Сямігоддзе праекта “Тузін Гітоў”. Інтэрвію з стваральнікамі

15.10.2010 Музыка

tuzin

12 кастрычніка музычны інтэрнэт-партал Тузін Гітоў адзначыў сваё сямігоддзе. «Праект “Тузін Гітоў” – унікальная і вельмі своечасовая з’ява. Ён з’явіўся менавіта тады, калі беларускамоўнай музыцы была неабходная падтрымка, магчымасць давесці яе да вялікай аўдыторыі», – кажа эксперт Вячаслаў Радзівонаў. Гісторыю яго ўзнікнення і развіцця нам распавялі каардынатар праекту Сяргей Будкін і выдавец Вецер Механічны.

Распавядзіце пра гісторыю ўзнікнення праекту…

Вецер Механічны (ВМ): З гэтай ідэяй да мяне прыйшоў Сяргей Будкін, гэтая ідэя належала яму. У той час ён працаваў у “Нашай Ніве”, і праект планаваўся як адгалінаванне ад “Нашай Нівы”. Фактычна, калі мы ўжо рыхтавалі праект, мы рабілі яго самі, без удзелу “Нашай Нівы”, бо стала зразумела, што ён жыццяздольны сам па сабе.

Сяргей Будкін (СБ): Ідэя праекту паўстала ў годзе 2002-ім. Паколькі нічога падобнага да нас не было, і як паказала практыка, пасля нас. Ніша была абсалютна пустая, трэба было яе запоўніць і абудзіць яшчэ большую цікавасць да беларускай музыкі. Таму ўжо на наступны год і паўстаў гэты праект у выглядзе інтэрнэт-парталу, дзе можна было ўбачыць і музычная навіны, так і ўласны хіт-парад, які перыядычна аднаўляўся. Заснавальнікаў праекту фактычна тры чалавекі: Вецер Механічны, які з’яўляецца выдаўцом нашага парталу, Аляксей Мінчонак, які напачатку браў актыўны ўдзел у стварэнні парталу, і натуральна, я сам. Пасля далучыўся яшчэ RWD, без якога праца партала немагчымая, які з’яўляецца тэхнічным рэдактарам. Гэтая каманда па сутнасці і ёсць «Тузін Гітоў». На жаль, крызіс музычных журналістаў пачаўся ад часу стварэння нашага парталу, таму годных журналістаў да нас не далучылася.

Чаго дасягнуў праект за сем гадоў?

ВМ: Дасягненне тое, што праект яшчэ жывы, у тых умовах, у якіх мы яго рабілі і робім – гэта дасягненне. Вельмі шмат праектаў стваралася паралельна разам з намі і пасля нас, фактычна, ніхто з іх не дажыў да сённяшняга дня.

СБ: Дасягненні Тузіна Гітоў можна падзяліць на рэальныя і віртуальныя. Тое, што прыходзіць да розуму адразу, гэта дасягненні ў рэальнай прасторы. Калі з дапамогай Тузіна Гітоў прайшоў канцэрт памяці Анатоля Сыса ў чырвоным касцёле, і дзякуючы яму былі сабраныя сродкі для помніка. Таксама да рэальных дасягненняў можна аднесці пяць мультымедыйных дыскаў з галоўнымі песнямі года, кожны з якіх выходзіць раз на год, на жаль у гэтым годзе дыска, відаць што, не будзе. Гэта падтрымка беларускіх выканаўцаў, спадзяюся, шмат хто з іх можа сказаць, што Тузін ім у нечым дапамог. Прынамсі, колькасць зваротаў да песень з кожным годам расце ў фантастычнай прагрэсіі. Да ўсяго, гэта створаная намі віртуальная зала славы, дзе мы перыядычна ўводзім герояў мінулых і сучасных. Супольны праект з кампаніяй «Будзьма Беларусамі» – Тузін «Перазагрузка», калі топавыя выканаўцы, беларусы, але не спяваюць па-беларуску, у рэшце пераспявалі свае хіты па-беларуску. Гэта сталася пэўным прарывам як і для іх саміх, так і для беларускай музыкі. Ну і сам хіт-парад – гэта наша асноўнае дасягненне, няспыннае, рэйтынг актуальных беларускіх песень.

Якую мэту ставіць перад сабой праект?

СБ: Мэту мы намінальна адразу заклалі – гэта прыцягненне ўвагі да працэсаў, якія адбываюцца ў беларускай музычнай прасторы. І гэтая мэта застаецца нашай генеральнай.

Колькасць песень у нашым mp3-каталогу набліжацца да тысячы. Гэта песні удзельнікаў хіт-параду, залы славы і проста mp3-прэзентацыі.

ВМ: Мы рабілі тое, што нам цікава, цікава зараз. Нам цікава прапаганда дадзенага сегменту музыкі. Як прапаганда для Беларусі, а таксама, як паказала статыстыка (мэтай мы гэта не ставілі), вельмі шмат наведнікаў з іншых краін. Магчыма, гэта часткова беларуская дыяспара, часткова гэта ўвогуле прэзентацыя краіны, бо ў нас зроблены пісьменны навігатар па-польску, па-ангельску, нават па-шведску.

Якія планы ў Тузіна на будучыню?

СБ: Ад першага дня ў нас дастаткова глабальных планаў, калі яшчэ не было моды на you tube, мы тады ўжо меркавалі запусціць відэа-сэрвіс, каб наведвальнікі больш актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні яго зместу. Натуральна, што гэта Re-дызайн, павелічэнне функцый і раздзелаў сайта. Але абяцаць нешта не магу, бо над гэтым працуюць тры чалавекі ў асабісты час. Пра астатнія планы лепей не казаць, а рабіць пакрысе і казаць пра дасягненні.

Колькі музычных адзінак прайшло праз праект за сем гадоў?

ВМ: Праз праект прайшло больш за 100 гуртоў і больш за 500 песень праз хіт-парад. Гэта дазваляе нам мець адну з самых вялікіх легальных бясплатных інтэрнэт-бібліятэк, нідзе больш такога няма.

Якія пажаданні з нагоды Дня Народзінаў?

ВМ: З нагоды дня народзінаў хачу пажадаць, каб мы мелі больш людзей, якія хацелі б нам дапамагаць і рабіць яго лепей, бо зараз праект фактычна трымаецца на Сяргею і RWD. Мы адкрытыя да самых розных прапановаў.

Незалежную адзнаку праекту «Тузін Гітоў» выказаў эксперт Вячаслаў Радзівонаў.

Якія значныя дасягненні праекта можна вылучыць?

За гэты час сотні выканаўцаў змаглі прадставіць свае творы, а сотні тысяч чалавек – з імі пазнаёміцца. Шмат хто ўвогуле ўпершыню даведаўся, што музыка на беларускай мове існуе і можа быць такой разнастайнай і цікавай. Шмат для каго з музыкаў гэта стала штуршком для таго, каб пісаць песні па-беларуску, не баючыся таго, што іх ніхто ніколі не пачуе. ТГ – зараз адно з найбольш папулярных музычных выданняў у краіне.

Дайце прагноз на будучыню Тузіна Гітоў…

Сваю місію праект выканаў і працягвае выконваць. Але гэтая місія вузка спецыялізаваная, і пераарыентавацца праекту будзе цяжка. Між іншым, мне падаецца, праект яшчэ не выйшаў на максімальную вышыню і за кошт эксперыментаў з фарматам, з новымі ідэямі можа стаць яшчэ больш папулярным і ўплывовым.

У сваю чаргу, кампанія “Будзьма Беларусамі!” віншуе калегаў з гэтай значнай датай і жадае ўсяго найлепшага і творчых поспехаў!