод вакол тых, хто трымае атрыбуты абраду, і спяваюць:

Благаславі, божа, 
Вясну красну пеці
На ціхае лета,
На буйнае жыта.
Каб наша жыта
У трубы павілося,
У трубы павілося,
Набок схілілося.
На полі снапамі,
А ў гумне тарпамі,
У арудзе прысыпна,
А ў млыне прымолна,
А ў дзяжы падходна,
А ў пячы пячыста,
А на стале краіста. 

З поля выходзяць таксама праз “вароты” з фартуха, але ён ужо чырвонага колеру: жанчыны прынялі ў свой гурт дзяўчат, якія ўпершыню бралі ўдзел у абрадзе. Карагод рушыць па вёсцы з песнямі, “валачыцца”, і ў кожным двары ладзяць маленькі карагодзік.

Ёсць у нашым календары адмысловае хлебнае свята —  Хлебны Спас: “Спас —  досыць хлеба ў нас”. Ён вядомы таксама як Малы, Арэхавы альбо Трэці, бо ёсць апошнім пасля Мядовага (Макавей, 14 жніўня) і Яблычнага (Вялікага, 19 жніўня) Спасаў. Хлебны спас святкуецца 29 жніўня, а напярэдадні яго —  Спажа: “Спажа —  хлебу дзяжа”. Пасля Першага Спаса пачынаецца двухтыднёвы пост, празваны “спасаўка-ласаўка” дзякуючы новаму ўраджаю. Вялікі Спас адзначае мяжу паміж летнім і восеньскім цыклам работ у полі.

На Хлебны Спас выпякалі хлеб толькі з мукі новага ўраджаю і частавалі “божых людзей” —  бедных, хворых. У шматлікіх рэгіёнах Беларусі менавіта ў гэты дзень ладзілі дажынкі — свята заканчэння жніва, а таксама “хлебную” талаку.

Падчас вячэры на Дзяды хлеб ламалі, пакуль ён быў гарачым, бо верылі, што душы продкаў жывяцца парай ад яго і страваў на стале.

У ваколіцах Мёраў на Восеньскія Дзяды бытаваў цікавы звычай: загадзя рашчынялі “дзядоўскі” хлеб і на другі дзень выпякалі столькі боханаў, колькі налічылі “дзядоў”. У заможных сем’ях выпякалі вялікія боханы, а ў бедных —  “бондачкі”, велічынёй з кулак.

На Каляды на Любаншчыне была такая завядзёнка: калі на небе поўня, на ноч на падваконне, пад месячнае святло, клалі адмысловую булачку. Яна выпякалася такім чынам: перад тым як пасадзіць у печ бохан хлеба на ім пальцам крэмзалі крыжык, потым гэты крыжык на невялікім кавалку цеста здымалі з бохана і выпякалі асобна. Назаўтра гэтую булачку дзялілі паміж усімі сямейнікамі, давалі жывёле —  на здароўе і спор.

Алесь Прышывалка, кіраўнік праекта ŽORNY