Як маладым вырашыць “кватэрнае пытанне” ў ХІІ стагоддзі? Якія небяспекі хаваліся сярод вузкіх драўляных вулачак менскага пасаду? На што менчукі ў тыя часы хварэлі, што пілі і як лячыліся? Працягваем гісторыю ўжо пасталелых Неціміра і Мілаславы, што перайшлі на новы этап свайго жыцця.
Пасля вяселля ў канцы жніўня перад маладымі стала заканамернае пытанне: што далей? Міласлава спачатку пераехала да Неціміра, але ж там… дыхаць няма чым. Усе разам: бацька, маці, дзве малодшыя сястры Неціміра, якія яшчэ цешацца радасцямі бесклапотнага дзяцінства. Галоўны абавязак дзяўчатак пакуль – даглядаць, карміць і прычэсваць нямоглую бабулю, якая моўчкі сядзіць у куце, час ад часу вяжучы ваўняныя шкарпэткі. Спачатку Міласлава нават баялася старую, якая часцяком нядобра глядзела ў яе бок, забываючыся, што гэта за дзяўчо і скуль яно ўзялося ў хаце.
…У пяцісценку, дзе жыла сям’я, тым вечарам вісеў чад ад печкі-каменкі, на стале стаялі збанкі з наваранымі буракамі, грыбамі, аўсянай кашай. Побач – гарлачык з самаробным півам. За сталом сядзеў Неціміраў бацька разам з кавалём, тым самым, што збіраў мужчынаў з завулка ў паход на Слуцак колькі месяцаў таму. Маці Неціміра завіхалася ля печкі, падносячы то адно, то другое. Мужчыны, здаецца, пра ўсё ўжо пагутарылі, таму сядзелі, пацягваючы час ад часу піва, якое закусвалі хлебам ды грыбамі.
Бацькаў план быў просты: дамовіцца з кавалём, каб той пайшоў у княскі церам і папрасіў зямлі ды драўніны, каб паставіць маладым хату. Хату трэба было ставіць не тут, унутры гарадскіх валоў, дзе ўжо і яблыку няма дзе ўпасці, а на новым месцы – на пасадзе. Сёння гэта раён вуліцы Кірыла і Мяфодзія ля плошчы Свабоды, а ў ХІІ ст. – “элітны прыгарад”, дзе дыхаць вальней, чым на задушлівым замчышчы. Галоўнае – паспець да халадоў.
Забудова Менскага замчышча ХІІ–ХІІІ стагоддзяў. Рэканструкцыя Э.М. Загарульскага
Міласлава вярталася з гарода, што за гарадскімі сценамі. Так, цяжарная, і што з таго? Сена заграбаць ці выбіраць буракі трэба ж некаму… Зайшоўшы ў хату, дзяўчына міжволі сустрэлася позіркам з кавалём. Той усміхнуўся, прымружыўшы левае вока: распаласаваны шнарамі твар падаўся яшчэ страшнейшым. Бацька занадта добра ведаў гэтыя агеньчыкі ў дзікаватых кавалёвых вачах – гэта быў чалавек, які любіў, падавалася, адно кроў, жанчынаў і агонь, што ніколі не згасаў у ягонай кузні. Бацька сцяў сківіцы, але змаўчаў: найперш патрэбная хата, таму без каваля нікуды. Дзяўчо расчырванелася і выбегла на двор. Толькі старая бабуля ў куце, падалося, так нічога і не зразумела, занураная ў свой прымроены свет, сатканы з успамінаў мінулага.
Мы ўжо апісвалі вайсковую выправу, купалле, вяселле – усё гэта прыгоды ў жыцці менчукоў ХІІ стагоддзя, якое складалася з няспыннай працы і барацьбы за выжыванне. Гэта барацьба з холадам, вільгаццю, хваробамі, голадам, неўраджаямі і масай іншых фактараў. Гэта барацьба, якая ўрэшце выкрышталізавала наш нацыянальны тып: трывалага чалавека, які не бачыць сябе без працы. Хочаш выжыць? Будзь спрытным, здаровым і працавітым.
Зерне культурных раслін з раскопак Менскага замчышча (1 – пшаніца, 2 – жыта, 3 – ячмень, 4 – каноплі)
Тагачасная праца гараджаніна – гэта не толькі прафесійныя абавязкі (ганчарства, кавальства ці бондарства), але і праца ў полі, жывёлагадоўля, “муніцыпальныя абавязкі” і праца на князя. То бок Нецімір мусіў не толькі накапаць ды замясіць гліну, зрабіць з яе гаршчок, высушыць і абпаліць яго, каб пасля завезці на кірмаш, але яшчэ і:
На пэўных акалічнасцях штодзённасці варта спыніцца асобна.
Менскае замчышча на мапе сучаснага Мінска
Гной, які быў вынікам жыццядзейнасці і людзей, і жывёлаў, накопліваўся на падворках з вялікай хуткасцю. Каналізацыя, прыбіральні і планавы вываз смецця далёка не ў кожным горадзе былі звычайнымі практыкамі. Гной у найлепшым выпадку маглі вывезці на палеткі за горадам у цёплую паравіну года, але збольшага проста пасыпалі пяском ці стружкай – каб менш смярдзела. Так фармаваўся гарадскі культурны слой, добра вядомы нашым сучаснікам-археолагам.
Рэшткі забудовы Менскага замчышча ў працэсе раскопак 1957 года
Фактычна тое ж, што і цяпер, за выключэннем гародніны з Новага свету, да прыезду якой у Беларусь заставалася яшчэ не адно стагоддзе. Жыта, авёс, бабовыя, сачавіца, гарох, проса – так. Таматы, агуркі, бульба – не. Каб заараць кавалак зямлі для зерневых, магло сабрацца некалькі сем’яў, узяць каня ды рушыць у поле. Куры, свінка ці карова маглі стаяць у прыбудовах ля хаты, а на зіму перабірацца ў пяцісценак: там цяплей. Зразумела, што пахі ў хаце стаялі адпаведныя.
Забудова Менскага замчышча ХІІ стагоддзя. Рэканструкцыя Э.М. Загарульскага
Уся плошча Менскага замчышча, што ахоплівала тэрыторыю ад сённяшняга Палаца працоўных рэзерваў да школы №44 на праспекце Пераможцаў, 3а, была забудаваная надзвычай шчыльна. У княскім сегменце, які размяшчаўся на ўзгорку на беразе Свіслачы, было трохі вальней. У дадатак да цеснага суіснавання ў горадзе варта спыніцца на перанаселенасці саміх хатаў, дзе магло жыць некалькі пакаленняў: бацькі, дзеці, старыя. З гэтай прычыны сябрукі Неціміра маглі даведвацца, скуль бяруцца дзеці, нават раней за іхных сённяшніх аднагодак: усё навідавоку.
Такім чынам, у адным пяцісценку магло туліцца чалавек з дзесяць. Сярэдні ўзрост смерці для таго часу вагаўся ад 30-35 да 40-45 у залежнасці ад канкрэтных умоваў. Таму доўга разважаць пра жаніцьбу і працяг роду часу не было: будзеш доўга збірацца – памрэш і не паспееш. Дзіцячая смяротнасць была велізарнай, таму выжывалі наймацнейшыя – самыя трывалыя, носьбіты добрых генаў. Прадстаўнікі прывілеяванага саслоўя, князь, яго сям’я, дружыннікі, святарства маглі пажыць даўжэй за кошт лепшага харчавання і ўмоваў жыцця, калі, канечне, смерць не напаткае іх у ваенным паходзе, на паляванні ці яшчэ дзе.
Інтэр’ер жылога дома на Іенскім замчышчы. Рэканструкцыя Э.М. Загарульскага
Дом гараджаніна таго часу – гэта чатыры сценкі і загародка, якая аддзяляе гаспадарчую частку ад жылой. На Палессі такія хаты захаваліся дагэтуль. У куце печ на паўметра вышынёй, выкладзеная з камянёў і абмазаная глінай, з невялічкім ходам і вусцем. Там можна гатаваць, паставіць гаршчкі, побач – высушыць адзежу ці боты, калі ёсць. Да з’яўлення канструкцыі, вядомай нам як “руская печ”, яшчэ вельмі далёка.
Вытворчасць рамесніка магла мясціцца тут жа, на падворку. Пры гэтым кузня магла быць вынесеная за гарадскія межы праз небяспеку пажару: любая справа, звязаная з агнём, – смяротная пагроза для драўлянага горада, які мог палыхнуць як запалка. Паміж хатай, вытворчымі і гаспадарчымі будынкамі на падворку масцілі драўляныя масткі, каб не насіць гной у хату. Вуліца была таксама вымашчаная дрэвам – так чысцей і зручней.
Рэканструкцыя печы ХІІ стагоддзя (паводле Э.М. Загарульскага)
Канец лета і восень – адносна добры перыяд, калі нашы продкі акурат збіралі ўраджай. У дадатак ёсць арэхі, грыбы, ягады з лесу, рыба з рэчкі. Але частку ўраджаю трэба аддаць князю, іншую частку зберагчы на вясну, каб было, што сеяць. Рэшту размеркаваць на халодны перыяд, каб не памерці з голаду… А вось вясной было ўжо зусім “весела”: тады можна і чоўнік з бяросты з’есці…
Канечне, рацыён залежаў ад сацыяльнага статусу: князі маглі есці нават імпартныя грэцкія арэхі альбо фінікі. Ясна, што і мяса на княскім стале з’яўлялася значна часцей, чым на стале ў бацькоў Неціміра. Адсюль, дарэчы, і папулярнасць ідэі царкоўных пастоў у Старажытнай Русі: пост – добрае апраўданне галоднага жыцця.
Прызба жылога дома
Сярод прыярытэтаў былі піва і медавуха – прадукты браджэння. Піць піва на той момант было бяспечней за ваду: менш шанцаў падчапіць хваробу страўніка. Гарэлкі ці самагону яшчэ не было. Віно – у першую чаргу царкоўны прадукт, але прывазныя віны маглі з’яўляцца і на княскіх застоллях альбо ў коле дружыннікаў. Пра цікавасць да гэтага прадукту на нашых землях сведчаць, у прыватнасці, знаходкі візантыйскіх гліняных амфараў.
«Наўцы б’юць палачан». Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу канца XV стагоддзя
Эпідэміі, натуральна былі. Адна з іх, магчыма, зафіксаваная ў Полацкім княстве пад 1092 годам. У “Радзівілаўскім летапісе” нават захавалася вядомая мініяцюра: “мерцвякі б’юць палачанаў” – імаверна, так летапісец зашыфраваў думку аб нябачнай пагрозе, якая забірае жыцці ў людзей. Але гэта яшчэ не чума, якая будзе прынесеная толькі ў XIV стагоддзі.
Натуральна, што нашыя продкі ўвесь час змагаліся з прастуднымі захворваннямі. Уявіце, што ў перыяд “восень-зіма-вясна” у вас заўсёды мокрыя ногі. Мокрыя скураныя боты, мокрыя поршні (кавалак скуры, які кладзецца па назе і замацоўваецца матузком), мокрыя ваўняныя шкарпэткі. Усё гэта ад лістапада, а мо і ад сярэдзіны верасня, сушылася ў хаце ля маленькай печачкі. Адсюль і галоўная праблема: перманентная барацьба з вільгаццю і холадам.
Гліняны посуд з раскопак Менскага замчышча
Лазні ў старадаўніх насельнікаў Русі апісаныя рознымі пісьмовымі крыніцамі: візантыйскімі, арабскімі, мясцовымі летапісцамі. Навошта патрэбная лазня? Варта памятаць, што гэта не столькі спосаб пабавіць час, колькі санітарная мера і выдатная прафілактыка захворванняў, найперш прастудных.
Наколькі пашыранымі лазні былі на нашых землях у тыя часы? Да канца невядома. З іншага боку, колькі там той зімы? Можна і пачакаць. Жыхары некаторых рэгіёнаў Палесся, прыкладам, дазналіся пра лазні адно пасля Другой сусветнай… А ўлетку ёсць рэчка побач – праблема знятая.
Вось такое перанаселенае і бруднае “вільготнае пекла”, дзе над табой яшчэ і князь стаіць… Чаму ж тады людзі працягвалі сцякацца ў гарады, а не жылі паасобку? Жыць на выселках, канечне, можна, але таксама рызыкоўна. Калі ў гарадах працаваў закон і хоць які, але парадак, то чым далей ты знаходзішся ад адміністратыўных цэнтраў – тым больш безабаронным робішся. Да цябе могуць прыйсці, усё забраць, і ніхто пасля нікога нават шукаць не будзе. Быў чалавек і няма чалавека. У дадатак, жывучы ў горадзе, ты можаш гандляваць альбо зрабіць сабе кар’еру, выслужыўшыся ў князя.
Макет сядзібы на Менскім замчышчы. Вучэбная лабараторыя музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ. Фота В.А. Макоўскай
***
Бацькаў план спрацаваў: каваль дамовіўся і пра кавалак зямлі на пасадзе, і пра мінулагоднюю драўніну, якая была адкладзеная папярэдне на будоўлю ўмацаванняў валу. Зухаваты ён, каваль, можа пакрыўдзіць суседа, а можа дапамагчы. Але заплаціць бацьку ўсё ж давялося: на тое пайшоў апошні адрэз срэбнай шыйнай грыўні. Так ён сабе і распланаваў: палову – папу за службу вясельную, палову – кавалю.
Хату будавалі талакой: сабраліся ўсім завулкам і паставілі. У новы зруб, дзе яшчэ смачна пахла драўнінай, Нецімір з Мілаславай заехалі ў канцы кастрычніка: паспелі да маразоў. Добра хоць посуд купляць не давялося: усё бацька на пару з Нецімірам зрабілі – са свайго маладыя будуць есці, роднымі рукамі зробленага. Галоўнае цяпер – перажыць зіму, нарадзіць, дацягнуць да лета, а там ужо ці ў лесе нешта вырасце, ці на гародзе, ды і гандаль пачнецца – кірмашы, дзе Нецімір будзе гандляваць ужо самастойна.
Міласлава нарадзіла ў сярэдзіне сакавіка, калі на чорную заледзянелую глебу падворка хаты, перакроеную масточкам ад дома да вуліцы, яшчэ клаліся лёгкія, нібы пер’е, сняжынкі. Паколькі ад працы цяжарнасць не вызваляла, так дзеўка і нараджала: несла вядро з вадой, выпусціла, за жывот схапілася, паклікалі цётку Давыдзіху, што была за павітуху і… хлопчык! Васілём назвалі.
З горам і бядою сям’я перажыла маразы. Але вось ужо і шэрая котка Маладзіца, якую першай запусцілі ў хату паўгода таму, мружыць вочы ў праменях ласкавага веснавога сонейка, і блакіт неба з пасмамі срэбных аблокаў усё часцей адбіваецца ў Свіслачы, і дзень робіцца даўжэйшым… Ператрывалі! А значыць, жыццё пачынаецца зноў.
Мікалай Плавінскі, Алесь Кіркевіч,
малюнкі – Кацярына Фурс