Звычай памінання дзядоў (продкаў) на Беларусі мае рэгіянальныя асаблівасці. Усяго ў народным календары ад 3 да 7 дзён на працягу гадавога кола, калі напярэдадні таго ці іншага свята памінаюць сямейнай трапезай памерлых свайго роду. На поўначы гатуюць на Дзяды і памінкі ў асноўным 3 стравы — куццю, грыбную поліўку і клёцкі з душамі, а ў некаторых вёсках — ад 7 да 11 абрадавых страў. На поўдні, прыкладна, на Тураўшчыне (мікрарэгіён Усходняга Палесся)— абавязкова 12 страў. Да таго ж, тут памінаюць мужчын свайго роду ў пятніцу поснай вячэрай, якую называюць Дзеды (на мясцовай гаворцы націск на першым складзе), а ў суботу ладзяць скаромны абед і памінаюць памерлых сваякоў-жанчын — Бабы. Акрамя гэтага, ёсць і іншыя звычаі, характэрныя толькі для гэтага рэгіёна. Зрабіць фотарэпартаж падрыхтоўкі да Дзядоў і Баб, самога рытуалу памінання нам дазволіла сям’я Кацярыны Аляксееўны Панчэня з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.
Як і ўсюды ў Беларусі, перад Міхайлаўскімі Дзядамі і Бабамі прыбіраюць у хатах і знадворку, гатуюць традыцыйныя стравы. Гэтыя дні — адзіныя памінальныя дні ўвосень на Тураўшчыне. Іх спраўляюць менавіта ў бліжэйшую пятніцу і суботу перад Міхайлам (21 лістапада). Сын Кацярыны Аляксееўны Васіль адпраўляецца на рыбалку па рыбу да Дзядоў, а таксама на паляванне — каб згатаваць мясныя стравы да Баб. Унукі Дзяніс і Міша дапамагаюць па гаспадарцы. Нявестка Наталля закупляе прадукты, асабліва малочныя, бо ў Пагосце ўжо ніхто не трымае кароў. Малочныя прадукты абавязкова павінны быць на Бабы, бо жанчына корміць дзяцей сваім малаком. У гэтыя дні на стале — сакральныя прадукты і стравы, якія маюць сімвалічнае значэнне. Гэта хлеб, які пячэцца свежым і абавязкова круглым, бліны або пампушкі — таксама круглыя, як сонца, яны прызначаны на ахвяраванне душам продкаў. Грыбы — ад зямлі, дзе пахаваныя іх целы. Мёд — каб мёртвым было соладка на тым свеце. З такой жа мэтай на памінкі, Дзяды і Бабы свечку тут ставяць у шклянку з цукрам.
Каліну на зіму запасаюць у кожнай хаце. Гэтае дрэва мае тры традыцыйных колеры, як бы тры этапы жыцця жанчыны: белы колер кветак — яе росквіт і адыход ад свайго роду падчас вяселля, чырвоны колер ягад — педыяд, калі яна нараджае і працягвае род свайго мужа, чорны колер ствала каліны звязаны з зямлёй і каранямі роду. На Дзяды ягады каліны вараць у гаршку з мукой — страва называецца калінаўнік. Рыбу ядуць, каб быць багатымі і пладавітымі. Каша ў гаршку — сімвал сям’і, яе на ўсе сямейныя ўрачыстасці ядуць апошняй і кажуць: “Пасля кашы няма пашы” (яна завяршае любое застолле). Таму традыцыйную куццю палешукі замяняюць спецыяльнай стравай, з якой пачынаецца памінанне, — яна называецца “кануна”. Гэта посныя каржы, якія ламаюць і заліваюць салодкай вадой з мёдам. Абавязкова стараюцца падаваць гарачыя стравы, бо лічаць, што душы продкаў харчуюцца парай і мізернай колькасцю страў.
Меню з 12 посных страў, прыгатаванае ў сям’і Панчэняў на вячэру ў пятніцу да Дзядоў: кануна, посны боршч з грыбамі, гародніна, цэлая бульба (тут кажуць “картоплі”), фаршыраваная грыбамі, рыба смажаная і “надзіваная” (фаршыраваны шчупак), рыбныя катлеты, грыбы салёныя, грыбы, смажаныя на алеях з цыбуляю, прасяная каша з алеямі (каша з пшаняных круп), пампушкі з варэннем або чарніцамі, калінаўнік.
Меню, прыгатаванае у суботні абед на Бабы, таксама з 12 страў: кануна, боршч з мясам, грыбы смажаныя на сале, катлеты мясныя, яешня з каўбасой, пампушкі са смятанай і тварагом, цвёрды сыр, гародніна, локшына з малаком, прасяная каша з салам, кампот, кісель.
Правілы паводзін за памінальным сталом строгія: ядуць моўчкі, няспешна, гавораць толькі пра памерлых продкаў, успамінаюць іх жыццё, каб перадаць гэтыя звесткі маладому пакаленню. Свечку запальвае гаспадар, а малітву чытае і кліча душы продкаў старэйшы ў сям’і. Дзядоў клічуць у вакно ля покуці прыкладна так: “Святыя дзяды, ляціце сюды! Ешце, пейце з намі, вячэрайце, што мы для вас прыгатавалі”. Баб запрашаюць на абед словамі: “Бабу, мамо, ідзеце да нас абедаць, усіх з сабой вядзіце, а дзяцей на руках нясіце!”. Старэйшы ўстае з-за стала першым. Свечку трэба загасіць лыжкай. Выправоджваючы душы продкаў, ліюць пад стол ваду. Калі падчас памінальнай вячэры або абеда ў хату заходзіць нехта з суседзяў, запрашаюць іх разам памянуць продкаў.
Рэшткі страў, якія адклалі ў міску для дзядоў і баб і адлілі ад напояў, якімі паміналі, кідаюць на страху, каб з’елі птушкі. Птушкі лічацца медыятарамі паміж светам жывых і светам памерлых. Некаторыя нясуць на могілкі. А калі ў сям’і ёсць родзічы, якія ўтапіліся, пасля памінання ў суботу нясуць дзядоўскую міску на раку і кідаюць памінальныя стравы ў ваду. У сям’і Кацярыны Аляксееўны патануў сын Анатоль, ратуючы свайго малодшага сына. Абодва загінулі, таму на кожныя памінальныя дні яна нясе на ваду дзядоўскую міску. Усяго ў Пагосце 4 памінальных Дзядоў і Баб. Трое посных памінальных Дзядоў працягу года — Міхайлаўскія, перад Вялікім постам і перад Тройцай. Скаромныя Дзяды толькі на Радаўніцу. А Бабы заўсёды скаромныя. Памінананне продкаў — звычай архаічны, сімвалічны, скіраваны на захаванне памяці свайго роду, перадачы звестак пра іх наступным пакаленням.
Рэгіна ГАМЗОВІЧ.
Фотарэпартаж Аляксея СТАЛЯРОВА