Сяргей Будкін: Усе дзеянні беларускіх творцаў, дзе б яны ні былі, скіраваныя на адну агульную культурніцкую прастору

19.12.2024 Культура

Кіраўнік Беларускай Рады культуры кажа, што «галоўны вынік 2024 года — гэта тое, што з беларускай культурай усё ў парадку, наколькі можа быць у парадку з усімі намі». Беларускую культуру «не замяцеш пад плінтус, не забароніш, ёй не пакіруеш з аніякага боку».


siarhei_budkin_brc.jpg
Сяргей Будкін. Фота: БРК

Падводзячы вынікі 2024 года, арт-менеджэр, кіраўнік БРК Сяргей Будкін падкрэслівае, што падзеі і факты беларускага культурнага жыцця (і ўнутры Беларусі і па-за яе межамі) усё ж такі дазваляюць «глядзець аптымістычна». «Рыторыка на тэму „ўсё кепска, усе дэматываваныя і ўсё разбурана“ падаецца мне не вельмі блізкай», — кажа Сяргей Будкін.

«Безумоўна, у нашай сітуацыі трэба разумець, што ўсе дзеянні нашых творцаў, дзе б яны не знаходзіліся, накіраваныя на адну культурніцкую прастору. Прастора ў нас адна, краіна ў нас адна, агульная — важна пра гэта казаць. Гэта наша асноўная думка», — падкрэслівае ён.

Задача Беларускай Рады культуры, паводле Сяргея Будкіна, пошук рэсурсаў на культурніцкую дзейнасць: «важна спрыяць з’яўленню новых ідэяў, падтрымліваць дзейнасць новых супольнасцяў, якія паўстаюць і могуць гарантаваць нейкае развіццё ці прынамсі хоць нейкае захаванне таго напрацаванага за чатыры гады разбурэнняў».

Пры гэтым, «недзе пра палову таго, што робіцца, мы не можам ні расказваць, ні паказваць — гэта звязана з бяспекай беларускіх творцаў».

Што атрымалася?

Сяргей Будкін вылучае сярод дасягненняў года першы выпуск Школы арт-менеджменту, на які падаліся каля 60 чалавек, а дыпломы атрымалі 17.

Праекты, якія ёсць «мадэлямі фінансавання культурных ініцыятыў з боку прыватных донараў. Сярод іх праект «Беларускія магістраты» і «Клуб беларускіх мецэнатаў», якія паступова разгортваюцца.

«Безумоўна, застаецца важнай дзейнасць кірунка экстрэннай дапамогі. Назаву таксама праект „Васьміног“, які даў жыццё многім адукацыйным ініцыятывам», — сказаў кіраўнік БРК.

Флагманскім жа праектам ён называе ініцыятыву ArtPower Belarus, якую БРК рабіла цягам года разам з Дацкім інстытутам культуры.

Сярод падтрыманых ArtPower Belarus праектаў у тэатральнай сферы Будкін называе пастаноўку вольных купалаўцаў «Зэкамерон», пастаноўку тэатральнай школы Razam па кнізе Вольгі Вялічкі «Мая мама ў турме», спектакль па апавяданнях Вольгі Гапеевай «Сумны суп» ад тэатра «Прыехалі».

У кіно і каля кіно падтрымана 14 праектаў. З найбольш вядомых — цыкл культуролага Максіма Жбанкова, прысвечаны 100-годдзю беларускага кіно; дакументальны фільм пра мастака Уладзіміра Цэслера, серыя паказаў клуба «КінаКола» ў Варшаве.

У музычнай сферы «хацеў бы сказаць пра адзін альбом вельмі вядомага гурта, пра які не можна сказаць». Сярод тых, пра якія можна казаць, Будкін назваў запіс альбома «Пазначаны жоўтым», прысвечанага палітвязням.

У літаратуры ArtPower Belarus падтрымаў выхад поўнай версіі кнігі Майсея Кульбака «Зелменяне», прэзентацыю кнігі Вольгі Вялічкі «Мая мама ў турме», YouTube-канал Андрэя Хадановіча, тур выдаўцоў і пісьменнікаў па краінах Балтыі і Польшчы.

У арт-сферы падтрымалі «праект-прысвячэнне Алесю Пушкіну, зараз запрацаваў адмысловы сайт, дзе збіраецца ўсё, што можна, каб паказаць шматграннасць асобы Алеся, такая, можна сказаць, фэн-старонка».

Падтрымана 11 праектаў у сферы «Фальклор і захаванне спадчыны».

Сяргей Будкін паведаміў, што працяг ArtPower Belarus будзе: «Еўракамісія зацікаўленая ў падтрымцы праекта надалей. Вынікамі засталіся задаволеныя. Недзе ўвесну пачнем працу па ArtPower Belarus-2. Там будуць новаўвядзенні, раскажам пра іх адмыслова пазней».

Асобныя артыкулы з вынікамі і прагнозамі па розных мастацкіх сферах чытайце на «Будзьма беларусамі!» пазней.

Рыгор Сапежынскі, budzma. org

Чытайце яшчэ: 

Даследаванне беларускага культурнага поля: стагнацыя, адыход ад траўматычных тэм, ажыўленне (уяўнае?) у Беларусі